КАРМЕЛІ́ТЫ,

манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)