СІ́МПСАН (Simpson),

пустыня ў цэнтр. ч. Аўстраліі. Пл. каля 300 тыс. км². Паверхня пераважна пясчаная з паралельнымі градамі даўж. да 250 км, выш. да 30 м, якія распасціраюцца ў паўн.-зах. кірунку пануючых вятроў; на ПдУ — пясчана-галечнікавая, на З — камяністая, каля берагоў воз. Эйр — гліністая. Сярэдняя т-ра студз. 28—30 °C, ліп. 12—15 °C. Ападкаў да 130 мм за год. Багатая падземнымі водамі. Рэдкая расліннасць з акацый і эўкаліптаў; дзернавінны злак спініфекс. Нац. парк Сімпсан-Дэзерт. Названа імем прэзідэнта геагр. т-ва Аўстраліі.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАКУНЫ́, павукі-скакуны (Salticidae),

сямейства павукоў. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Трапляюцца на глебе, дрэвах, у траве і інш. На Беларусі каля 15 відаў.

Даўж. цела 2—9 мм. Покрыва шчыльнае, часта стракатае і ярка афарбаванае, асабліва ў самцоў. Галавагрудзі спераду прыўзнятыя. ззаду сплюшчаныя. Вочы размешчаны ў 3 рады, у пярэднім — 4 вокі, у задніх — па 2. Актыўныя ўдзень. Характэрны т.зв. «шлюбныя танцы». Кормяцца насякомымі. На здабычу скачуць, перамяшчаюцца скачкамі (адсюль назва).

Скакуны (павукі): 1 — геліяфанус энеус; 2 — еліяфанус купрэус; 3 — эрыс трыкалор: 4 — фіяле флавагугатус.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭ́ТА, негрыта,

група плямёнаў, карэннае насельніцтва Філіпінаў. Каля 40 тыс. чал. (1987). Антрапалаг. тып негрытоскі. Гавораць на мове інданезійскага адгалінавання. Захоўваюць традыц. вераванні.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЕФ (франц. bief),

частка вадаёма, ракі або канала, размешчаная каля воданапорнага збудавання (плаціны, шлюза) вышэй па цячэнні (верхні б’еф) або ніжэй (ніжні б’еф).

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НКЕ,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр каля 20 км, адлегласць ад Юпітэра 20,7 млн. км. Перыяд абарачэння 617 сут. Адкрыў С.​Нікалсан (1951; ЗША).

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЙДА-ФІЁРД (Breiðafjörður),

заліў Атлантычнага ак. каля берагоў Ісландыі. Даўж. 124 км, шыр. 72 км, глыб. 50—100 м. Парты — Сандур і Стыкісхоўльмур.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКУЛІ́,

бел. ўрадавая рэзідэнцыя ў Белавежскай пушчы каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. 8.12.1991 у Віскулі падпісаны Белавежскія пагадненні 1991.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),

заліў Атлантычнага ак., каля ўсх. ўзбярэжжа ЗША. Даўж. 55 км. Глыб. да 93 м. Прылівы паўсутачныя (да 1,8 м). Порт Бостан.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РДЗЕ-КАНА́Л (Noordzee kanaal),

Амстэрдамскі канал. У Нідэрландах, злучае г. Амстэрдам з Паўночным м. (каля порта Эймёйдэн). Даўж. 23 км, глыб. 15 м.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́НЦІМ,

ням. Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн. чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр. СССР. У Асвенціме дзейнічала падп. арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр. б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)