біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1997 з мэтай аховы прыродных комплексаў Палесся. Пл. 9283 га. Хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы, астраўныя ельнікі. Балоты. Журавіннікі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: венерын чаравічак, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая (чарамша), купальнік горны, грыб-баран; у воз. Белае рэліктавыя лабелія Дортмана і палушнік азёрны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНО́ЛІЯ (Magnolia),
род кветкавых раслінсям. магноліевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Амерыцы. Культывуецца больш за 15 відаў (лістападныя ва ўмераных, вечназялёныя ў трапічных і субтрапічных зонах).
Дрэвы і кусты з простым, часам буйным (да 1 м) лісцем. Лісце мае ў сабе алкалоіды, эфірны алей і гліказіды. Кветкі верхавінкавыя, адзіночныя, двухполыя. Плод — спіральная шматлістоўка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЦЬБА́,
выбіранне насення (або пладоў) з каласоў, мяцёлак, кошыкаў, струкоў, галовак, катахоў раслін; заключная аперацыя ўборкі збожжавых і інш.с.-г. культур. Бывае адзінарнай і падвойнай (пры адна- і двухразовым прапусканні масы ўраджаю праз малацільнае ўстройства). Праводзяць камбайнамі і малатарнямі (у полі ці на таку) разам з ачысткай і звычайна сумяшчаюць з сартаваннем, а пры прамым (аднафазным) камбайнаванні — са жнівом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],
расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНАЕ ДРЭ́ВА (Sapindus),
род кветкавых раслінсям. сапіндавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі і Амерыкі. Культывуюць у тропіках і субтропіках Для атрымання сапанінаў.
Вечназялёныя ці лістападныя дрэвы. Лісце чаргаванае, перыстае. Кветкі ў мяцёлчатым суквецці. Плады багатыя сапанінамі (да 38%) і выкарыстоўваюцца як заменнік мыла. Часам М.д. наз. кёльрэйтэрыю мяцёлчатую (дрэва таго ж сям.), мае сапаніны ў кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЕ́Я (Nonea),
род кветкавых раслінсям. агурочнікавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і часткова ў Еўропе. На Беларусі Н. руская (N. rossica) трапляецца ўздоўж дарог, на пустках, чыг. насыпах.
Адна- і шматгадовыя травы. Сцёблы прамастойныя ці ўзыходныя, галінастыя, залозістаапушаныя. Лісце вузкае, лінейна-ланцэтнае або падоўжанае. Кветкі правільныя, белыя, жоўтыя, фіялетавыя або чырванаватыя ў завітках, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,
генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЫНКАВА́ННЕ,
выдаленне бакавых парасткаў (пасынкаў), якія вырастаюць з пазух лісця надземнай часткі галоўнага сцябла. Пасынкі ў памідора, тытуню выдаляюць пры даўжыні 5—10 см, у сланечніка, кукурузы — 10—15 см. У насеннікаў капусты выдаляюць парасткі вегетатыўныя і з паўторным цвіценнем, у морквы — кветкавыя парасонікі 2—3-га парадку. Узмацняе прыток пажыўных рэчываў да асн. органаў раслін, паскарае выспяванне пладоў і насення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКЦІ́НЫ, пекцінавыя рэчывы,
кіслыя поліцукрыды расліннага паходжання. Ёсць у сценках клетак, міжклетачным рэчыве, клетачным соку раслін; назапашваюцца ў сакавітых пладах і караняплодах. Аснова малекулы П. — полігалактуронавая к-та. Найб. значэнне мае пекцін, які дае студні ў насычаным (65—70%) растворы цукру пры наяўнасці арган.к-т. Атрымліваюць П. з яблыкаў, скуркі цытрусавых пладоў і інш. Выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́ЗЫ,
простыя цукры, у малекуле якіх 5 атамаў вугляроду (C5H10O5).
Бясколерныя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры. П. — арабіноза і ксілоза ўваходзяць у склад гліказідаў і поліцукрыдаў раслін, камедзяў, слізей, сапанінаў; рыбоза і 2-дэзоксірыбоза — у склад нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Рыбоза таксама прымае ўдзел у біясінтэзе нуклеатыдаў, пентозафасфатным цыкле, з’яўляецца прамежкавым прадуктам фотасінтэзу.