род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст.н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).
Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам А — карацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.
Літ.:
Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;
Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.