ВЭ́ЙДЭН (Weyden) Рагір ван дэр (каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),
нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. Урэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯХІ́Р (Columba palumbus),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), уПаўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, увял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1 падвід уЧырв. кнізе МСАП.
Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДЭЛЬБЕРГ, Гейдэльберг (Heidelberg),
горад у Германіі на Пн зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Прыстань на р. Некар, паблізу ад яе ўпадзення ў Рэйн. 108,8 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкабудаванне, вытв-сцьпаліграф. і хірург. абсталявання, эл.-тэхн., фармацэўтычная, тытунёвая, гарбарная. Выдавецтвы. АН. Гайдэльбергскі універсітэт. Замак курфюрстаў (13—17 ст.), інш.арх. помнікі 15—18 ст. Каля Гайдэльберга ў 1907 знойдзены рэшткі выкапнёвага, т.зв.гейдэльбергскага чалавека. Турызм.
Узнік на месцы стараж.рым. ўмацавання. У дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1196, з 1225 уладанне Вітэльсбахаў, пазней сталіца Рэйнскага Пфальца. У 1386 засн. першы на ням. землях ун-т. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны войскамі Каталіцкай лігі і Іспаніі (1622); у 1689 і 1693 разбураны франц. войскамі, сталіца перанесена ў Мангейм (1720). У 1803 адышоў да Бадэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.
2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.
Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас.АН.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК (Drake) Фрэнсіс (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПРО́ЗІЙ (лац. Dysprosium),
Dy, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 66, ат. м. 162,50, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 156, 158, 160—164. У зямной кары 5—10−4% па масе. Адкрыў франц. хімік П.Э.Лекок дэ Буабадран у 1886.
Мяккі серабрыста-белы метал, ніжэй за 1384 °C устойлівы α-Dy (шчыльн. 8559 кг/м³), вышэй пераходзіць у β-Dy (шчыльн. 8660 кг/м³), tпл 1409 °C. У паветры акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі). Узаемадзейнічае з вадой, з мінер. кіслотамі (акрамя плавікавай) утварае солі Dy (III), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі, вугляродам, фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. магнітных сплаваў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 2. С. 66.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СТЭРВЕГ (Diesterweg) Фрыдрых Адольф Вільгельм (29.10.1790, г. Зіген, Германія — 7.7.1866),
ням. педагог-практык. Паслядоўнік І.Г.Песталоці. Вучыўся ва ун-тах у Гайдэльбергу, Гербарне, Цюбінгене ў 1811—20. Выкладаў у гімназіях, узорных школах, наст. семінарыях. У 1827—66 выдаваў пед.час. «Рэйнскія лісткі...». Быў супраць саслоўных і нац. абмежаванняў у галіне адукацыі, канфесійнага навучання і апекі школы царквой. Імкнуўся да аб’яднання ням. настаўніцтва, выступаў за мірнае пераўтварэнне грамадскіх адносін, у якім асн. ролю адводзіў асвеце, падзяляў ідэі агульначалавечага выхавання. Асн. прынцыпамі выхавання лічыў прыродаадпаведнасць, культураадпаведнасць, саманадзейнасць. Распрацаваў дыдактыку развіваючага навучання. Аўтар больш як 20 падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, ням. мове, прыродазнаўстве, геаграфіі, астраноміі, у т. л. вядомай працы «Дапаможнік да адукацыі нямецкіх настаўнікаў» (т. 1—2, 1835). Пед. ідэі Д. зрабілі ўплыў на развіццё адукацыі ў Германіі і пашырыліся за яе межамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС (Davis) Майлс Дзьюі (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),
амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).
Літ.:
Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́Б (Jacob) Макс (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),
французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў уфаш. канцлагеры.