ДЫ́СТЭРВЕГ ((Diesterweg) Фрыдрых Адольф Вільгельм) (29.10.1790, г. Зіген, Германія — 7.7.1866),

ням. педагог-практык. Паслядоўнік І.Г.Песталоці. Вучыўся ва ун-тах у Гайдэльбергу, Гербарне, Цюбінгене ў 1811—20. Выкладаў у гімназіях, узорных школах, наст. семінарыях. У 1827—66 выдаваў пед. час. «Рэйнскія лісткі...». Быў супраць саслоўных і нац. абмежаванняў у галіне адукацыі, канфесійнага навучання і апекі школы царквой. Імкнуўся да аб’яднання ням. настаўніцтва, выступаў за мірнае пераўтварэнне грамадскіх адносін, у якім асн. ролю адводзіў асвеце, падзяляў ідэі агульначалавечага выхавання. Асн. прынцыпамі выхавання лічыў прыродаадпаведнасць, культураадпаведнасць, саманадзейнасць. Распрацаваў дыдактыку развіваючага навучання. Аўтар больш як 20 падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, ням. мове, прыродазнаўстве, геаграфіі, астраноміі, у т. л. вядомай працы «Дапаможнік да адукацыі нямецкіх настаўнікаў» (т. 1—2, 1835). Пед. ідэі Д. зрабілі ўплыў на развіццё адукацыі ў Германіі і пашырыліся за яе межамі.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)