САБІ́ЛА Іван Іванавіч (н. 22.4.1940, Мінск),

рускі пісьменнік. Правадз. чл.

Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1995). Чл.-кар. Акадэміі рас. славеснасці (1997). Скончыў Ін-т фізічнай культуры імя П.​Лесгафта (1967). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі (з 1994). Старшыня праўлення Санкт-Пецярбургскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі (з 1993). Друкуецца з 1964. Першая кніга — «Абуджэнне» (1977). У кн. «Паказальны бой» (1980), «Усе дні развітання» (1984), «Апошнія канікулы» (1988), складаны свет падлеткаў, праблемы нефармальнага лідэрства.

Жыццё пасляваен. Мінска ў аповесці «Таварная станцыя» (1995). Аповесць «Застаюся ў заслоне» (1982) пра юнага партызана Вял. Айч. вайны Сашу Барадуліна. У кн. «Прысуд» (1997) артыкулы і мемуарны нарыс пра С.​Даўлатава. Перакладае на рус. мову вершы С.​Законнікава, В.​Зуёнка, А.​Пісьмянкова. Некат. творы С. экранізаваны і інсцэніраваны. Заснавальнік і гал. рэдактар газ. «Литературный Петербург» (1998).

Тв.:

Пострадавших не будет. Л., 1987;

Открытый ринг. СПб., 2000.

І.І.Сабіла.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДАВЯ́НУ (Sadoveanu) Міхаіл (5.11.1880, г. Пашкані, Румынія — 19.10.1961),

румынскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл. Рум. акадэміі (з 1921). Скончыў Нацыянальны ліцэй у Ясах (1900). Друкаваўся з 1897. Аўтар сац. раманаў «Вуліца Лэпушняну. Хроніка 1917 г.» (1921), «Плыў млын па Сірэце» (1925), у якіх крытыка тагачаснага грамадства. Стваральнік рум. гіст. рамана, у т. л. «Жыццё Штэфана Вялікага» (1934), трылогіі «Браты Ждэр» (1935—42) пра барацьбу рум. народа за нац. незалежнасць. У аповесці «Мітра Какор» (1949, Залаты медаль міру 1950) і гіст. рамане «Нікаарэ Падкова» (1952) роздум пра гіст. шляхі сялянства. Аўтар шматлікіх зб-каў апавяданняў і публіцыстыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.​Салавей. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1960.

Тв.:

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1954;

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1957;

Избранное. М., 1980.

Літ.:

Кожевников Ю.А. Михаил Садовяну. М., 1960;

Ройзман П.И. Михаил Садовяну: Биобиблиогр. указ. М., 1962.

М.Садавяну.

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЕ́ТАЧ»

(«Swietač»),

грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.​Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.​Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.​Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.​Паўловіча, А.​Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.​Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел. мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.

М.​В.​Біч.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВІНЕ́ЦКІ Епіфаній (? — 20.11.1657),

рускі філолаг-педагог, пісьменнік, перакладчык. Паводле некат. звестак, ураджэнец Беларусі. Вучыўся, верагодна, у Кіеўскай брацкай школе (да 1632) і за мяжой. З 1639 выкладаў у Кіева-Магілянскім калегіуме, з 1649 у манастырскай школе ў Маскве. Аўтар трактата на рус. мове «Грамадзянства звычаяў дзіцячых» (апубл. 1919) пра свецкае выхаванне дзяцей. Падтрымліваў ідэю Сімяона Полацкага пра адкрыццё вышэйшай школы ў Маскве, быў прыхільнікам пашырэння школьнай адукацыі. Напісаў шэраг прадмоў да царк. кніг, 50 пропаведзей, прысвечаных тагачасным грамадска-паліт. і маральным праблемам. Перакладаў царк.-багаслоўскія творы Іаана Златавуста, Грыгорыя Багаслова, Іаана Дамаскіна, а таксама кнігі па медыцыне, геаграфіі, гісторыі і інш. Аўтар прац «Лексіконъ латинский з Калепина преложенный, на славенский», «Лексікон словеналатинскій» (разам з А.​Карэцкім-Сатаноўскім), «Книга лѣксиконъ греко-славено-латинский», у якіх выкарыстоўваў элементы жывых слав. моў, у т. л. бел. лексіку. Яму належаць тлумачэнні тэрмінаў Свяшчэннага пісання (т. зв. «Філалагічны слоўнік»).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ТАРН, Готарн (Hawthorne) Натаніэл (4.7.1804, г. Сейлем, штат Масачусетс, ЗША — 19.5.1864), амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік амер. рамантызму. Скончыў Бодайнскі каледж (1825). На яго творчасць значна паўплывалі трансцэндэнталісты. Майстар псіхал. і алегарычных аповесцей і апавяданняў (зб-кі «Двойчы расказаныя гісторыі», 1837, 1842; «Легенды старога двара», 1846) пра пошукі прыгажосці, амер. даўніны, цяжкасці духоўнага самапазнання. Пурытанскія традыцыі паўплывалі на праблематыку сумлення і граху, духоўнасці і фанатызму, дабра і зла ў раманах «Пунсовая літара» (1850, экранізаваны ў 1972) і «Дом з сямю шпілямі» (1851). Аўтар «Рамана пра Блайтдэйл» (1852), рамана «Мармуровы фаўн» (1860), кніг апавяданняў і казак для дзяцей «Дзядулева крэсла» (1841), нарысаў «Наша старая радзіма» (1863), нататак, біяграфій гіст. асоб і інш. Яго творы адметныя рытмічнасцю мовы, дыдактычнай скіраванасцю, спалучэннем рэальна-канкрэтнага з умоўна-фантаст., насычаны сімваламі і алегорыямі.

Тв.:

Рус. пер. — Новеллы. М.; Л., 1965;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1982.

Е.​А.​Лявонава.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІЛЬВІ́ЦІС (Tilvytis) Тэафіліс (28.1.1904, в. Гайджай, Літва — 5.5.1969),

літоўскі паэт. Нар. паэт Літвы (1954). Друкаваўся з 1923. У лірыка-сатыр. паэме «Аратыя» (ч. 1—4, 1930—65) гіст. хроніка Літвы; яна адзначана фрагментарнасцю кампазіцыі, умоўнымі, сімвалічнымі вобразамі, эпіграмнасцю. Эпічная паэма «Дзічус» (1934) і раман «Падарожжа вакол стала» (1936) — сатыра на «залатую моладзь», бюракратаў. Аўтар зб-каў лірыкі «Вецер Балтыкі» (1948), «Санеты пра шчасце» (1951), «Дом мой родны» (1958), паэм «Уснынэ» (1949, у рус. пер. «На зямлі літоўскай», 1953), «Песня цаною жыцця» (1962, пра В.Монтвілу) і інш. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, С.​Быстрыцкая, Я.​Семяжон, М.​Танк. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Raštai. Т. 1—6. Vilnius, 1975—82;

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;

Рус. пер. — Избранное. М., 1951;

Поэмы. М., 1958;

Стихи. М., 1964.

Літ.:

Кубилюс В. Теофилис Тильвитис. М., 1958.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́СЕР (Chaucer) Джэфры (каля 1340, Лондан — 25.10.1400),

англійскі паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік агульнаангл. літ. мовы і рэалізму ў англ. л-ры. Быў прыдворным, чл. парламента, займаў шэраг дзярж. пасад. З дыпламат. місіяй наведаў Францыю, Італію, дзе пазнаёміўся з мастацтвам і л-рай Адраджэння. Пад іх уплывам пераклаў помнік сярэдневяковай франц. л-ры «Раман пра Ружу» (каля 1370), напісаў у рэчышчы куртуазнай л-ры элегію «Кніга герцагіні» (1369—70). Аўтар паэм «Дом славы», «Птушыны парламент», «Траіл і Хрызеіда», «Легенда пра добрых жанчын» (усе нап. паміж 1380—86). Вяршыня яго творчасці — «Кентэрберыйскія апавяданні» (1387—1400, выд. 1478), у якіх стварыў рэаліст. галерэю вобразаў людзей усіх класаў і саслоўяў тагачаснай Англіі.

Тв.:

Рус. пер. — Кентерберийские рассказы. М., 1973.

Літ.:

Кашкин И.А. Джефри Чосер // Кашкин И.А. Для читателя-современника. М., 1968;

Сапрыкин Ю.М. От Чосера до Шекспира: Этич. и политич. идеи в Англии. М., 1985.

Дж.Чосер.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РЫКАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Створаны 10.6.1983, адкрыты 27.11.1986 у г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае раздзелы: стараж. перыяд, міжваен. перыяд (1915—41), Леменская школа-камуна, Вял. Айч. вайна, пасляваенны перыяд. Сярод экспанатаў зуб і поўсць маманта, жал. сякера 16 ст. з археал. помнікаў раёна, абразы канца 18 — пач. 19 ст., экспазіцыя «Сялянская хатка» з прадметамі побыту, прыладамі працы, нар. адзеннем, вырабамі ткацтва і вязання канца 19 — пач. 20 ст., калекцыя ручнікоў з вёсак раёна, у т. л. адселеных пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У экспазіцыі Вял. Айч. вайны карта-схема абарончых баёў у 1941 на Чэрыкаўшчыне, матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух, злачынствы ням. фашыстаў, макеты партыз. лагера і баёў партызан, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза. У раздзеле прыроды ўзоры карысных выкапняў, чучалы дзікіх птушак і жывёл Чэрыкаўшчыны.

В.​М.​Жураўлёва.

т. 17, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́СТЭРТАН (Chesterton) Гілберт Кіт (29.5.1874, Лондан — 14.6.1936),

англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў дэтэктыўнай літаратуры. З 1900 супрацоўнічаў у перыяд. друку. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб-кі «Гуляючыя старыя», «Дзікі рыцар», абодва 1900). У філас. рамане «Шар і крыж» (1909), зб-ках апавяданняў з займальнай інтрыгай пра сышчыка-свяшчэнніка Браўна (1911—35), зб. «Чалавек, які ведаў вельмі многа» (1922) дзіўнае, рамант., перайначанае жыццё, дзе традыцыйна ўсталяваныя адносіны з’яўляюцца фікцыяй, а свет вял. грошай і «высокай» палітыкі паўстае як цэнтр ілжывых прэтэнзій і дутых рэпутацый. У гумарыст. раманах «Напалеон з Нотынг-Хіла» (1904), «Вяртанне Дон Кіхота» (1926) сац.-утапічныя матывы, звернутыя да сярэдневякоўя. Аўтар фантаст. буфанады «Чалавек, які быў Чацвяргом» (1908), цыкла рэліг.-філас. эсэ «Артадоксія» (1908), паэм, літ.-крытычных прац, у т. л. пра творчасць Ч.​Дзікенса, Б.​Шоу.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1974;

Писатель в газете: Худож. публицистика. М., 1984.

т. 17, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ГАЎ Аляксей Кузьміч (23.3.1902, в. Каменскае Курганскай вобл., Расія — 13.2.1979),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец. Скончыў Адэскі мед. ін-т (1927). Друкаваўся з 1922. Адзін з першых твораў — «Аповесць жыцця Макара Марцацова» (1926). У гіст. рамане-эпапеі «Ратаборцы» (кн. 1 — «Данііл Галіцкі», 1944, таксама пад наз. «Святланосцы», 1946; кн. 2 — «Аляксандр Неўскі», 1949) жыццё Русі 13 ст. Раман-дылогія «Страшны суд» (кн. 1 — «Шатровы», 1967; кн. 2 — «Страшны суд», 1969) пра ўстанаўленне сав. улады ў Сібіры. Аўтар раманаў «Бессмяротнасць» (1939), «Святло над Волгай» (1953), «На вялікай рацэ» (1956), аповесцей для юнацтва, маст. біяграфій К.​А.​Ціміразева (1936) і І.​П.​Паўлава (1939), перакладу «Слова аб паходзе Ігаравым» (1945), зб-каў артыкулаў «Лёсы роднага слова» (1962), «Думы пра рускае слова» (1972), нарысаў, апавяданняў і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—4. М., 1984—85.

Літ.:

Далада Н. Алексей Югов: Критико-биогр. очерк. М., 1973.

т. 18, кн. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)