КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНІ́ЧНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхім. працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхім. змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і мед. біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш. У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і інш. галіны К.б. (асобная К.6.). Метады біяхім. даследаванняў: абсарбцыйная фотаметрыя, іонаметрыя, флюараметрыя, імунаферментны аналіз і інш.
Асновы К.б. закладзены ў 17 ст. працамі Р.Бойля, у 18—19 ст. — А.Л.Лавуазье, М.В.Ламаносава і інш. У 1875 А.П.Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 ст. А.Я.Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.
На Беларусі К.б. развіваецца з 1920-х г. пры клініках мед. ф-та БДУ, з 1930 на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага мед. ін-та. У 1956 выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М.Ф.Меражынскага, у 1957 — «Біяхімія траўмы» Л.С.Чаркасавай, у 1970 створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 1993 працуе Рэсп. цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.
Літ.:
Мережинский М.Ф., Черкасова Л.С. Основы клинической биохимии. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЕЦ (Рыгор Якаўлевіч) (24.7.1898, г. Кіраваград, Украіна — 9.9.1990),
бел. пісьменнік. Засл. дз. маст.Беларусі (1935). З 1921 жыў у Мінску, працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». З 1925 чл.рус. секцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — «Маладняка». У 1931—37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазней на студыі кінахронікі на Д. Усходзе. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1939 апраўданы, жыў у Хабараўску. У 1941 зноў рэпрэсіраваны, з 1951 на пажыццёвым пасяленні ў кірг. стэпах. З 1960 у Мінску. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1918. Пісаў вершы, фельетоны, нарысы. Першая і найб. значная ў драматург. спадчыне пісьменніка п’еса «Гута» (1929, паст. 1930 БДТ-1) на рабочую тэму. Сярод інш. п’ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1934), «Мігрэнь» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Зрабіў значны ўклад у станаўленне бел. кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б.Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на бел. мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І.Зэльцарам, апубл. 1988), «Дняпро ў агні» (1937, з І.Барашкам). Аўтар муз. камедыі «Шчаслівы бераг» (паст. 1940), аповесці «Ноеў каўчэг» (нап. 1964, апубл. 1989), успамінаў пра Я.Купалу «Купалава ноч» (нап. 1959, апубл. 1998).
Тв.:
Письма из ссылки (1958—1960 гт.) // Неман. 1998. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВА́Я ЗАДА́ЧАў матэматыцы, межавая задача, гранічная задача, задача спалучэння,
задача адшукання функцыі, якая задавальняе ў зададзеным абсягу некат. дыферэнцыяльнае ўраўненне (звычайнае або ў частковых вытворных), а на мяжы (краі) абсягу — некаторую ўмову (краявую, гранічную або ўмову спалучэння). Умова вынікае з фіз. прыроды працэсу, апісанага дадзеным дыферэнцыяльным ураўненнем.
Самая простая К.з. — вызначэнне на зададзеным адрэзку рашэння звычайнага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе на краі адрэзка пэўныя ўмовы. Для ўраўнення ў частковых вытворных класічныя К.з. — К.з. для Лапласа ўраўнення — самага простага выпадку вял. групы ўраўненняў у частковых вытворных (ураўненняў эліптычнага тыпу). Адзін з асн. метадаў рашэння К.з. для ўраўненняў эліптычнага тыпу — прывядзенне іх да інтэгральнага ўраўнення тыпу Фрэдгальма. Значны раздзел сучаснай тэорыі К.з. — К.з. для аналітычных функцый, у якіх шукаецца аналітычная ў абсягу функцыя (ці сістэма функцый), што задавальняе на мяжы абсягу некат. краявую ўмову. К.з. маюць шматлікія дастасаванні ў механіцы, тэорыі пругкасці, электрадынаміцы і інш.Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па тэорыі К.з. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЕР (Янкель Мордухавіч) (Якаў Маркавіч; 14.5.1869, Мінск — 19.3.1940),
бел. жывапісец і педагог. Засл. дз. маст.Беларусі (1939). Вучыўся ў Кіеўскай школе малявання М.І.Мурашкі (1882—86), у Варшаве ў Л.Горавіца (1887), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1888—95), у Вышэйшым маст. вучылішчы пры АМ у Пецярбургу ў У.Макоўскага (1897—1900). З 1900 у Мінску. У 1904 арганізаваў «Курсы малявання і жывапісу», у 1906 — прыватную школу малявання (дзейнічала да 1914). З 1914 выкладаў малюнак у Казані, з 1921 — на рабфаку пры БДУ. У 1921—23 збіраў матэрыялы ў краязнаўчых экспедыцыях Бел.дзярж. музея, удзельнічаў у афармленні Музея рэвалюцыі БССР. Працаваў пераважна ў быт. і партрэтных жанрах. У творах быт. жанру адлюстроўваў гіст. і сучасныя яму падзеі, сцэны з яўр. жыцця і побыту: «На суд прафесара», «Пагром», «Пісец Торы», «Пісьманосец», «Духоўны суд», «Хедэр» (усе 1900—10-я г.), «Дзіцячая калонія» (1930), «Прызыўная камісія» (1932), «Кавальскі цэх» (1937), «Гульня ў гарадкі» (1930-я г.). Партрэты вызначаюцца дакладнасцю псіхал. характарыстыкі і глыбінёй вобразаў: «Аўтапартрэт у малінавым берэце» (1889), партрэт брата (1896), партрэты скрыпача Жухавіцкага (1897), Я.Коласа і Я.Купалы (1923), М.Горкага, З.Бядулі (1920—30-я г.), аўтапартрэт (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТЫВА́ТАР,
прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл.Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.
Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л.К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.
На Беларусінайб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРО́РТ,
мясцовасць з прыроднымі лек. фактарамі (клімат, мінер. воды, гразі і інш.), умовамі іх мэтанакіраванага мед. і аздараўленчага выкарыстання, спец. прававым рэжымам эксплуатацыі. Для К. характэрны: высокая ступень даследаванасці прыродных лек. рэсурсаў, наяўнасць профільных збудаванняў і ўстаноў (мед. ўстановы, санаторыі, прафілакторыі, базы адпачынку, вода- і гразелячэбніцы, пітныя бюветы, пляжы і інш.), інфраструктура (транспартныя сувязі, сістэма быт. абслугоўвання і інш.). Адрозніваюць К. прыморскія, раўнінныя (у т. л. лясныя), горныя (у т. л. нізка-, сярэдне- і высакагорныя, адпаведна па вышыні 400—1000, 1000—2000 м і вышэй). Паводле лек. фактараў існуюць бальнеалагічныя курорты, гразевыя курорты, кліматычныя курорты, бальнеакліматычныя і бальнеагразевыя. Навук. асновы курортнай справы распрацоўвае і вывучае курарталогія.
Прататыпы сучасных К. вядомы з часоў Стараж. Рыма (на крыніцах мінер. вод, асабліва тэрмальных, узводзіліся капітальныя збудаванні для лек. выкарыстання). У 16—17 ст. пачалі разглядацца тэарэт. і практ. пытанні буд-ва, абсталявання і парадку выкарыстання К. і курортных устаноў. У 18—19 ст. развіваюцца еўрап. К. на камерцыйнай аснове, у пач. 20 ст. адкрылася большасць сучасных еўрап. К., у т. л. ў Расіі, Прыбалтыцы, на Каўказе. На Беларусі існуюць К. рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (гл. адпаведныя арт.).