рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл.Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, a М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.
На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз.кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНКБССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр.Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).
Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб.стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх. Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх. Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́СТЫКА,
1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.
2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.
3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.
Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).
На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, Е.І.Рыўлін, Я.Фейгельсон, М.А.Канаплін, С.Я.Вальфсон, У.Герчыкаў, А.Самахвалаў і інш. Пасля Вял.Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.М.Шнеерсона, Г.М.Трухнова, Д.С.Клімоўскага, Г.А.Космача, В.А.Космача, П.А.Шупляка, М.Г.Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.С.Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.І.Копанеў, Г.А.Мятлюк, Ю.Г.Панкрац, Г.П.Кліменка, Дз.Г.Багушэвіч, а таксама А.М.Гарлатаў, Е.В.Зарыцкая, А.А.Мірскі, Е.В.Каранеўская, Т.В.Паплаўская, А.П.Дзеўкіна, І.І.Токарава, Л.М.Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац.АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш.ВНУ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
сукупнасць спецыялізаваных галін прам-сці, якія вырабляюць прадметы масавага ўжытку: тканіны, трыкатаж, дываны, швейныя, футравыя, галантарэйныя вырабы, абутак, тэхн. тканіны, а таксама сыравіну і зыходны матэрыял для ўласных і інш. галін прам-сці. Выкарыстоўвае сыравіну расліннага (бавоўна, лён, кенаф, каноплі, джут і інш.), жывёльнага (воўна, скуры, футра, шоўк) і хім. (штучныя і сінт. валокны, штучная скура) паходжання. Аб’ядноўвае 19 галін прам-сці і 30 вытворчасцей.
Асн. галіны Л.п.: тэкстыльная (баваўняная, ільняная, шарсцяная, шаўковая, трыкатажная), швейная, гарбарная, абутковая, футравая, скурна-галантарэйная і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Ручны выраб тканін, апрацоўка скур і пашыў абутку ўзніклі ў Індыі, Кітаі і Егіпце задоўга да нашай эры. Як галіна фабрычнай індустрыі склалася ў 2-й пал. 18 ст. Цяпер Л.п. з’яўляецца адной з важнейшых галін эканомікі развітых краін свету і краін, што сталі на шлях развіцця У 1996 ва ўсім свеце было выраблена 53 893 км² баваўняных і 1182 км² суконных тканін, пашыта 3672 млн. пар абутку (без гумавага). Сярод буйнейшых краін па вытв-сці баваўняных тканін у свеце вылучаюцца Кітай, Індыя, ЗША, Японія, Італія, суконных — Італія, Кітай, Японія, Індыя, ЗША, шаўковых — ЗША, Рэспубліка Карэя, Японія, Індыя, Кітай, абутку — Кітай, Індыя, ЗША, Францыя, Італія. Каля 50% бавоўны-валакна вырабляецца ў Азіі (Кітай, Індыя, Пакістан і інш.), больш за 25% — у Паўн. Амерыцы (ЗША, Мексіка), 33% паставах воўны прыпадае на долю Аўстраліі і Новай Зеландыі, каля 23% — на долю Азіі (Кігай, Індыя, Пакістан, Турцыя і інш.).
На Беларусі ручное ткацтва, выраб сукна, скур, пашыў абутку, швейных вырабаў вядомы здаўна. Першыя прадпрыемствы ўзніклі ў 1730-я г. (выраблялі сукно, паясы, панчохі і інш.). Як фабрычна-заводская Л.п. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Цяпер Л.п. адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны. На яе долю ў 1997 прыпадала 8,5% усёй прамысл. прадукцыі і 14,9% занятых у прам-сці. Развіты ўсе важнейшыя галіны Л.п.: тэкстыльная, швейная, гарбарная, абутковая, футравая і інш. У 1997 працавалі 463 прадпрыемствы Л.п. Вытв-сць тканін склала 259 млн.м², у т. л. баваўняных — 47 млн.м², суконных — 9 млн.м², ільняных — 45 млн.м², шаўковых — 67 млн.м². Выпушчана 67 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 44 млн. штук трыкат. вырабаў, пашыта 15,6 млн. пар абутку. Буйнейшыя прадпрыемствы Л.п.: Мінскі камвольны камбінат, Мінская гарбарная фабрыка, Мінская скургалантарэйная фабрыка, Мінскае абутковае аб’яднанне «Прамень», швейная ф-катрыкат. вырабаў у Мінску «Мілавіца», Аршанскі льнокамбінат, Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Віцебскі камбінат шаўковых тканін, Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ», дывановы камбінат у Віцебску («Віцебскія дываны»), Віцебская гандлёва-прамысловая фірма «Футра», беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці абутку ў Віцебску («Белвест»), Брэсцкі панчошны камбінат, дывановы камбінат у Брэсце («Дываны Брэста»), Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Пінскае прамысл.-гандл. прадпрыемства «Дынама», Бабруйскі скураны камбінат, Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Калінка», Жлобінская фабрыка штучнага футра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць ў падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.
Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.Бушнелем (1776), у Францыі Р.Фултанам (1801), у Германіі В.Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл.Падводная вайна).
П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. Пл. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. Пл. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал.энергет. установак Пл падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз.энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя Пл. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс.т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.
Л.А.Пенязь, В.М.Пташнік.
Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш.ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр.ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс.км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.
М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.
Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас.р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр.Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскібел.пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Фадзеева, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1968—70;
Зб.тв.Т. 1-4. Мн., 1979—81;
Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.
Літ.:
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;
Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РСІЯ (ад лац. conversio змяненне, ператварэнне),
1) у эканоміцы — істотнае пераўтварэнне, змена ўмоў, замена адных аб’ектаў вытв-сці іншымі ці адных каштоўных папер на інш. Адрозніваюць К. пазыкі — змену першапач. умоў пазыкі, замену раней выпушчаных аблігацый дзярж. пазыкі новымі з прычыны змянення ўмоў, пераважна для паніжэння ўзроўню пазыковага працэнта ці падаўжэння тэрміну дзеяння пазыкі; К. валют і каштоўных папер — абмен адной валюты на інш. ці адных відаў акцый на інш. і зваротны абмен абавязацельстваў на каштоўныя паперы, якія выкарыстоўваюцца брокерамі для атрымання даходу (К. зваротная); К. знешняга доўгу — скарачэнне агульнай велічыні знешняй запазычанасці дзяржавы праз змену ўмоў прадастаўлення крэдыту, форм і тэрмінаў яго вяртання, працэнтных ставак. Выкарыстоўваецца ў міждзярж. адносінах, у м. ў Саюзе Беларусі і Расіі з мэтай паглыблення эканам. і паліт. інтэграцыі.
2) У ваеннай справе і ваеннай вытворчасці — палітыка прынцыповай змены ваенізаванай структуры грамадства, правядзенне яго глыбокай дэмілітарызацыі; комплекс сац.-эканам. адносін і мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў ваен.-эканам. сферы грамадства для цывільных патрэб. Адрозніваюць тыпы ваен.-эканам. К. (ВЭК): К. пасляваенная (рэканверсія), звязаная з пераводам эканомікі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць цывільнай прадукцыі; К. «мірная» — дэмілітарызацыя эканомікі, якая не звязана непасрэдна са спыненнем вайны або ваен. дзеянняў. Асн. кірункі ВЭК: у ваен. вытв-сці — перавод прадпрыемстваў на выпуск цывільнай прадукцыі, выкарыстанне ваен. і навук.-тэхн. патэнцыялу ў мірных мэтах, дэмілітарызацыя знешнеэканам. дзейнасці і працаўладкаванне работнікаў прадпрыемстваў, якія канверсуюцца; ва ўзбр. сілах — выкарыстанне ўзбраенняў, ваен. тэхнікі і маёмасці, аб’ектаў ваен. інфраструктуры і інш. сродкаў для цывільных патрэб, сац.-эканам. адаптацыя звольненых ваеннаслужачых. Ваен.-прамысл. комплексу б.СССР на тэр. Беларусі належала больш за 100 прадпрыемстваў, навук. арг-цый і ўстаноў (у т. л.навук.-вытв. аб’яднанне «Інтэграл», Мінскіз-д колавых цягачоў, Гомельскі радыёзавод, шэраг авіярамонтных і танкарамонтных з-даў), якія разам з дзесяткамі ваен. гарнізонаў і ваен. гарадкоў, ваен. тэхнікай, узбраеннем, асабовым складам вайск. часцей падлягаюць К. Рэалізацыю канверсійных працэсаў на Беларусі ўскладняюць: змяншэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў за кошт скарачэння ваен. заказаў, высокі сабекошт цывільнай прадукцыі, якая замяняе ваенную; недахоп фін. сродкаў на К. ваен. вытв-сці, а таксама дэмантаж і утылізацыю сродкаў ваен. тэхнікі і ўзбраенняў; адмоўныя наступствы працэсу знішчэння ўзбраенняў для экалогіі; сац.-эканам. і псіхал. цяжкасці, якія адчуваюць ваеннаслужачыя пры перавучванні і засваенні мірных прафесій, і інш. У перападрыхтоўцы ваеннаслужачых на мірныя прафесіі і спецыяльнасці актыўны ўдзел прымае Бел. цэнтр перападрыхтоўкі ваеннаслужачых (пас. Калодзішчы), Міжнар.ін-т менеджменту і інш.навуч. ўстановы.
3) У мовазнаўстве, у сінтаксісе — прадстаўленне суб’ектна-аб’ектыўных адносін у сказе, адваротнае зыходнаму; выражаецца з дапамогай станавых форм (напр., «рабочыя будуюць дом — дом будуецца рабочымі»); у лексіцы — адносіны паміж дзвюма лексемамі (канверсівамі), якія называюць адно і тое ж дзеянне з розных бакоў ці абазначаюць процілегла накіраваныя дзеянні, прыкметы («сястра старэйшая за брата — брат маладзейшы за сястру»); у словаўтварэнні — марфолага-сінтакс. спосаб словаўтварэння, пераход слоў адной часціны мовы ў другую («кавалі́» — «кава́лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коней свойскіх. Асн. кірункі: племянная і спартыўная К. У працэсе развіцця К. створаны 3 асн. тыпы коней: верхавы, запражны, цяжкавозны. Коні выкарыстоўваюцца на некат. палявых і трансп. работах, а верхавыя і рысістыя — у конным спорце. У некат. краінах развіваецца мясная і малочная К. З конскай крыві атрымліваюць прафілакт. і лек. сывараткі і інш. К. ўзнікла ў краінах Еўропы і Азіі ў 4-м тыс. да н. э. З часу прыручэння конь быў пастаянным памочнікам чалавека ў выкананні с.-г. і трансп. работ, адыгрываў важнейшую ролю ў арміі. У 1995 у свеце было 60894 тыс. коней. Найбольшае пагалоўе ў Кітаі (10039 тыс.), Бразіліі (6300 тыс.), Мексіцы (6185 тыс.), ЗША (6000 тыс.), Аргенціне (3300 тыс.), Эфіопіі (2750 тыс.), Расіі (2400 тыс.). На тэр. Беларусі свойскія коні былі ў бронзавым веку (2-е тыс. да н. э.). З жал. веку (з 7—6 ст. да н. э.) павялічваецца іх роля ў земляробстве. У 1800—1917 на Беларусі існавала больш за 45 прыватных конных з-даў і 6 дзярж. заводскіх стайняў. У Вял.Айч. вайну пагалоўе коней паменшылася на 75%. У 1961 было 519 тыс. коней. (гл. табліцу). Іх пагалоўе скарачалася ў сувязі з механізацыяй сельскай гаспадаркі і развіццём аўтамаб. транспарту. У 1990-я г. коні на Беларусі гадуюць у грамадскіх гаспадарках і ў прыватным сектары. Стварэнне фермерскіх гаспадарак і наданне большай самастойнасці індывід. сектару абумовілі павелічэнне пагалоўя коней. На Беларусі К. развіваецца ў 3 кірунках: племянная, цяглава-транспартная, або карыстальніцкая, прадукцыйная. Развядзеннем элітных парод коней, іх селекцыяй займаюцца 5 спецыялізаваных конезаводаў: «Мір» (Баранавіцкі р-н, парода бел. запражная), № 59 (Веткаўскі р-н, рус. рысістая), № 120 (Мсціслаўскі р-н, рус. цяжкавозная), імя Даватара (Мінскір-н, тракененская), № 5 (Смалявіцкі р-н, бел. запражная).
Спартыўных коней разводзяць у 3 гаспадарках. Гадуюць коней тракененскай, гановерскай, украінскай верхавой, будзёнаўскай парод. Н.-д. работа па К. вядзецца ў Бел.НДІ жывёлагадоўлі. Беларусь экспартуе коней у Італію (на мяса), спарт. парод — у Германію, Польшчу, Фінляндыю і інш. Цяглава-трансп. К. прадстаўлена каняфермамі ва ўсіх калгасах і саўгасах; па 1—2 кані ёсць у многіх фермерскіх і індывід. гаспадарках. Пераважаюць коні бел. запражной пароды (каля 70% пагалоўя, найб. прыстасаваны да мясцовых умоў), ёсць арлоўскай, рус. рысістай, літ. запражной парод, а таксама беспародныя. Прадукцыйнае К. развіваецца для атрымання пераважна мяса і малака (ідзе на выраб кумысу).
македонскі пісьменнік, лінгвіст. Вучыўся ў Бялградскім і Сафійскім ун-тах. Быў старшынёй Саюза пісьменнікаў Югаславіі (1961—64), прэзідэнтам Макед.АН. Літ. дзейнасць пачаў у 1939. Аўтар паэмы «Мост» (1945), зб-каў лірычных вершаў «Зямля і каханне» (1948), «Песні» (1953), «Вышывальшчыца» (1955), «Рэкі» (1968), «Запісы» (1974). Лірыцы К. ўласцівы зварот да філасофіі, рэфлексіўнасць і экспрэсіўнасць, спалучэнне верлібра з традыц. песеннасцю. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў прозе К. (зб.апавяд. «Вінаграднікі», 1955). Аўтар. першай навук. «Граматыкі македонскай мовы» (1952—54), гісторыка-літ. прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.