«ЛА́ДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне карысталася больш за 100 родаў, у т. л. Валіцкія, Заблоцкія, Завістоўскія, Кладніцкія, Ліпскія, Наскоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай падковы рагамі ўніз, на ёй залаты кавалерскі крыж, па баках сярэбраныя стрэлы наканечнікамі ўніз. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова каранаванага льва з мячом у правай лапе. Існуюць варыянты герба з блакітным полем, з павернутымі ўверх стрэламі і інш. Вядомы з пач. 15 ст.

Герб «Лада».

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНАЛІ́Н (ад лац. lana шэрсць + oleum масла),

ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт. Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37 °C, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т. л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́НЬ (ням. Latun),

сплаў медзі з цынкам (ад 4 да 50%); найб. пашыраны з медных сплаваў. Вызначаецца добрымі мех. ўласцівасцямі, высокай каразійнай устойлівасцю, пластычнасцю, трываласцю.

З простых (двайных) Л. дадатковым легіраваннем алюмініем, волавам, жалезам, марганцам, нікелем і інш. элементамі атрымліваюць складаныя. Напр., алавяная Л. (адміралцейская, ці марская) мае 1—1,5% волава, устойлівая ў марской вадзе; алюмініевая Л. — 0,4—2,5% алюмінію, колерам нагадвае золата Выкарыстоўваюць у машына-, судна- і прыборабудаванні, для вырабу знакаў адрознення, маст. і ювелірных вырабаў.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Лісіца,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучайка, за 18 км на У да г. Паставы. Пл. 0,85 км², даўж. каля 1,7 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 5,1 м, даўж. берагавой лініі каля 4,7 км. Пл. вадазбору 6,25 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, разараныя. Дно мае плаўны нахіл да цэнтра, мелкаводдзе пясчанае, глыбей укрыта ілам. Зарастае каля 20% пл. возера. На З выцякае ручай у воз. Лучай.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДОМ САВЕ́ТАЎ,

помнік грамадз. архітэктуры 1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1937—39 (арх. І.​Лангбард). Уваходзіць у арх. ансамбль пл. Леніна і з’яўляецца яго дамінантай. Цэнтр кампазіцыі — 8-павярховы аб’ём, фланкіраваны 7-павярховымі прамавугольнымі ў плане часткамі, якія пераходзяць у паўкруг 5-павярховымі крыламі.

Верт. чляненні (лапаткі), размешчаныя па перыметры будынак, надаюць яму стройнасць і выразнасць. Гал. ўваход — у цэнтры будынка, кожны корпус мае асобныя ўваходы.

А.​А.​Воінаў.

Магілёўскі Дом Саветаў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГЛЕМАЗЕ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура мезалітычных плямён, якія ў 7—6-м тыс. да н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Балтыйскага мора. Назва ад знаходак у тарфяніку Маглемазе на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Знойдзены крамянёвыя прылады працы мікралітычнага і макралітычнага тыпу, рэчы з косці, рогу і дрэва. Плямёны М.к. жылі невял. першабытнымі абшчынамі. Некаторыя даследчыкі разглядаюць М.к. як пераймальніцу свідэрскай культуры. Частка рагавых і касцяных вырабаў нёманскай культуры мае аналагі ў М.к.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕТЫ́Т (ням. Magnetit ад грэч. magnētis магніт),

мінерал падкласа складаных сілікатаў, аксід двух- і трохвалентнага жалеза FeFe2O4. Мае ў сабе 31% FeO, 69% Pe2O3, 72,4% Fe. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі пераважна актаэдрычныя, зярністыя агрэгаты. Колер чорны. Бляск метал. і паўметалічны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 4,8—5,3 г/см³. Асн. жалезная руда. Прамысл. паклады звязаны са складанымі магматычнымі, кантактава-метасаматычнымі і рэгіянальна-метамарфічнымі ўтварэннямі. На Беларусі М. утварае жалезныя руды Аколаўскага і Навасёлкаўскага радовішчаў.

У.​Я.​Бардон.

Магнетыт.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя Н.​К.​Крупскай.

Засн. ў 1952 у г. Мазыр на базе Мазырскага настаўніцкага інстытута. Імя Крупскай прысвоена ў 1964. У 1998/99 навуч. г. 5,5 тыс. студэнтаў; ф-ты: фізіка-матэм., філал., педагогікі і методыкі пач. навучання, агульнатэхн. дысцыплін і фізікі, абслуговай працы, інжынерна-пед., даінстытуцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1992; з 1993 працуе н.-д. Сектар. Мае музеі гісторыі ін-та і гісторыі тэхн. творчасці.

В.​С.​Болбас.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАНКААДВО́Д,

прыстасаванне для аховы будынкаў, прамысл., трансп., с.-г. і інш. збудаванняў ад прамых удараў маланкі.

Складаецца з метал. стрыжня або троса, які ўзвышаецца над аб’ектам і злучаны з надзейным зазямленнем. Ахоўная зона М. з адным верт. стрыжнем мае форму конуса, радыус асновы якога роўны вышыні М. Правады зазямлення выбіраюцца так, каб не плавіліся токам маланкі пры адводзе зараду ў зямлю. М. часам няправільна наз. громаадводам. Метад аховы ад навальнічных разрадаў з дапамогай М. прапанаваў Б.Франклін.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РКІЯ ІРЛА́НДСКАЯ (Moerckia hibernica),

слаявінны юнгерманіевы пячоначны мох сям. палавічыніевых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі адзначана ў наваколлі г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл., занесена ў Чырв. кнігу як рэдкі барэальны еўрасібірска-амерыканскі від. Трапляецца на лясным подсціле ў вільготных цяністых лясах.

Слаявіна распасцёртая, зялёная або жаўтавата-зялёная з кучаравым краем. Сярэдняе рабро патоўшчанае, знізу мае рызоіды. Вонкавая абгортка спарагонія глыбокаразрэзаная, складаецца з лісцікаў, зрослых каля асновы. Каробачка на ножцы, авальная, чырв.-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі.

Меркія ірландская.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)