ПАЖЫ́ХАРСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Пажыхар. Размешчана ў Прыпяцкім нафтагазаносным басейне. Адкрыта ў 1987, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. 3,3 км² прымеркаваны да верхнедэвонскіх міжсалявых адкладаў паўн. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах цэнтр. ч. Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаноснага пакладу 2725—2820 м. Пароды-калектары трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, смалістая, парафіністая, з вял. колькасцю светлых фракцый (40—45%) і газанасычанасцю спадарожным газам (129—135 м³/т). Разведаныя запасы 1244 тыс. т, перспектыўныя 710 тыс. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУ́ШНІК, шыльнік (Isoëtes),

род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).

Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палушнік азёрны.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх. Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс. км². Найб. глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб. в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЧЫГАН (Michigan, на мове мясц. індзейцаў — вял. возера),

возера ў ЗША, у сістэме Вялікіх азёр. Пл. 58 тыс. км², даўж. 494 км, шыр. да 190 км, глыб. да 281 м. Выш. ўзроўню 177 м. Берагі б.ч. узгорыстыя, слаба расчлянёныя, акаймаваныя тэрасамі; на Пд і ПдУ на берагах дзюны (выш. 10—20 м). Прылівы паўсутачныя (да 4 см). Паўн. ч. возера замярзае са снеж. да красавіка. М. злучаны з воз. Гурон прал. Макіна (шыр. каля 3 км), з сістэмай р. Місісіпі — суднаходным каналам Чыкага — Локпарт. Буйныя парты і прамысл. цэнтры — Чыкага і Мілуокі.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-ВАЛЫ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

У Львоўскай і Валынскай абласцях Украіны; паўд.-ўсх. замыканне Люблінскага вугальнага бас. (Польшча). Пл. прамысл. вугляноснасці 3,2 тыс. км². Кам.-вуг. адклады на тэр. басейна складаюць Львоўскую мульду (магутнасць 630—1250 м); вугляносныя адклады візейскага, намюрскага і башкірскага ярусаў і тэрыгенна-карбанатныя бязвугальныя турнейскага яруса. Маюць адпаведна 1, 10 і 4 рабочыя пласты вугалю магутнасцю 0,7—1,2 м. Глыб. залягання 250—750 м. Геал. запасы вугалю 2,1 млрд. т. Вуглі маркі Д, Г, ГЖ і Ж. Цеплыня згарання каля 21,5 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1954 шахтавым спосабам. Асн. цэнтры здабычы: гарады Новавалынск, Чырванаград, Сакаль, Белз.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км² запасы гаручых сланцаў каля 900 млн. т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КТАШ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 8 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 1,87 км². Схілы катлавіны выш. 3—7 м (на ПдЗ 10—15 м), пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя, на невял. участку на У зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага нешырокая паласа пясчаных адкладаў. Зарастае. На ПдУ з возера выцякае ручай у р. Выдрыца.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.​Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс. чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖАВА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 8 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 2,06 км², даўж. больш за 2,8 км, найб. шыр. каля 1,4 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 86,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і З 10—15 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн зліваюцца са схіламі, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-ілістае, глыбей дно сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 5 га. Упадаюць 6 ручаёў, у т. л. Чарапяціца, што выцякае з воз. Шэвіна.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)