МЕЛ, крэйда,
асадкавая горная парода, мяккі белы вапняк, складзены пераважна з карбанатных (CaCO3 90—98%) арг. рэшткаў (какалітафарыдаў, фарамініфер, абломкаў ракавін інацэрамаў і інш.) і нерастваральных у кіслаце мінералаў. М. намнажаўся ў познамелавых эпікантынентальных басейнах пераважна на глыб. 150—200 м (Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна), да 400—500 м. Трапляецца ў адкладах мелавой сістэмы (перыяду). Выкарыстоўваецца ў вапнавай, цэментнай, шкляной, цукр., гумавай, папяровай, парфумернай, металургічнай, хім. прам-сці, у сельскай гаспадарцы і інш. На 1.1.1999 у баланс Рэспублікі Беларусь уключаны 32 радовішчы М., з разведанымі прамысл. запасамі — 207,6 мн. т (для вапны) і 360,6 млн. т (для цэменту). На базе радовішчаў М. працуюць Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў (буд. вапна), «Ваўкавыскцэментнашыфер», Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Крычаўцэментнашыфер».
В.С.Акімец.
т. 10, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)