ЧАСО́ВЫ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ ЎРА́Д ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ,

цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Створаны ў Вільні 1.2.1863 на базе Літоўскага правінцыяльнага камітэта, які абвясціў сябе Часовым урадам на чале з К.​Каліноўскім. У сувязі з пачаткам паўстання ў Польшчы ўрад у кожную губерню прызначыў паўстанцкага ваен. начальніка і ўзяў курс на разгортванне паўстання з апорай на сялянства. «Белыя», незадаволеныя курсам Каліноўскага на агр. рэвалюцыю, у канцы лют. 1863 увайшлі ў змову з прадстаўніком Варшаўскага Цэнтр. нац. к-та пры Часовым урадзе Літвы і Беларусі Н.​Дзюлёранам і ўчынілі пераварот. Часовы ўрад, аслаблены арыштамі і ад’ездам яго членаў на месцы, вымушаны быў 11.3.1863 перадаць уладу Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧО́ТКА, карэльская бяроза (Betula pendula var. carelica),

кветкавая расліна сям. бярозавых, разнавіднасць бярозы павіслай. Пашырана ў паўн. і цэнтр. ч. Еўропы. На Беларусі, акрамя паўд.-ўсх. і паўд. раёнаў, расце ўсюды асобнымі дрэвамі, радзей курцінамі ў мяшаных лясах. Бярэзнікі з Ч. ў Боркаўскім і Калінінскім лясніцтвах Івацэвіцкага р-на — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Лістападнае дрэва выш. да 25 м або куст. Крона шырокая, раскідзістая, з вілаватым галінаваннем. На ніжняй ч. ствала і галінах утвараюцца наплывы і нарасці розных памераў. Паверхня драўніны пад карой рэльефная, на папярочным зрэзе — характэрны зоркападобны малюнак. Лісце трохвугольна-яйцападобнае. Плод — арэх. Драўніна Ч. жоўтая, вельмі цвёрдая, з прыгожай мармурападобнай тэкстурай, ідзе на выраб мэблі, муз. інструментаў, маст. вырабаў, аддзелку інтэр’ераў.

Узоры дэкаратыўнай драўніны з чачоткі.

т. 17, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦЯКО́Ў Іван Міхайлавіч (27.9.1900, в. Атрубніва Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 7.3.1979),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў кулямётную школу (1920), курсы «Выстрал» (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Вял. Айч. вайну з 1941 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, арміяй на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, Паўд.-Зах., Данскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Прыбалт. франтах. 6-я армія на чале з Ч. вызначылася ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. прарвала варожую абарону ў Сіроцінскім р-не, захапіла плацдарм, 24—25 чэрв. дасягнула Зах. Дзвіны, вызваліла Улу, Ушачы, адрэзала віцебскую групоўку ворага ад полацкай і 4 ліп. вызваліла Полацк. Удзельнік вайны з Японіяй 1945. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РЧАС Хаім Аронавіч (17.4.1916, в. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 9.10.1992),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1967), праф. (1969). Скончыў БДУ (1939). З 1947 у Ін-це хіміі, з 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. У 1967—90 у БПІ. Навук. працы па хіміі прыродных злучэнняў і рэдказямельных металаў. Распрацаваў спосабы вылучэння і ідэнтыфікацыі смаляных к-т і інш. тэрпеноідаў з бальзамаў мясц. хвойных парод, метады атрымання цэравых солей аліфатычных к-т, сілікатаў рэдказямельных металаў і інш.

Тв.:

Исследование химического состава кислотной части живицы различных хвойных (разам з І.​І.​Бардышавым) // Синтетические продукты из канифоли и скипидара. Мн., 1964;

Каталитические свойства соединений редкоземельных металлов. Мн., 1977 (у сааўт.).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 17, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЯНКО́Ў Апанас Дзмітрыевіч (22.2.1896, в. Леніна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.3.1972),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Скончыў пях. курсы (1919), Аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення каманднага саставу імя Фрунзе (1941), паскораныя курсы (1942) і Вышэйшыя курсы (1950) пры Ваен. акадэміі Генштаба. Удзельнік грамадзянскай вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Паўд.Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміі па тыле, нам. камандзіра, камандзір корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Варшаўска-Лодзінскай, Пазнанскай, Берлінскай аперацый. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам Ш. вызначылася 20.7—1.8.1944 у баях за г. Магнушаў (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПС Аляксандр Лявонцьевіч (26.5.1911—11.4.1965),

расійскі рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Засл. дз. маст. Расіі (1962). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1930). Працаваў акцёрам у т-рах Таганрога, Туапсэ. З 1931 рэжысёр Цэнтр. т-ра Чырв. Арміі, з 1941 Т-ра імя Массавета. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі і дзейнасці франтавой брыгады Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. Паставіў у Т-ры імя Массавета п’есы «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы (1954), «У ціхім завулку» А.​Маўзона (1955). З інш. пастановак: «Світанне над Масквой» А.​Сурава (1950), «Бітва ў дарозе» паводле Г.​Нікалаевай (1959), «Сумленне» паводле Д.​Паўлавай (1963, усе з Ю.​Завадскім), «Васіль Цёркін» паводле А.​Твардоўскага (1961). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАЎ Генадзь Майсеевіч (29.3.1939, Мінск — 29.12.1995),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі драўніны. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1961). З 1963 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1973 заг. н.-д. лабараторыі, з 1981 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні фіз.-мех. уласцівасцей натуральнай і мадыфікаванай палімерамі драўніны. Распрацаваў спосабы і спец. тэхналогіі атрымання біялагічна-, хімічна- і вогнеўстойлівай драўніны і драўняных матэрыялаў.

Тв.:

Основы технологии полимерных строительных материалов. 2 изд. Мн., 1981 (у сааўт.);

Деревянные конструкции и детали: Справ. строителя. 2 изд. М., 1983 (у сааўт.);

Метод описания прочности древесностружечных плит с использованием теории фракталов (разам з М.​І.​Кулаком) // Изв. вузов. Лесной журн. 1992. №3.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАДРЫ́Н Феадосій Фёдаравіч (1751, С.-Пецярбург — 31.1.1825),

рускі скульптар; адзін з вядучых майстроў рус. класіцызму. Брат С.Ф.Шчадрына. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773). Пенсіянер АМ у Фларэнцыі і Рыме (з 1773), Парыжы (1775—85). З 1794 выкладчык, з 1818 рэктар Пецярб. АМ. Яго станковым творам уласцівы класічная яснасць вобразаў, вытанчанасць мадэліроўкі: «Эндыміён спіць» (1779), «Венера» (1794). Майстар манум.-дэкар. пластыкі: статуі і групы фантанаў Петрадварца «Персей» (1800), «Нява» (1804), «Сірэны» (1805); барэльеф «Нясенне крыжа» для Казанскага сабора (1807—11); скульпт. ўпрыгожанне Адміралцейства ў С.-Пецярбургу (фігуры на каланадзе цэнтр. вежы, 3 фігуры на атыку, 2 групы «Марскія німфы», 1812—13). Выканаў шэраг партрэтаў, у т. л. М.​Паніна (1794), А.​Нартава (1811).

Літ.:

Петинова Е.Ф. Феодосий Щедрин. Л., 1977.

Сільвестр Шчадрын. Веранда, абвітая вінаградам. 1828.

т. 17, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́Ў Уладзімір Аляксеевіч (н. 5.1.1939, в. Шчарбачы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Канд. біял. н. (1969). Чл.-кар. Агр. АН Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). З 1968 у Ін-це эксперым. батанікі. З 1972 вучоны сакратар Зах. аддз., з 1991 — Бел. аддз. УАСГНІЛ; у 1992—97 гал. вучоны сакратар, у 2001—02 нач. аддзела агр. АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі і біяхіміі росту і развіцця раслін, вырошчванні асн. с.-г. культур і інш.

Тв.:

Кукуруза. 2 изд. Мн., 1999 (у сааўт.);

Рапс. Мн., 1999 (у сааўт.);

Зерновые культуры. 2 изд. Мн., 2000 (у сааўт.);

Экологическое состояние почв Беларуси (разам з І.​М.​Багдзевічам, М.​І.​Смяянам) // Междунар. агр. журн. 2000. №5.

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎФЕМІ́ЗМ (грэч. euphēmismos ад eu добра + phemi кажу),

моўны выраз, што ўжываецца з мэтай аслабіць залішне прамое, адкрытае выказванне (звычайна ўласцівае быт., гутарковай мове), даць больш мяккае, «прыстойнае» абазначэнне якога-н. прадмета або з’явы; від тропа. У адносінах да слоў, якія яны замяняюць, Э. часта выступаюць у ролі сінонімаў (напр., «зорак з неба не хапае» замест «недалёкі, неразумны»).

Э. вядомы з даўніх часоў, звязаны з забаронай ужываць тое ці інш. слова, каб не наклікаць злую сілу на сябе (талу). Паводле характару Э. блізкія да метаніміі, перыфразы, нярэдка становяцца іх разнавіднасцю. Э. проціпастаўляецца дысфемізм — замена эмацыянальна і стылістычна нейтральнага слова больш грубым, зневажальным (напр., замест «памерці» — «апруцянець, загнуцца, апрэгчыся» і г.д.). Працэсы эўфемізацыі вывучаюцца ў лексікалогіі і сацыялінгвістыцы.

М.​А.​Лазарук.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)