ЧЫСЦЯКО́Ў Іван Міхайлавіч (27.9.1900, в. Атрубніва Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 7.3.1979),
Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў кулямётную школу (1920), курсы «Выстрал» (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Вял. Айч. вайну з 1941 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, арміяй на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, Паўд.-Зах., Данскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Прыбалт. франтах. 6-я армія на чале з Ч. вызначылася ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. прарвала варожую абарону ў Сіроцінскім р-не, захапіла плацдарм, 24—25 чэрв. дасягнула Зах. Дзвіны, вызваліла Улу, Ушачы, адрэзала віцебскую групоўку ворага ад полацкай і 4 ліп. вызваліла Полацк. Удзельнік вайны з Японіяй 1945. Да 1968 у Сав. Арміі.
т. 17, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)