ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,

паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).

Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.​Я.​Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс. чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.​К.​Панько і ген. сакратаром С.​І.​Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.

ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.​П.​Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.

Літ.:

Баптизм и баптисты. Мн., 1969;

Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;

Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.

Ю.​В.​Бажэнаў, Л.​У.​Бароўка, А.​У.​Верашчагіна.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКІ́, пратэіны,

прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн. хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл. Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв. прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв. малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.​Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.

Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн. біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.

Літ.:

Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ. М., 1987;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;

Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр. М., 1990.

У.​М.​Рашэтнікаў.

Да арт. Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,

песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял. эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац. муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз. муз. калектываў. Вытокі нар. муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж. усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.

Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).

Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл. Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).

Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл. Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл. Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн. муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел. канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус. дэмакр. бытавога раманса.

Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд. этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел. традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.​Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.​Коласа («Нёман»), К.​Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар. рэв. песеннай класікі. У Вял. Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел. нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.​Лапаціна, З.​Лапаціна-Пацеенка, Р.​Галавасцікаў, П.​Шаўко, П.​Касач, І.​Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.

Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял. Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.

Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб. стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар. інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл. Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.

Літ.:

Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;

Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;

Назіна І.​Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;

Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.

З.​Я.​Мажэйка, Л.​С.​Мухарынская, І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

творчасць, якая суправаджала агр. святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года; від фальклору. Ёсць у многіх народаў Еўропы. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў як нац. адметная з’ява склалася не пазней 14—16 ст. Яна багата развілася, добра захавалася і з’яўляецца феноменам бел. традыцыйнай культуры. Вылучаюцца 4 цыклы: зімовы, веснавы, летні і асенні. Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі агр. аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сял. двара і сям’і: у пару засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, статак — ад паморку і звяроў. Мела таксама эстэт. значэнне і гулліва-пацяшальную функцыянальнасць. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей.

Зімовыя песні і абрады прызначаны былі загадзя паспрыяць ураджаю, зберагчы азімы пасеў, рунь на палях. Насычанасцю абрадамі і песнямі вылучаліся святкаванні беднай і шчодрай куцці, каляд. Шмат увагі ў час калядна-навагодніх урачыстасцей аддавалася агр. і любоўнай варажбе, розным гасп. павер’ям і прыкметам. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцеліца — частае раенне пчол. Гал. месца ў зімовым цыкле належала калядаванню і шчадраванню. Паэт. ядро яго складалі калядныя песні (у г.л. шчадроўскія, гл. Шчадрэц), якім уласцівы метафарычнасць, сімвалізм, пластыка вобразаў. Зімовы цыкл уключаў піліпаўскія песні, ігрышчы, драм. дзействы з пераапрананнем, абрадавы абход з «казой», звяздой, аграрна-шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі» і інш. На масленіцу выконваліся масленічныя песні, іх прызначэнне — наблізіць прыход вясны. Яны суправаджалі гульні моладзі, абход двароў, дзе была сёлетняя нявеста, выражалі матыў заклінання будучага ўраджаю. Веснавыя песні і абрады былі закліканы асвячаць час адраджэння прыроды, пачатку палявых работ, яравых усходаў, выгану жывёлы на пашу. Веснавы цыкл абрадаў уключаў гуканне вясны, вяснянкі, валачобны абрад і валачобныя песні, ваджэнне карагодаў, абрадавы выган жывёлы на юр’еву расу і юраўскія песні, ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу, Сёмуху або Тройцу; з культам расліннасці звязаны русальны тыдзень з русаллямі, абрад куста, траецкія песні, русальныя песні, куставыя песні і інш. Летнія песні і абрады паводле архаічнай свядомасці адлюстроўвалі клопаты пра захаванне збажыны ў пару яе даспявання, павінны былі садзейнічаць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, паданні, павер’і Купалля, маляўнічыя паводле зместу і формы, нясуць адбітак стараж. уяўленняў. Купальскія песні і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў пару яе найб. росквіту. Яны стварылі поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы, а таксама вобразы міфалагічныя. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні, якія непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сял. сям’і — жніва, цяжкай працы, перажыванняў жняі, сац. адносіны, якія асабліва выявіліся ў песнях часоў прыгону. Важны элемент летняга цыкла — дажынкі. Асенні перыяд, звязаны з уборкай яравых, выбаркай і апрацоўкай лёну, сяўбой азімых — заканчэннем палявых работ, характарызаваўся дамінаваннем у восеньскіх песнях, якія спявалі толькі жанчыны, перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку. Сярод восеньскіх свят вылучаліся пакровы, багач і асабліва змітраўскія дзяды (асяніны). Позняя восень, калі наступала перадышка ў гасп. рабоце, была спрыяльным часам для традыц. збораў (вечарынкі, попрадкі і інш.), дзе спявалі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі. У межах усіх цыклаў бытавалі талочныя песні, якія спявалі пры застоллі пасля талакі. Разам з валачобнымі і восеньскімі песнямі янынац. адметная частка бел. фальклору. У жанравых адносінах К.-а.п. вельмі разнастайная: апрача каларытных абрадаў і звычаяў яна ўключае заклінальныя, велічальныя, баладныя, жартоўныя, лірычныя песні, рацэі, прыказкі, прымаўкі, паданні. У каляндарных прыказках і прымаўках адлюстраваліся шматвяковыя назіранні над прыродай, практычныя веды, парады, філас. абагульненні («Сей авёс у гразь — будзеш як князь», «Якое семя, такое і племя!», «Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку»), К.-а.п. як паэзія зямлі па сваёй сутнасці пераняла ад прыроды, працоўна-вытв. земляробчага побыту сваю выяўл палітру. Міфал. вобразы, народжаныя фантазіяй, суіснуюць у ёй з тымі, што ўзяты з рэчаіснасці, створаны па законах рэаліст. мастацтва. Вобразы сонца, вясны, купалкі, жыта, спарыша, зямлі суседнічаюць з вобразамі селяніна-гаспадара, хлопца, дзяўчыны, жняі-пастацянкі і інш. У велічальных песнях шырока карыстаюцца гіпербалай, беручы параўнанні з касм. і гасп. сфер. Яна мае характэрныя пастаянныя эпітэты («вясна-красна», «раса мядовая», «сяўба залатая». «сярпы сталёвыя або залатыя», «віно зеляно»). Уплыў хрысціянства закрануў нар. паэзію вонкава. Яна толькі часткова ўспрыняла паасобныя элементы хрысц. міфалогіі. Юрай, Мікола, Ілья, Пятро з песень гадавога круга — тыя ж сяляне, ратаі і сейбіты. І клопат іх пра жыта караністае ды ядраное, пра юр’еву расу, пагодлівы сенакос, раі семяністыя ды мядзістыя — чыста сялянскі. Асн. песенны фонд К.-а.п. яшчэ досыць трывала захоўваецца ў памяці вясковых жыхароў старэйшага пакалення Высокая эстэт. вартасць лепшых узораў К.-а.п. мае значэнне жыватворнай крыніцы для прафес культуры — л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва і інш.

Публ.:

Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Песні сямі вёсак;

Традыц. нар. лірыка Міншчыны. Мн., 1973;

Жніўныя песні. Мн., 1974;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Веснавыя песні. Мн, 1979; Валачобныя песні. Мн., 1980; Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомельская вобл. Мн., 1989; Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн.. 1990; Паэзія беларускага земляробчага календара Мн., 1992; Жаніцьба Цярэшкі. Мн.,1993; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Гілевіч Н. Наша родная песня Мн., 1968;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс.А Купальскія песні. Мн., 1974;

Ягож. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарпаабрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, XIX — начало XX в.: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. конец XIX — начало XX а: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Кледарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986, Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Беларускія народныя абрады / Склад. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

А.​С.​Ліс, І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),

1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.

2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.

Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв. вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял. Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз. паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс. т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.

Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПС інш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт. Авіяцыя.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Бабруйску і Бабруйскім раёне; налічвала 29 груп, больш за 500 чал. Групы ўзначальвалі М.​Р.​Баглай, П.​С.​Вашукевіч, А.​К.​Калеснікаў і Я.​І.​Савацееў, В.​С.​Калеснікаў, Д.​М.​Лемяшонак, П.​Ф.​Маслёнак і В.​І.​Бутараў, П.​М.​Сцяржанаў, І.​В.​Стомаў (з крас. 1942 Я.​Е.​Царык) і С.​Г.​Акуліч, А.​Ф.​Фальковіч і інш., а таксама б. ваеннаслужачыя (групы С.​З.​Крамнёва, В.​І.​Лівенцава, А.​Н.​Сумбаева, І.​А.​Хімічова, К.​М.​Якаўлева). Апрача Бабруйска, падп. групы дзейнічалі на ст. Мошны, у р.п. Глуша, у вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Восава, Гарбацэвічы, Казакова, Каралёва Слабада, Кругланіва, Фартуны, Цялуша, Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш. Падпольшчыкі выводзілі са строю абсталяванне на лесакамбінаце, хлебазаводзе, электрастанцыі, здабывалі і выраблялі дакументы, пячаткі, мелі радыёпрыёмнікі, фоталабараторыю; учынялі дыверсіі на суднарамонтным і шпаларэзным з-дах, на радыёзаводзе; вялі прапаганду ў варожых фарміраваннях (70 ням. салдатаў у 1943 са зброяй перайшлі на бок партызанаў); перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, прадукты, медыкаменты, звесткі разведкі; арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера смерці, ратавалі насельніцтва ад вывазу ў Германію. У друкарні акупантаў яны друкавалі лістоўкі, бланкі пропускаў, прадуктовыя карткі, пазней вынеслі з яе шрыфт і інш. абсталяванне, з якога ў студз. 1942 партызаны наладзілі выпуск лістовак і адозваў да насельніцтва. У снеж. 1941 акупанты раскрылі некалькі падп. груп, у студз. 1942 частка падпольшчыкаў пад пагрозай правалу пайшла да партызанаў. Некат. падп. групы, звязаныя са штабамі часцей Чырв. Арміі, рэгулярна забяспечвалі іх інфармацыяй пра колькасць, дыслакацыю і ўзбраенне часцей праціўніка. У 2-й пал. 1943 баявая дзейнасць падпольшчыкаў узмацнілася, створаны новыя падп. групы (на чыг. вузле, электра- і тэлефоннай станцыях). Восенню 1943 патрыёты ўзарвалі воінскі эшалон з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка, цэментны з-д, падпалілі казармы. У Бабруйску помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

Да арт. Бабруйскае патрыятычнае падполле. Помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.

Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.​Ляпуновым і тульскія на чале з І.​Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.

Кр.: Восстание И.​Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.

Літ.:

Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛТЫ,

група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.​Ф.​Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на Зславяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.

Літ.:

Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

В.​І.​Шадыра.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,

навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл. Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.

У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч. г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).

З.​А.​Пастухова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,

раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.​Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2​n радкоў.

Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць x_. Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.

Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут x | y = x & y_______ , x y = x y_______ , якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).

Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)