УЛА́НЫ (польскае ułan ад тур. oĝlan хлопец, слуга),
1) прадстаўнікі знаці Залатой Арды, якія вялі свой радавод ад нашчадкаў Чынгісхана, што не атрымалі трон. Сярод татар ВКЛ першымі У. былі князі Асанчуковічы, якія, верагодна, паходзілі ад аднаго з нашчадкаў Джучы-хана, кн. Асанчука. У войску ВКЛ У. складалі асобную харугву, якая ў 1631 налічвала 179 дымоў. У 16—18 ст. У. ў ВКЛ разгалінаваліся на некалькі родаў; валодалі маёнткамі, неслі вайсковую службу ў конніцы, вызваляліся ад падаткаў, мелі многія правы шляхты. З 2-й пал. 17 ст. племянныя адрозненні ў татар ВКЛ паступова зніклі, і У. перасталі істотна вылучацца сярод інш.ваен.-служылых родаў, захаваўшы ў асобных выпадках назву «У.» ў прозвішчах (напр., Малюшыцкія-У.).
2) Від лёгкай кавалерыі. Упершыню У. з’явіліся ў 13—14 ст. у манг.-тат. войску як часці конніцы, узброенай коп’ямі з флюгерамі, узначальваліся членамі ханскай сям’і. Першыя ў Еўропе уланскія часці з’явіліся ў 16 ст. ў Польшчы і ВКЛ Яны фарміраваліся з аселых тут татар-У. Напачатку мелі выключна татарскае адзенне, потым ад яго захаваўся толькі галаўны ўбор з квадратным верхам — уланка. У 18 ст. У. як від кавалерыі з’явіліся ў Аўстрыі і Прусіі, у пач. 19 ст. — у Францыі. На ўзбраенні ў іх былі пікі з флюгерамі, пазней пісталеты, з сярэдзіны 19 ст. — карабіны. У Рас. імперыі ў 1797 указам імператара Паўла I з ураджэнцаў б.ВКЛ сфарміраваны 2 кав. палкі, узброеныя шаблямі і пікамі: Конна-польскі таварыскі і Літоўска-татарскі, але назвы «У.» яны не мелі. У 1803 сфарміраваны лейб-гвардыі уланскі полк. У 1803—12 сфарміраваны або пераўтвораны з драгунскіх больш як 10 уланскіх палкоў, у т. л. Літоўскі уланскі і Татарскі уланскі палкі. У 1812 уланскія палкі сфарміраваны ў Літоўскіх войсках 1812 (на баку Францыі). Пасля вайны 1812 у рас. арміі ствараліся новыя уланскія палкі, у т. л. лейб-гвардыі Уланскі цэсарэвіча (з ураджэнцаў бел. і літ. губерняў; 1817). Да 1830 існавалі 2 гвардзейскія і 21 армейскі уланскія палкі. У 1882 уланскія палкі (акрамя 2 гвардзейскіх) перафарміраваны ў драгунскія, у 1907 адноўлены. У 1914 рас. кавалерыя мела 2 гвардзейскія і 17 армейскіх уланскіх палкоў. У. ліквідаваны ў пач. 1918. У Войску Польскім у міжваенны перыяд (1920—39) існавалі 27 палкоў У.
Літ.:
Грыцкевіч А.П. З гісторыі паселішчаў татар у Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 6;
Канапацкі І.Б., Смолік А.І. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мн., 2000;
Охлябинин С.Д. Из истории российского мундира. М., 1996. С. 64—74;
Валькович А. На поле чести // Родина. 2000. № 11;
Dumin S. Herbarz rodzin tatarskich Wielkiego Księstwa Litewskiego. Gdańsk, 1999.
І.Б.Канапацкі, А.М.Лукашэвіч.
Да арт.Уланы. Радавы Польскага уланскага палка. Канец 18 ст.Да арт.Уланы. Сутычка кавалерыстаў на пісталетах у эпоху напалеонаўскіх войнаў.