РАВІ́НСКІ (Вікенцій Паўлавіч) (1786, Духаўшчынскі р-н Смаленскай вобл. Расія — 1855),

паэт і драматург, найб. верагодны аўтар бел. паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнік войнаў з французамі 1805—07, 1812, паходу рус. арміі ў Зах. Еўропу. З 1816 у адстаўцы, палкоўнік. З 1826 на цывільнай службе ў Арэнбургскай губ., у Пензе, Кастраме. З 1833 на радзіме. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды: валодаў франц. і ням. мовамі, цікавіўся гісторыяй і л-рай. Поглядамі блізкі да дзекабрыстаў. «Энеіда навыварат» (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—25 у вёсцы ці ў 1827—28, калі ён стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды з жыцця памешчыкаў, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;

Яго ж. Разыскивается классик... Мн., 1989;

Яго ж. Слядамі «Энеіды»;

З даследчыцкага дзённіка // Полымя. 1996. №10.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСАЦЫ́ЙНЫЯ ВАГА́ННІ,

від аўтаваганняў, якія па форме рэзка адрозніваюцца ад гарманічных ваганняў з-за рассеяння энергіі ў вагальных сістэмах. Узнікаюць пад уздзеяннем дысіпатыўных сіл, напр., сілы трэння ў мех. і актыўнага супраціўлення ў эл. сістэмах. Характэрная асаблівасць Р.в. — немагчымасць іх узнікнення пры адключэнні крыніцы сілкавання ад аўтавагальнай сістэмы.

Рассейванне энергіі вядзе да таго, што энергія, засяроджаная ў адным з двух (ці больш) назапашвальнікаў сістэмы, не перадаецца поўнасцю інш. назапашвальніку, як у сістэмах, дзе адбываюцца гарманічныя ваганні. Калі ў сістэме мае пераважнае значэнне толькі адзін з энергаёмістых параметраў (напр., ёмістасць пры нязначнай індуктыўнасці ці жорсткасць спружыны пры малой масе), то кожны перыяд Р.в. можна падзяліць на некалькі рэзка размежаваных прамежкаў часу, якія адпавядаюць павольнай і хуткай змене стану сістэмы, і разглядаць Р.в. ў такіх сістэмах, як разрыўныя ваганні. Эл. Р.в., якія ўтвараюцца, напр., у блокінг-генератарах, мультывібратарах, RC-генератарах, выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, тэлекіраванні і інш.

Да арт. Рэлаксацыйныя ваганні: а — схема рэлаксацыйнага генератара; б — графік змены сілы току ў контуры; E — крыніца току; R — супраціўленне; C — кандэнсатар; Uc — напружанне на кандэнсатары; Ic — ток праз кандэнсатар; Λ — неонавая лямпа.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТАЯ́НА ((Santayana) Джордж) (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),

амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАВО́Д,

святлапровад, хвалявод аптычны, закрытае ўстройства для накіраванай перадачы светлавой энергіі.

У адкрытай прасторы перадача светлавой энергіі магчыма толькі ў межах прамой бачнасці і звязана са стратамі, абумоўленымі пач. разыходнасцю выпрамянення, яго паглынаннем і рассеяннем у атмасферы. Выкарыстанне С. дае магчымасць значна зменшыць страты светлавой энергіі, а таксама перадаваць яе па крывалінейных трасах. Паводле канструкцыі адрозніваюць С. лінзавыя, валаконныя, планарныя, палоскавыя і інш. Лінзавыя С. — сістэма размешчаных у трубе лінзаў, якія служаць для перыядычнай карэкцыі хвалевага фронту светлавога пучка. Найб. распаўсюджаны валаконныя С. (гл. Валаконная оптыка). Для патрэб інтэгральнай оптыкі распрацаваны планарныя і палоскавыя С. — тонкая (парадку даўжыні светлавой хвалі) празрыстая святловядучая плёнка, нанесеная на аднародную падложку. Паказчык пераламлення плёнкі большы, чым паказчык пераламлення падложкі і асяроддзя над С. Светлавая хваля ў такім С. распаўсюджваецца ў працэсе шматкратнага поўнага адбіцця ад яго сценак. Палоскавыя С. адрозніваюцца ад планарных шырынёй (сувымерная з даўжынёй светлавой хвалі).

Літ.:

Унгер Х.-Г. Планарные и волоконные оптические волноводы: Пер. с англ. М., 1980;

Волоконно-оптические системы передачи.М., 1992.

Я.​В.​Алішаў.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНАЯ ЖИЗНЬ».

штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага кірунку. Засн. 9(22).2.1909 у Вільні на рус. мове пад назвай «Белорусская жизнь», выхад прыпынены на 1-м нумары, адноўлены 1(14).1.1911 у Вільні. 10(23).8.1911 перайменавана ў «С.-З.Ж.». З 21.3(3.4). 1912 у Гродне, з сак. 1913 да 5(18).9.1915 у Мінску на рус. мове. Рэдактары-выдаўцы Л.​М.​Саланевіч, яго брат С.​М.​Саланевіч, сын ІЛ. Саланевіч. Газета атрымлівала дзярж. субсідыю, была неафіц. урадавым органам на Беларусі і Літве. «С.-З.ж.» ідэалізавала старадаўнюю дапятроўскую Русь на чале з царом-самадзержцам і дарадчым Земскім саборам, прапагандавала утапічны ідэал «народнай манархіі», праслаўляла эпоху цара Аляксея Міхайлавіча. Адмаўляла этнічную, нац. і культ. самастойнасць бел. народа, прызнавала толькі рэгіянальныя асаблівасці краю. Вяла барацьбу з нац. адраджэннем, абвінавачвала газ. «Наша ніва», Я.​Купалу, інш. пісьменнікаў у сепаратызме і дзярж. здрадзе. Нападала на крытычны рэалізм у л-ры, музыцы, выяўл. мастацтве, мадэрнізм, творчасць Л.​Талстога, М.​Горкага, К.​Бальмонта і інш., крытыкавала сімвалізм і футурызм.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),

від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:

Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.​Купала. «Роднае слова»)

Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:

Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.​Панчанка. «Слова пра Палессе»)

Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.

Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.​Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)

Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:

Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.​Панчанка. «У космас»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА ВІ́ЛЕНСКІХ ПАКУ́ТНІКАЎ ІАА́НА, АНТО́НІЯ, ЯЎСТА́ФІЯ», «Жыціе віленскіх (літоўскіх) пакутнікаў»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 15 ст. Напісана ў Візантыі ў 3-й чвэрці 14 ст. напачатку, верагодна, па-грэчаску, пасля перакладзена на царк.-слав. мову. У жыціі коратка выкладзена гісторыя пра трох язычнікаў з «Літоўскай зямлі», якія перайшлі ў хрысціянства, сталі гарачымі прыхільнікамі новай веры і дачасна скончылі жыццё пакутніцкай смерцю: паводле загаду князя іх павесілі. У аснову твора пакладзены, відаць, сапраўдны факт, але ён апісаны вельмі сцісла, даволі трафарэтна і схематычна. У жыціі мала гіст. рэалій, канкрэтных быт. дэталей, жыццёвай праўды. Толькі ў спісах усх.-слав. паходжання згадваецца літ. кн. Альгерд, адзначаецца, што падзеі адбываліся ў Вільні і падаюцца язычніцкія імёны герояў — Круглец, Няжыла, Кумец. «Сказанне...» бытавала ў розных зборніках, унесена ў «Вялікія Мінеі Чэцці» Макарыя (16 ст.), аднак бел.-літ. летапісы і хронікі гісторыю пра трох віленскіх пакутнікаў не адзначаюць. Самыя стараж. спісы — Віленскі і Бялградскі (15 ст.).

Літ.:

Сперанский М.Н. Сербское житие литовских мучеников. М., 1909.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫ РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.​Альберт (ФРГ), Т.​Кун, І.Лакатас, Дж.​Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.​Р.​Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.​Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метад навук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.

Літ.:

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ. М., 1983;

Современная западная философия: Словарь. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.​М.​Сарокін.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.

Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)