МІЖВУЗЕ́ЛЛЕ ў біялогіі,

участак сцябла паміж двума сумежнымі вузламі парастка. У пупышцы М. не развітыя, вузлы цесна збліжаны. Пры росце парастка яны падаўжаюцца ў выніку дзейнасці ўставачных (інтэркалярных) мерыстэм (роставыя парасткі дрэў, кветаносныя парасткі траў). Застаюцца вельмі кароткімі ці адсутнічаюць М. ў некат. суквеццяў (кошык, парасонік), разетачных раслін (напр., дзьмухавец, трыпутнік), укарочаных парасткаў дрэў (бяроза, яблыня).

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́БІЛІС (Mirabilis),

род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).

М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),

адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФО́РА (Sophora),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, радзей ва ўмераных шыротах. На Беларусі інтрадукавана С. японская (S. japonica).

Дрэвы, кусты, часам шматгадовыя травы Лісце непарнаперыстаскладанае, чаргаванае. Кветкі белыя, жаўтаватыя, ружовыя, фіялетавыя, у гронках або мяцёлках. Плод — боб. Усе віды ядавітыя. Лек., дэкар., фарбавальныя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сафора таўстаплодная.

т. 14, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЗО́ННАСЦЬ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

нераўнамернасць выпуску прадукцыі, якая залежыць ад пары года, біял. фактараў (перыяд выспявання раслін), выканання асобных работ (паляўнічы сезон, рыбалоўства) і інш. Уплывае на работу с.-г. прадпрыемстваў, што перапрацоўваюць с.-г. сыравіну, гандлю, транспарту, буд. арг-цый, здабычу карысных выкапняў адкрытым спосабам, паніжае рытмічнасць вытв-сці, узровень выкарыстання вытв. магутнасцей, прац. рэсурсаў, запавольвае грашовае абарачэнне.

т. 14, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),

тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз. сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзіндыоксіпірымідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЕРЫНК ((Beyerinck) Марцін Вілем) (16.3.1851, Амстэрдам — 1.1.1931),

галандскі батанік і мікрабіёлаг; адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Праф. (1895). Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1924), ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Дэлфт. Вылучыў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901). Навук. працы па жыццядзейнасці мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, развіцці вышэйшых раслін, пра ролю бактэрый у кругавароце рэчываў у прыродзе.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 17 км на ПнЗ ад г. Лунінец. Пл. 0,22 км², даўж. 600 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5 м.

Схілы катлавіны пясчаныя, пад хваёвым лесам. Берагі выш. да 2 м, пясчаныя. У возеры растуць палушнік азёрны і лабелія Дортмана — ахоўныя віды раслін, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Габрыэль Эміль) (17.5.1867, Парыж — 20.6.1962),

Французскі біяхімік, хімік, батанік, бактэрыёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі і Парыжскай АН (1923). Праф. (1908). Замежны чл.-кар. Расійскай АН і АН СССР (1924). Скончыў Вышэйшую фармацэўтычную школу ў Парыжы. З 1900 у Сарбоне, адначасова ў Пастэраўскім ін-це. Навук. працы па энзімалогіі. Распрацаваў колькасныя метады выяўлення цукрыдаў (1906) і мікраэлементаў раслін і жывёл.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)