ГАНЧАРО́Ў (Віктар Канстанцінавіч) (н. 14.3.1939, с. Сакалоўка Растоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лазернай фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў Варонежскі ун-т (1962). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1979 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы. Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.

Тв.:

Роль частиц материала мишени в динамике лазерного эрозионного факела // Инженерно-физ. журн. 1992. Т. 62, № 5.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́Й (Віктар Канстанцінавіч) (н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.​Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

В.К.Гардзей.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗІЕ́НКА (Анатоль Іларыёнавіч) (н. 18.12.1941, с. Локці Омскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне металафізікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1996), д-р тэхн. н. (1983), праф. (1991). Скончыў БДУ (1964). З 1967 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1990 нам. дырэктара. Навук. працы па тэорыі фазавых і структурных ператварэнняў у металах пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў энергіі. Распрацаваў новыя бранявыя матэрыялы з выкарыстаннем тэхналогій электратэрмічнага ўмацавання. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Структурные и фазовые превращения в титановых сплавах при быстром нагреве. Мн., 1983 (разам з А.​А.​Шыпко).

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛ-МАН ((Gell-Mann) Мюрэй) (н. 15.9.1929, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1960). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1951). У 1952—54 у Чыкагскім ун-це, з 1954 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1956 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Увёў паняцце дзіўнасці (1953) і адкрыў закон яе захавання (незалежна ад К.​Нішыджыма). Разам з Р.​Фейнманам распрацаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958), прапанаваў сістэматыку элементарных часціц (1961), выказаў гіпотэзы аб кварках (1964) і глюонах (1973). Нобелеўская прэмія 1969.

М.Гел-Ман.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НДЭРСАН, Хендэрсан (Henderson) Артур (13.9.1863, г. Глазга, Вялікабрытанія — 20.10.1935), англійскі паліт. дзеяч. У 1903 абраны ў Палату абшчын. Адзін з лідэраў лейбарысцкай партыі (у 1908—10 і 1914—17 яе старшыня, у 1911—34 сакратар). У часы 1-й сусв. вайны ў 1915—17 у складзе кааліцыйнага ўрада, у 1924 міністр унутр. спраў у 1-м лейбарысцкім кабінеце Р.​Макдональда, у 1929—31 міністр замежных спраў у 2-м кабінеце Макдональда. У 1932—33 старшыня міжнар. Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1934.

А.Гендэрсан.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁПЕРТ-МА́ЕР ((Goeppert-Mayer) Марыя) (28.6.1906, г. Катавіцы, Польшча — 20.2.1972),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Амер. АН і мастацтваў (1956). Скончыла Гётынгенскі ун-т (1930). З 1931 у розных ун-тах ЗША, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў імя Э.​Фермі, з 1960 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай і статыстычнай механіцы, тэорыі крышталічнай рашоткі і фіз. хіміі. Прадказала двухфатоннае паглынанне святла (1931) і падвойны бэта-распад (1935). Незалежна ад Г.​Енсена прапанавала абалонкавую мадэль атамнага ядра. Нобелеўская прэмія 1963.

М.Гёперт-Маер.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ЗСКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 21.11.1918, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Школу кінаакцёра пры кінастудыі «Масфільм» (1940). У 1940—46 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, з 1946 у Тэатры-студыі кінаакцёра. З 1939 здымаецца ў кіно. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізоду. Стварыў псіхалагічна глыбокія, унутранаканфліктныя характары ў фільмах: «У агні броду няма», «На вайне як на вайне», «Місія ў Кабуле», «Бег», «Прыйшоў салдат з фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1973), «Маналог», «Полымя» (Сярэбраны медаль імя А.​Даўжэнкі, 1975), «Апошняя ахвяра», «Спыніўся поезд», «Без сонца», «Паміраць не страшна» і інш.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЭ́ШАЎ ((Glaschow) Шэлдан Лі) (н. 5.12.1932, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Бацькі Глэшава паходзяць з Беларусі. Скончыў Корнелскі (1954) і Гарвардскі (1955) ун-ты. З 1966 праф. Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і тэорыі элементарных часціц. Выказаў гіпотэзу пра існаванне новага квантавага ліку — чароўнасці (1964). Мадыфікаваў тэорыю слабага і электрамагнітнага ўзаемадзеяння Вайнберга—Салама і ўключыў у разгляд зачараваныя кваркі (1970). Прапанаваў тэорыю, якая аб’ядноўвае слабыя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні (гл. «Вялікае аб’яднанне»). Нобелеўская прэмія 1979.

Ш.Глэшаў.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Сяргей Аляксеевіч) (5.7.1910, г. Луганск, Украіна — 9.4.1988),

украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974), правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1928—32), выкладаў у ім (1934—60; праф. з 1947). Творы на тэмы маралі і выхавання моладзі: «Варатар» (1949), «Абмеркаванне двойкі» (1950), «Вярнуўся» (1954), «Цікавая кніга» (1974), «Мірная зямля» (1975), «Сястра і брат» (1985) і інш. Аўтар партрэтаў І.​С.​Конева (1947), П.​Усенка (1959), П.​Панча (1967), М.​Бажана (1976) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, 1951.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫШКО́ (Міхаіл Сцяпанавіч) (27.2.1901, г. Марыупаль, Украіна — 3.6.1973),

украінскі спявак (драм. барытон). Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1926). З 1927 саліст Харкаўскага, у 1936—64 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Адзін з буйнейшых майстроў укр. опернай сцэны. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і сілы. Сярод партый: Багдан Хмяльніцкі (аднайм. опера К.​Данькевіча), Шыбок, Гарбенка («Мілана», «Арсенал» Г.​Майбарады), Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мазепа («Мазепа» П.​Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.​Вердзі). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)