ЛІ́ПЕНЬ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Свіслач, каля аўтадарогі Асіповічы — в. Свіслач. Цэнтр сельсавета і калект.-далявой гаспадаркі «Ліпень». За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Асіповічы, 126 км ад Магілёва. 1000 ж., 401 двор (1999). Лясніцтва, участак Асіповіцкага лясгаса, цэх па перапрацоўцы драўніны, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі селішча банцараўскай культуры (6—8 ст.) і эпохі Кіеўскай Русі (10—13 ст.).

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПУ́ЧКА, турыца (Lappula),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, у Аўстраліі, часткова ў Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. вожыкападобная (L. echinata). Трапляецца на засмечаных мясцінах, насыпах, каля жылля. Пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, шаравата-зялёныя. Лісце вузкалінейнае ці ланцэтападобнае, апушанае, як і сцёблы, цвёрдымі валаскамі. Кветкі дробныя, блакітныя, радзей белаватыя, у верхавінкавых завітках. Плод — чатырохарэшак з шыпамі, якія чапляюцца за шэрсць жывёл і вопратку (адсюль назва).

Ліпучка вожыкападобная.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс. км². Нас. каля 2,3 млн. чал. (1995). Гал.’ горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НСК,

горад на Украіне, цэнтр Луганскай вобл., каля сутокаў рэк Лугань і Альхавая. Узнік у 1795 каля Екацярынаслаўскага (з 1797 Луганскага) чыгуналіцейнага з-да; з 1882 горад, у 1935—58 і 1970—90 наз. Варашылаўград. 480 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр машынабудавання Данбаса (цеплавозы, аўтамабілі, шчолачныя акумулятары); металаапр. (трубы і інш.), лёгкая (тонкасуконны камбінат, трыкат., абутковыя, швейныя прадпрыемствы), дрэваапр., хім.-фармацэўтычная, харчасмакавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Цырк. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст.,

У.​І.​Даля.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МКА, Лукамка, Уюнок,

рака ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 831 км². Выцякае з Лукомскага возера каля г. Новалукомль, цячэ ўздоўж усх. ускраіны Лукомскага ўзв. па Чашніцкай раўніне. Асн. прыток — р. Югна (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, у ніжнім цячэнні да 5 км. Пойма перарывістая, у вярхоўі і вусцевай ч. забалочаная, шыр. да 1,6 км. Рэчышча моцназвілістае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,4 м³/с. Каля в. Рудніца Лукомскае вадасховішча.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЦЭ́РН (Luzern),

горад у цэнтр. ч. Швейцарыі. Адм. ц. кантона Люцэрн. Засн. каля 1180. Каля 70 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Фірвальдштэцкім воз. Прам-сць: маш,буд., прыладабуд., швейная, паліграф., харчовая. Музеі, у т. л. мастацкі і гістарычны. Скарбніца Гофкірхе. Гар. ўмацаванні з вежамі (пач. 15 ст.), Рыцарскі палац, пазней езуіцкі калегіум (2-я пал. 16 ст.), драўляныя гатычныя масты Капельбруке (1333, згарэў у 1993, адбудаваны) і Шпроербруке (1408), ратуша (пач. 17 ст.), будынкі ў стылі барока (17—18 ст.). Штогадовыя муз. фестывалі. Кліматычны курорт. Турызм.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДО́ЎСКАЯ МУСЦЬЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мусцье (каля 70—60 тыс. г. назад) у сярэднім цячэнні Днястра. Назва ад стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл. Украіны. Аснова гаспадаркі — паляванне на маманта і шарсцістага насарога. На помніках М.м.к. ўпершыню выяўлены рэшткі мусцьерскіх жытлаў — авальныя выкладкі спецыяльна падабраных вял. касцей мамантаў. У адным з жытлаў знойдзены сляды 15 вогнішчаў. Для М.м.к. характэрны крамянёвыя прылады, вырабленыя на пласцінах і пласцінкавых адшчэпах: скрэблы, скрэблы-нажы, вастрыі інш., апрацаваныя неглыбокай краявой рэтушшу. Пануе левалуазская тэхніка расшчаплення крэменю.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я ВО́СМАТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 34 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,58 км², даўж. каля 1,9 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі каля 5,6 км. Пл. вадазбору 13,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на У да 7 м), параслі лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе шыр. 5—10 м, на Пд да 30 м. Дно пясчанае, месцамі ілістае. Злучана пратокай з воз. Вялікая Восмата.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е СВІНО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 37 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 1,06 км², даўж. каля 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,7 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Пл. вадазбору 12,9 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пд да 10 м), пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПдУ і З нізкія, пясчаныя. Дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Вялікае Свіно.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ ХІНГА́Н,

горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн. ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)