РАБЕ́Р ((Robert) Юбер) (22.5.1733, Парыж — 15.4.1808),

французскі мастак; прадстаўнік класіцызму. Чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (з 1767), ганаровы вольны супольнік Пецярбургскай АМ (з 1802). Вучыўся ў М.​Слодца і Ш.​Ж.​Натуара. Зазнаў уплыў Дж.Б.Піранезі. Працаваў у Парыжы. У 1754—65 жыў у Італіі. З 1784 захавальнік Луўра. Майстар «арх. пейзажа». Пісаў пераважна ант. руіны, паркавыя віды; часам у кантраст з грандыёзнай архітэктурай уводзіў жанравыя сцэнкі, што прыўносіла ў пейзаж элементы ракако. Творы вызначаюцца кампазіцыйнай свабодай, тонкасцю светапаветранай перспектывы, лёгкасцю і мяккасцю колеравых нюансаў: «Інтэр’ер храма Дыяны ў Німе», «Храм Юпітэра ў Рыме», «Гавань Рыпета ў Рыме» (1767), «Павільён з каскадам», «Піраміда Цэстыя» (абодва 1760-я г.), «Пейзаж з абеліскам» (1775), «Руіны» (1779), «Разбуральнікі гнёздаў», «Уцёкі» (абодва каля 1780), «Тэраса ў Марлі» (каля 1783) і інш. У 1775 прымаў удзел у рэканструкцыі Версальскага парку.

Літ.:

Дьяков Л.А. Гюбер Робер. М., 1971.

Л.​Ф.​Салавей.

Ю.Рабер. Уцёкі. Каля 1780.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)