дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс.км². Нас. 5648,4 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г.Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар.к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».
Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд.т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд.м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-растудз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.
Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.
Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст.н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).
У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц.ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.
24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст.Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб.Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл.ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.
Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн.т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд.м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд.кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн.т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш.Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн.т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн.т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч.прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн.га). 470 тыс.га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш.Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн.га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс.км. У краіне 4,4 тыс.км нафтаправодаў, 0,4 тыс.км прадуктаправодаў, 1,9 тыс.км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд.дол., імпарт 7,3 млрд.дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.
Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст.л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн.літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба засац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лівіі.Да арт.Лівія. Лівійская пустыня.Да арт.Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 ммза год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 ммза год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,
дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 ммза год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты занац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,
1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.
З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.
Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт.Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба занац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт.Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.Луцкевічаў, А.М.Уласава, В.Ю.Ластоўскага, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Л.Гмырака, М.Гарэцкага, Я.Лёсіка, І.Канчэўскага, асабліва Я.Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел.дэмакр. партый і арг-цый.
2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНААСО́БНІКІ,
сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц.сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш.сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст.гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл.Раскулачванне).
Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд.т), ЗША — 3,6 (445 млрд.т) і Кітай — 1,5 (272 млрд.т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксама хім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл.Газіфікацыя паліва).
Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.
У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд.т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд.т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл.Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.
Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн.т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл.табл.). <TABLE>
Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн.т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн.т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.
Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс.т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн.т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн.т) і Тонежскае (44 млн.т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн.т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн.т.
В.М.Сасноўскі.
Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Кітай
1291
1059
Канада
74
2500
ЗША
933
3548
Чэхія
72
6963
Індыя
280
243
КНДР
72x)
4216
Расія
263
1773
Турцыя
58
928
Германія
251
3073
Грэцыя
54
5138
Аўстралія
244
13536
Вялікабрытанія
50
861
Польшча
200
5126
Румынія
38
1653
ПАР
195
4730
Інданезія
33
169
Украіна
84
1623
Іспанія
30x)
752
Казахстан
83
5010
Балгарыя
28
2790
x) 1994.
Да арт.Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Мікалай Васілевіч) (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа занац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (эканам.),
каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасуцэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.
У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл.Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.
У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл.Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол.за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол.за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв.спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.
Літ.:
Марфунин А.С. История золота. М., 1987;
Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1993;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.