высокадысперсны прадукт няпоўнага згарання або тэрмічнага раскладання вуглевадародаў прыроднага і прамысл. газаў, а таксама нафтавага і кам.-вуг. масел.
Парашок чорнага колеру з сярэднім дыяметрам часцінак 10—50 нм, шчыльн. 1760—1950 кг/м³. Асн. кампанент — вуглярод (не менш за 90%). Атрымліваюць спальваннем прыроднага газу або яго сумесей з нафтавым маслам у спец. печах (пячныя С.) і камерах (канальныя, ці дыфузійныя С.), тэрмічным раскладаннем прыроднага газу ў генератарах без доступу паветра (тэрмічная С). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік гумы (больш за 80% вырабляемай С.) і пластмас, пігмент для друкарскіх фарбаў, капіравальнай паперы і інш., у вытв-сці некаторых сплаваў, спец. гатункаў паперы, гальванічных элементаў і інш.
Літ.:
Зуев В.П., Михайлов В.В. Производство сажи. 3 изд. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 25.8.1944),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1969). Як рэжысёр дэбютаваў у 1970 навеламі паводле апавяданняў А.Чэхава «Ад нечага рабіць» і «Прапанова» (у фільме «Сямейнае шчасце»). Для яго творчасці характэрны высокая культура пластычных рашэнняў, тонкасць і дакладнасць перадачы атмасферы, пераасэнсаванне рэчаіснасці, нечаканыя экстравагантныя прыёмы: «Станцыйны наглядчык» (паводле А.Пушкіна, 1972), «Ягор Булычоў і іншыя» (паводле М.Горкага, 1973), «Сто дзён пасля дзяцінства» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Мелодыі белай ночы» (1977, з Японіяй), «Спадчынніца па прамой» (1982), «Выбраныя» (1983, з Калумбіяй) «Аса» (1988), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема любові» (1990), «Дом пад зорным небам» (1992), «Пяшчотны ўзрост» (2000) і інш.
расійскі кампазітар, педагог. Нар.арт. Расіі (1972). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941, кл. М.Гнесіна). З 1945 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных у Маскве, з 1951 — у Ленінградскай кансерваторыі (з 1965 праф.). Сярод твораў паэма-араторыя «Дванаццаць» (1957) і кантата «Скіфы» (1973; абедзве паводле А.Блока); 4 сімфоніі (1952—76), сімф. сюіта «Паэтычныя карцінкі» (1955; паводле Х.К.Андэрсена); 2 канцэрты для скр. з арк. (1964, 1974); 6 стр. квартэтаў (1945—71), рамансы, у т. л. цыкл рамансаў на вершы Я.Купалы «Былыя песні» (1947), песні, музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Звяртаўся да жанру хар. канцэрта, у т. л. «Лябёдка» (1970) на нар. тэксты. Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛЬПЫ (Salpae),
клас хордавых жывёл падтыпу абалоннікаў (паводле інш. класіфікацыі — атрад кл. пелагічных абалоннікаў Thaliacea). 2 атр. (падкл.): бачоначнікі (Cyclomyaria) і ўласна С. (Desmomyaria), 25 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, акрамя Паўн. Ледавітага. Свабоднаплаваючыя адзіночныя і каланіяльныя жывёлы. Трымаюцца пераважна паблізу паверхні вады. Здольныя да свячэння (за кошт сімбіятычных бактэрый).
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 33 см. Цела бочачкападобнае, укрыта празрыстай абалонкай (тунікай). Сэрца на брушным баку, крывяносная сістэма незамкнёная. Нерв. сістэма прадстаўлена надглотачным нерв. вузлом, над якім размешчана святлоадчувальнае вочка. Дыхаюць жабрамі. Кормяцца фітапланктонам. Гермафрадыты. Жыццёвы цыкл адбываецца з чаргаваннем палавога і бясполага пакаленняў. Бясполыя асобіны (аазоіды) размнажаюцца пачкаваннем. Развіццё без стадыі лічынкі. У дарослых знікае хорда і хвост. Корм для некат. рыб, марскіх чарапах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НКЦЫІ (ад лац. sanctio строгая пастанова) у праве, меры ўздзеяння і рашэнні, якія маюць канчатковы характар (як правіла) і не падлягаюць перагляду. Маюць 4 асн. значэнні: 1) крымінальныя, адм., дысцыплінарныя ці маёмасныя меры, якія ўжываюцца да правапарушальніка і цягнуць для яго неспрыяльныя вынікі. Крымін. С. (пазбаўленне волі і інш.) прымяняюцца толькі судом, адм. С. (штраф, адм. арышт) — міліцыяй, дзярж. інспекцыяй і да т.п., дысцыплінарныя С. — службовымі асобамі і адміністрацыяй, маёмасныя С. — судом у спалучэнні з інш. мерамі.
2) Структурная частка агульнай нормы права, якая паказвае на магчымыя меры ўздзеяння на парушальніка дадзенай нормы.
3) Пастанова пракурора, якая дазваляе прымусовыя меры да асобы, што падазраецца ў злачынстве (узяцце пад варту, вобыск і інш.).
4) У міжнар. праве — меры ўздзеяння на дзяржаву, якая парушыла нормы гэтага права ці свае міжнар. абавязацельствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПО́ЦКІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Засн. ў 1978 для аховы прыродных запасаў лек. раслін, ландшафтных і фларыстычных комплексаў з рэдкімі і знікаючымі відамі. Пл. 12,6 тыс.га. Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя і інш. Трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Выдзелены рэдкія ландшафтныя прыродныя комплексы: участак стужачных ліпнякоў, поймавых дуброў і грабнякоў, хвойніку на карэнным беразе р. Нёман і інш.Лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, цмен пясчаны, ландыш майскі і інш. Купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, мнаганожка звычайная, лопух дуброўны, сіела прамая, кастрэц Бенякена, кураслеп лясны занесены ў Чырв. кнігу. З прадстаўнікоў фауны, занесеных ў Чырв. кнігу, барсук, бугай вялікі, бусел чорны, аляпка, варакушка, махаон, стужка ордэнская блакітная, чмель шрэнка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАСА́ТЭ, Сарасатэ-і-Наваскуэс (Sarasate у Navascuéz) Пабла дэ (Пабла Марцін Мелітан; 10.3.1844, г. Памплона, Іспанія — 20.9.1908), іспанскі скрыпач, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857). З 1859 вёў гастрольную дзейнасць. У канцы 1860-х г. арганізаваў стр. квартэт у Парыжы, з якім канцэртаваў у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (з 1869). Іграў у ансамблях з піяністамі А.Р. і М.Р. Рубінштэйнамі, скрыпачамі Г.Вяняўскім і Л.Аўэрам, віяланчэлістамі К.Давыдавым і А.Вержбіловічам. У Парыжы быў пастаянным удзельнікам т.зв. чацвяргоў у І.Тургенева. З вял. поспехам выконваў асабістыя творы, у якіх яскрава праявіўся нац. стыль. Аўтар твораў для скрыпкі з фп., у т. л. «Арагонская хота», канцэртнай фантазіі на тэмы класічных опер і інш. Каралевай Ізабелай быў узнагароджаны адной з лепшых скрыпак А.Страдывары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКСЯ́Н (Ара Мігранавіч) (7.4.1902, г. Стамбул, Турцыя — 14.6.1969),
армянскі скульптар. Нар.маст.СССР 1963. Правадз.чл.АМСССР (1958). Скончыў маст. школу ў Канстанцінопалі (1921) і АМ у Вене (1924). З 1945 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (з 1947 праф.). Адзін з заснавальнікаў армянскага філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Творы вызначаюцца яркасцю псіхал. характарыстык, строгім лаканізмам форм: помнікі С.Спандарану (1927), Н.Сцепаняну (1950) і А.Туманяну (1957) у Ерэване, С.М.Кіраву ў Ванадзоры (1942), У.І.Леніну ў г. Камо (1959), партрэты хлопчыка (1922), А.Мелік-Пашаева (1934), А.Джывелегава (1942), Спандарана (1947), Т.Тараманяна (1950), С.Шаўмяна (1952) і інш. Аўтар рэльефу для помніка героям майскага паўстання ў г. Ленінакан (цяпер г. Гюмры, 1930—31).
А.Сарксян. Рэльеф помніка героям майскага паўстання ў Ленінакане. 1930—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў,
добраахвотная грамадская творчая арганізацыя работнікаў тэатра Беларусі: артыстаў, рэжысёраў, балетмайстраў, дырыжораў, хормайстраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. Створаны ў 1987 на базе Бел.тэатр.т-ва (засн. 7.6.1946), з 1994 наз.Бел. саюз тэатр. дзеячаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, выканаўчы — рада. З’езды адбыліся ў 1987, 1992, 1997, 1999. Старшыні — Л.Александроўская (з 1946), М.Яроменка (з 1976), А.Дудараў (з 1992). Мае на мэце садзейнічанне развіццю бел.сцэн. мастацтва, стварэнне спрыяльных умоў для творчасці дзеячаў тэатр. мастацтва, правядзенне творчых вечароў, бенефісаў, тэатр. свят, ушанаванне памяці выдатных прадстаўнікоў тэатр. мастацтва Беларусі. Арганізоўвае канферэнцыі, лабараторыі і семінары па пытаннях тэорыі і практыкі тэатр. мастацтва. Арганізоўвае і праводзіць фестывалі, выстаўкі, аўкцыёны, канцэрты і інш. Ажыццяўляе выдавецкую і рэкламную дзейнасць. На 1.2.2001 у С.т.дз.Б. 1055 членаў.