КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя частка верт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элемент арх.ордэра.
Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж. Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.
На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц.маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст. Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розных касм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл.Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.С.Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс.км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш. Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццю касмічнага землязнаўства.
Ф.Е.Шалькевіч.
Да арт.Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́ША (Міхал) (1795 ці 1800, Вільня — 3.11 1863),
графік і жывапісец. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1821—24). Працаваў на Палессі, у Крыме. З 1829 выкладаў у мяст. Крожы (Кражай, Літва), з 1837 — у Гродне, з 1844 — у Беластоку. Працаваў у гіст. і батальным жанрах, пейзажы, тэатр.-дэкар. мастацтве. Творам уласцівы рысы рамантызму. Гіст. дакладнасцю вызначаюцца творы «Атака гусараў», «Гетман», «Адпачынак салдат» і інш. Значную маст.-пазнавальную каштоўнасць маюць ландшафтныя і арх. пейзажы, зробленыя ў час падарожжаў па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне: «Руіны замка ў Міры», «Хоцім», «Царква Барыса і Глеба на Каложы ў Гродне», «Мерачоўшчына», «Замкі Стары і Новы ў Гродне», віды Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і інш. Шэраг пейзажаў выдадзены ў альбомах Лемерсье ў Парыжы (1850) і Ю.Вільчынскага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗІ (Cygnus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Афрыкі і Антарктыды На Беларусі 3 віды: Л.-шыпун (C. olor), Л.-клікун (C. cygnus) і Л. малы, або тундравы (C. bewickii). Жывуць на прэсных вадаёмах. Л.-шыпуна і Л. чорнага (C. atratus) гадуюць як дэкар. птушак. Л.-шыпун занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Л.-шыпун даўж. да 1,8 м, масай да 13 кг; дзюба чырв., з чорным нарастам. Л.-клікун даўж. да 1,6 м, масай да 12 кг; дзюба лімонна-жоўтая з чорным, без нарасту. Л. малы даўж. да 1,2 м, масай да 7 кг; дзюба чорная з жоўтымі плямамі па баках каля асновы. Апярэнне гэтых відаў белае. Добра плаваюць, ныраць не могуць з-за пнеўматызацыі шкілета. Кормяцца раслінамі і дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Гняздуюцца каля вады Нясуць 3—5 (зрэдку да 12) яец. На Беларусі паляванне на Л. забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),
род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.
Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.
С.Л.Максімава.
Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМО́Р (Amanita),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.
Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш.віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШЫ́НЫЯ, мышападобныя,
мышы (Muridae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 5 (6) падсям., 100—120 родаў, больш за 480 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. Актыўныя на змярканні і ноччу. Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Удзельнікі цыркуляцыі інфекц. хвароб. 8 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 роды, 7 відаў (пацукі чорны і шэры; мыш дамавая — Mus musculus; мыш жаўтагорлая — Apodemus flavicollis; мыш лясная — A. silvaticus; мыш-малышка — Micromys minutus; мыш палявая, або жытнік — A. agrarius).
Даўж. цела 5—50 см, хваста да 45 см. Морда выцягнутая, завостраная, вочы і вушы вялікія. Поўсць бурая або шэрая з рыжым ці чорным адценнем. Хвост голы. Кормяцца пераважна насеннем, некат. ўсёедныя. Нараджаюць да 22 дзіцянят, да 10 разоў за год. М. — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў. Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіял. і эталагічных даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАХВО́СТКІ, калембалы (Collembola),
атрад (клас) першаснабяскрылых насякомых. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 2 падатр., каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай (імхі тундры і тайгі, стэпы, лугі) і трапічнай зонах. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі сям. аніхіўрыд, бязвусікавых, гіпагаструрыд, ізатамід, смінтур, энтамабрыід. Найб. пашыраны Н. вадзяная (Podura aquatica), ізатома зялёная (Isotoma viridis) і інш. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, на водных раслінах, паверхневай плеўцы стаячых вод, у гнёздах птушак і інш. Глебаўтваральнікі.
Даўж. да 2, зрэдку да 10 мм. Разнастайныя па форме і афарбоўцы цела. Вочы з 1—8 фасетак, у некат. (глебавыя формы) адсутнічаюць. Вусікі 4—6-членікавыя. Брушка сегментаванае (да 6 сегментаў), заканчваецца скакальнай вілкай. Ротавыя органы грызучыя, колюча-сысучыя. Сапрафагі, фітафагі, драпежнікі. Некат. віды жыццяздольныя пры нізкай т-ры, могуць трапляцца на снезе ў вял. колькасці, што надае яго паверхні афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс.га. Займае паўд.-ўсх.ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн.ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.