АСКАЛАКУЛЯ́РНЫЯ , локулааскаміцэты (Loculoascomycetidae), падклас сумчатых грыбоў. Уключае 5 парадкаў, каля 5 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 4 парадкаў: капнадыяльныя, датыяральныя, датыдэяльныя, гістэрыяльныя, каля 100 відаў. Большасць аскалакулярных — сапратрофы. Жывуць на розных раслінных субстратах. Ёсць паразіты вышэйшых раслін і грыбоў. Віды з родаў афіябол, вентурыя, лептасферыя, плеяспора, стыгматэя і інш. — узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (парша яблыні і грушы, плямістасці бабовых, гнілі каранёў злакаў і інш.).

Аскалакулярныя ўтвараюць сумкі ў стромападобных утварэннях — аскастромах, або псеўдатэцыях, рознай формы і будовы (сістэматычная прыкмета). Сумкі фарміруюцца сярод тканак пладовых целаў у поласцях — локулах (адсюль назва). Па форме локула падобная да перытэцыю, але без уласнай абалонкі (перыдыю), якую замяняе тканка стромы. У кожнай локуле ўтвараецца 1 або некалькі сумак.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)