качавыя цюркамоўныя плямёны, якія вылучыліся з племяннога аб’яднання агузаў. Да сярэдзіны 11 ст. выцеснілі печанегаў і пасяліліся ў паўд.-рус. стэпах. Як саюзнікі кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча ўдзельнічалі ў 985 у паходзе наБалгарыю Волжска-Камскую. У 1060 разгромлены аб’яднанымі войскамі стараж.-рус. князёў. У 1116 частка Т. разам з печанегамі атрымала паражэнне ад полаўцаў і перасялілася на Русь. Т. рассяліліся ў бас.р. Рось (прыток Дняпра), дзе пабудавалі г. Торчаск; паступова яны перайшлі да аселасці і сталі займацца земляробствам. Т. удзельнічалі ў барацьбе супраць полаўцаў на баку стараж.-рус. князёў. Частка Т. аславянілася, астатнія асіміляваны полаўцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОЎСТАГАЛО́ЎКІ (Hesperiidae),
сямейства дзённых матылёў. Каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 11 відаў. Найб. трапляюцца: Т. ружакветная (Pyrgus, або Hesperia, malvae), Т.-коска (Erynnis, або Hesperia, comma), разнакрылка-марфей (Heteropterus morpheus) і інш.
Размах крылаў да 7 см. Галава (адсюль назва) і тулава тоўстыя. Паміж булавападобнымі вусікамі валасяны чубок. На пярэдніх крылах усе 5 радыяльных жылак адыходзяць ад пасярэдняй ячэйкі. Матылі кормяцца нектарам кветак. Вусені патоўшчаныя, часам верацёнападобныя; жывуць паміж сплеценага лісця або адкрыта; кормяцца лісцем травяністых раслін (пераважна ружакветных і злакавых).
С.Л.Максімава.
Тоўстагалоўкі: 1 — разнакрылка-марфей; 2 — коска (а — дарослая асобіна; б — вусень); 3 — ружакветная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫ ЦЫКЛО́Н, трапічны ўраган,
магутны атмасферны віхор у трапічных шыротах. Узнікае паміж 5—20°паўн. і паўд. шырот і рухаецца ў пасатным патоку наЗ (ПнЗ у Паўн. і ПдЗ у Паўд. паўшар’ях). У параўнанні з цыклонамі ўмераных шырот адрозніваецца меншымі памерамі (да 300—400 км) і значна большымі барычнымі градыентамі, выключна моцнымі вятрамі (да 70 м/с, у парывах больш за 100 м/с). Суправаджаецца катастрафічнымі ліўневымі ападкамі і навальніцамі, выклікае моцнае хваляванне на моры і разбурэнні ў прыбярэжных раёнах. Унутр.ч. Т.ц. называюць вокам буры. Штогод на Зямлі адзначаюць 70—80 Т.ц. Каля берагоў Усх. Азіі наз.тайфунамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫУ́МФ (ад лац. triumphus),
1) у Старажытным Рыме ўрачыстае ўваходжанне ў сталіцу палкаводца-пераможцы з войскам. Прызначаўся сенатам і з’яўляўся вышэйшай ваен. узнагародай. Трыумфальнае шэсце (ад Марсавага поля да храма Юпітэра на Капітоліі) пачыналі сенатары і магістраты, пасля рухалася калясніца, запрэжаная чацвёркай белых коней, на якой стаяў трыумфатар з лаўровым вянком і атрыбутамі Юпітэра. Пасля ішлі музыкі, войска, неслі здабычу, вялі палонных. На Капітоліі трыумфатар прыносіў ахвяры Юпітэру. Імёны трыумфатараў запісвалі ў трыумфальныя фасты. У асобных выпадках у гонар перамогі ўзводзілі трыумфальныя аркі. У Рыме праводзіліся таксама малыя Т. — авацыі.
2) У пераносным сэнсе — бліскучы поспех, урачыстасць з нагоды выдатнай перамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРНІ́Р СПАРТЫ́ЎНЫ,
форма правядзення спарт. спаборніцтваў у розных відах спорту, дзе адбываецца асабістае або каманднае супрацьборства. Бываюць Т.с. кругавы (кожны ўдзельнік паслядоўна сустракаецца з усімі адзін або некалькі разоў), кубкавы (алімп.; на кожным этапе выбываюць пераможаныя і вызначаецца пераможца); т.зв. швейцарскі (колькасць сустрэч — тураў меншая за колькасць удзельнікаў; у 1-м туры пары вызначаюцца жараб’ёўкай, у наступных жараб’ёўка злучае сапернікаў, якія маюць аднолькавую колькасць ачкоў). На адным Т.с. магчыма выкарыстанне розных сістэм.
Заснавальнікі Т.с. ўстанаўліваюць прызы для ўдзельнікаў. Бываюць Т.с. традыц. (напр., штогодні навагодні Гастынгскі турнір шахматыстаў; г. Гастынгс, Вялікабрытанія). міжнар. (напр., па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя, Мінск). турнір «Вялікага шлема» ў тэнісістаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́КЛІЦ,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сергуч (выцякае з возера), за 13 кмнаПнЗ ад г. Лепель. Пл. 2 км², даўж. 2 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі 5,5 км, пл. вадазбору 32,9 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—8 м (наУ да 10 м), пад лесам, участкамі разараныя. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком, наПд сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў да глыб. 0,5 м пясчанае. Моцна зарастае. Упадаюць 2 ручаі, у т. л. з воз. Луконец. Возера зарыблялася сярэбраным карасём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ЦІС (ад імя стараж.грэч. багіні мора Фетыды, Thetis),
старажытны акіян (сістэма вял.стараж. марскіх басейнаў) шыротнага распасцірання ад Атлантычнага да Ціхага ак.на месцы сучаснага мацерыка Еўразія. Акаймаваны наПн і Пд участкамі стараж. платформ (Усх.-Еўрапейскай, Сібірскай, Індастанскай, Афрыкана-Аравійскай і інш.). Утвораны ў канцы дакембрыю — пач. палеазою (Палеатэціс). Асабліва быў выражаны ў мезазоі (уласна Т.) і пач. кайназою (Паратэціс) у межах Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. У неагене на месцы Т. ўзняліся высокія хрыбты Альпійска-Гімалайскага горнага пояса. Рэліктамі Т. з’яўляюцца Міжземнае, Чорнае, Каспійскае моры, Персідскі зал. і моры Малайскага архіпелага. Тэрмін прапанаваў аўстр. геолаг Э.Зюс у канцы 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБУ́ДЛІВАСЦЬ,
здольнасць жывых клетак, органаў і цэласных арганізмаў (ад прасцейшых да чалавека) успрымаць уздзеянні раздражняльнікаў і адказваць на іх узбуджэннем. Звязана са спецыфічнай адчувальнасцю клетачных мембран і іх здольнасцю ў адказ на ўздзеянне адэкватнага раздражняльніка (напр., хім., мех.) мяняць велічыню мембраннага патэнцыялу. Вызначаецца па парогу раздражнення (чым меншая парогавая сіла раздражняльніка, тым большая У., і наадварот). Інтэнсіўнасць, працягласць і хуткасць рэакцый у адказ на раздражненне неаднолькавыя для розных тканак. Як адна з форм раздражняльнасці У. узнікла ў працэсе эвалюцыі ў сувязі з развіццём спецыфічных тканак і асабліва характэрна для нерв. сістэмы. Тэрмін У. выкарыстоўваюць таксама для ацэнкі стану нерв. сістэмы, нервова-псіхічнай напружанасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЕ КАЗА́ЦКАЕ ВО́ЙСКА,
зборная назва ўкр. казацтва ў 15—18 ст. (гл.Запарожская Сеч; Задунайская Сеч). Пасля далучэння Украіны да Рас. дзяржавы (гл.Пераяслаўская рада 1654) укр. казакі Левабярэжнай Украіны сталі наз. маларасійскімі; іх войска налічвала каля 60 тыс.чал. і падзялялася на 10 палкоў. На чале войска стаяў гетман. Казакі мелі права асабістай свабоды, уласнасці на зямлю і заняцця промысламі. Да 1730-х г. у выніку росту феад. земляробства войска скарацілася да 10 тыс.чал. Астатнія казакі («падпамочнікі») сталі феад. залежнымі ад старшын і манастыроў. У 1783 разам з ліквідацыяй аўтаноміі Украіны маларас. казакі пераведзены ў падатковае саслоўе, блізкае да дзяржаўных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІР (?—1216),
князь полацкі. Яго дзейнасць апісана ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага, дзе ён названы каралём Полацка (Woldemaro de Ploceke; на думку М.І.Ермаловіча, яд імя было Валадар). Вёў барацьбу супраць ням. крыжакоў, якія ўварваліся ві Усх. Прыбалтыку, папярэдне дазволіўшы немцам-католікам прапаведніцкую дзейнасць у землях ліваў. У пач. 13 ст. атрымліваў даніну ад ліваў і латгалаў. У 1203 і 1206 у саюзе з лівамі рабіў паходы на Рыгу, асаджаў ням. крэпасці Ікскюль і Гольм. У 1210 і 1212 вымушаны заключыць дагаворы з крыжакамі, паводле якіх Полацк страціў Ніжняе Падзвінне. Падрыхтаваў сумесны паход палачан і літоўцаў на Рыгу, у дзень выступлення нечакана памёр.