СУЧЖО́Ў, Усянь,

горад на У Кітая, у прав. Цзянсу. Засн. ў 5 ст. да н.э. Каля 1 млн. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Вялікім канале, паблізу воз. Тайху. Цэнтр с.-г. раёна (рыс, пшаніца, рапс, чай) і шаўкаводства. Прам-сць: шаўковая, металургічная, хім., шкляная, керамічная, папяровая. Саматужная вытв-сць, у т. л. маст. вышыўкі на экспарт. Арх. помнікі 3—16 ст., у т. л. пагады Бэйсыта (6 ст., перабудавана ў 15—16 ст.), Жуйгуанта (3 ст., перабудавана ў пач. 10 ст.), Хуцюта (7 ст., перабудавана ў 10 ст.), Шуанта (10 ст.). Шматлікія масты цераз пратокі і каналы; гіст. помнікі, сады, паркі.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯНЬКО́Ў Ціт Рыгоравіч (2.4.1917, в. Старакожаўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.2.1985),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Краснадарскае ваен. авіявучылішча (1940), Вышэйшую афіцэрскую школу (1948), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1954), Ваенна-паветр. акадэмію (1958). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Сталінградскім, Варонежскім, Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах, удзельнік Сталінградскай, Курскай бітваў, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Львоўска-Сандамірскай, Яска-Кішынёўскай, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацый. Штурман эскадрыллі капітан С. да чэрв. 1944 зрабіў 123 баявыя вылеты на бамбардзіроўку ўмацаванняў, чыг. вузлоў, скопішчаў жывой сілы і тэхнікі праціўніка. Да 1961 у Сав. Арміі.

Ц.Р.Сянькоў.

т. 15, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЎРУ́К Пётр Якаўлевіч (1905, г. Скідзель Гродзенскага р-на — 4.10.1929),

бел. паэт. У час. 1-й сусв. вайны жыў з бацькамі ў Тамбоўскай губ. З 1921 на радзіме. Удзельнічаў у рабоце Т-ва бел. школы, Бел. сялянска-работніцкай грамады. Неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Паводле сцверджання У.​Калесніка, у сярэдзіне 1920-х г. друкаваў допісы, вершы, фельетоны ў віленскіх газетах пад псеўд. Плебей. У вершах любоў да роднага краю, прац. чалавека, імкненне да сац. справядлівасці, нараканні на цяжкую долю. Быў пад уплывам паэзіі М.​Багдановіча. Яго вершы надрукаваны ў час. «Полымя» (1986. № 10).

Літ.:

Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 62.

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБІ́ДЗЕ Тыцыян Юстынавіч (2.4.1895, с. Шуамта Ванскага р-на, Грузія — 16.12.1937),

грузінскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). Друкаваўся з 1912. Адзін з заснавальнікаў групы груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі» (1915). Пазней пазбавіўся ўплыву сімвалізму. Роздумам пра жыццё адзначаны яго вершы «Радзіма», «Тбіліская ноч». Аўтар паэм «Руаль Амундсен», «Рыён-Порт», «На франтах», «1918 год» (усе 1928), зб-каў «Вершы» (1933), нарысаў «Сэрцам да сэрца» (1934). На бел. мову асобныя вершы перакладаў М.​Лужанін.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Анталогія грузінскай паэзіі. Мн., 1989. Т. 2;

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1964.

Літ.:

Цурикова Г. Т.​Табидзе. Л., 1971.

Г.В.Табідзе.

т. 15, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЬЯ́ЦІ,

горад, цэнтр Стаўрапольскага р-на ў Самарскай вобл. Расіі. Засн. ў 1737 як крэпасць Стаўрапаль. Горад з 1780. Перайменаваны ў гонар П.Тальяці (1964). 723 тыс. ж. (2000). Порт на р. Волга (Куйбышаўскае вадасх.). Чыг. станцыя. Найбуйн. ў Расіі цэнтр вытв-сці легкавых аўтамабіляў. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (гал. прадпрыемства АТ «Аўтаваз», вытв-сць трансфарматараў, суднарамонтна-мех. і электратэхн. з-ды), хім. (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук), харч., лёгкая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Паліграф. прадпрыемства «Сучаснік». Політэхн. ін-т. Тэатры: драм., лялек. Краязн. музей. Пры буд-ве Волжскай (Куйбышаўскай) ГЭС горад трапіў у зону затаплення і ў сярэдзіне 1950-х г. перанесены на новае месца.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Тамань. У Перадкаўказзі, у Краснадарскім краі, у Расіі; абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м. Пл. каля 2 тыс. км². Выш. да 164 м. Берагі нізкія, парэзаныя залівамі і ліманамі. Складзены з астравоў, якія ў 5 ст. злучыліся паміж сабой наноснай сушаю. Былыя астравы ўяўляюць сабой гліністыя купалападобныя грады з 25 гразевымі вулканамі. У паніжэннях паміж градамі — азёры-ліманы з салёнай вадою. Выхады нафты і гаручых газаў, радовішчы жал. руды. У 6 ст. да н.э. на берагах Т.п. існавалі стараж.-грэч. калоніі Германаса, Фанагорыя, Кепы і інш.); у 5 ст. да н.э. тэр. Т.п. ў складзе Баспорскай дзяржавы.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́Н Павел Андрэевіч (н. 18.10.1916, с. Шолахава Нікапальскага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

ваенны лётчык. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-лейт. авіяцыі (1967). Скончыў Качынскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік паходу ў Зах. Украіну (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір звяна, эскадрыллі, бамбардзіровачнага авіяпалка. Ваяваў на Украіне, у Прыбалтыцы і Беларусі (рабіў рэйсы да бел. партызан, удзельнічаў у вызваленні Мінска, ліквідацыі мінскага «катла»). Зрабіў 386 баявых вылетаў. Пасля вайны да 1979 на камандных і штабных пасадах і ў цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

П.А.Таран.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРТА́К, Лучыла,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 20 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,54 км², даўж. 1,76 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 11,4 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 6—9 м (на ПдУ 10—15 м), пад лесам. На ПнУ і ПдЗ пойма шыр. 100—150 м, парослая хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі пад хмызняком, забалочаныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці. Ракой Ушача злучана з азёрамі Мурагі і Царкавішча.

т. 15, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЭ́НТ, Тарант (лац. Tarentum, грэч. Taras),

старажытнагрэчаская калонія ў Італіі на беразе Тарэнцкага заліва (цяпер г. Таранта). Засн. каля 700 да н.э. дарыйцамі. Першапачаткова ў Т. кіравалі цары, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. тут усталявалася тыранія, з пач. 5 ст. да н.э. — рабаўладальніцкая дэмакратыя. Росквіту дасягнуў у 1-й пал. 4 ст. да н.э., быў буйным гандл.-рамесным цэнтрам. У вайне з Рымам 282—272 да н.э. пацярпеў паражэнне. У 2-ю Пунічную вайну быў на баку Ганібала. У 209 да н.э. зноў падпарадкаваны Рыму. Каля 125 да н.э. на тэр. Т. заснавана рым. калонія Нептунія.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТМУТАРАКА́НЬ,

старажытнарускі горад, верагодна, на Таманскім п-ве каля станіцы Таманскай Краснадарскага краю (Расія). У 6 ст. на гэтым месцы існаваў ант. горад Германаса, у 8—9 ст. — паселішча Таматарха, падпарадкаванае Хазарскаму каганату. Пасля разгрому каганата ў 965 кіеўскім кн. Святаславам Ігаравічам, магчыма, тут узнікла Т., якая стала цэнтрам Тмутараканскага княства. Тут жылі касогі, грэкі, аланы, славяне і армяне. У 1023 кн. Мсціслаў Уладзіміравіч пабудаваў у Т. царкву Багародзіцы. У канцы 11 ст. Т. захапілі полаўцы, потым Візантыя, у 13 ст. — генуэзцы, пазней — Залатая Арда; у 15 ст. на гэтым месцы існавала генуэзская калонія Матрэга, якую ў 1475 разбурылі тур. войскі.

т. 15, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)