драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.
Даўж.цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.
парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.
Даўж.цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТЭРАПІ́Я (ад аэра... + тэрапія),
метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні лек.-прафілактычных уласцівасцяў атм. паветра. Асн. працэдуры аэратэрапіі — паветраныя ванны (кароткатэрміновае ўздзеянне паветра на аголенае цела); «веранднае лячэнне» (працяглае знаходжанне на адкрытых верандах, балконах, у аэрасалярыях, спец. кліматапавільёнах), дзённы і начны сон на адкрытым паветры і інш. Як сродак загартоўвання арганізма аэратэрапія асабліва карысная дзецям. Хворым і людзям старэй за 60 гадоў назначаюць з асцярожнасцю. Аэратэрапія павышае ўстойлівасць арганізма да неспрыяльных умоў у хворых з расстройствамі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, пры малакроўі і функцыянальных парушэннях нерв. дзейнасці. Спецыфічны кірунак аэратэрапіі — аэраіонатэрапія, асабліва эфектыўная там, дзе паветра насычана лёгкімі аэраіонамі (у гарах, паблізу вадаспадаў, каля месцаў марскога прыбою, пад кронамі дрэў). Яна выкарыстоўваецца як метад агульнага ўздзеяння (аэраінгаляцыі), а таксама як мясц. працэдура (аэраіонны масаж), у штучна створаных умовах — як метад фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГІ́Я (ад ала... + грэч. ergon дзеянне),
імунная рэакцыя арганізма да паўторнага ўздзеяння алергенаў з пашкоджаннем уласнай тканкі. Клінічныя праяўленні алергічных рэакцый бываюць неадкладныя і запаволеныя. Рэакцыі неадкладнага тыпу (скурныя і сістэмныя) узнікаюць праз 15—20 мін пасля ўздзеяння спецыфічнага А. пры анафілактычным шоку, крапіўніцы, сываратачнай хваробе, бранхіяльнай астме, сеннай ліхаманцы, ацёку Квінке. Рэакцыі запаволенага тыпу развіваюцца гадзінамі, іншы раз суткамі пры лекавым дэрматыце, вакцынацыях, інфекцыях (туберкулёз, дыфтэрыя і інш.). Адрозніваюць 3 стадыі развіцця алергіі: імуналагічную (алерген — цела), патахім. (вызваленне біял. актыўных рэчываў — медыятараў), патафізіял. (патагеннае ўздзеянне медыятараў на клеткі, органы і тканкі). Значная роля пры гэтым належыць спадчыннасці, стану эндакрыннай і нерв.сістэм. Адсутнасць алергічнай рэакцыі на паўторна ўведзены алерген наз. энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Целадаўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЕВІКІ́ (Laparosticti),
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНЕВІКІ́ (Ctenophora),
тып марскіх беспазваночных жывёл. 1 клас, 2 падкласы: шчупальцавыя (Tentaculifera) з 5 атр. і бясшчупальцавыя (Atentaculata) з 1 атр. Каля 120 відаў, жывуць ва ўсіх морах на рознай глыбіні. Найб. вядомыя: грабневікі з роду берое (Beroe), балінопсіс (Bolinopsis), грабневікі, якія поўзаюць, з роду ктэнаплана (Ctenoplana), Венерын пояс (Cestus veneris).
Даўж. ад 2 мм да 2,5 м (Венерын пояс). Цела студзяністае, празрыстае, авальнай, яйцападобнай або інш. формы, з ротам на адным канцы і органамі раўнавагі на другім. Перамяшчаюцца з дапамогай 8 радоў грабных пласцінак, па баках 2 шчупальцы. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай. Драпежнікі, жывяцца пераважна планктонам, зрэдку ікрой і маляўкамі рыб. Грабневікі берое паядаюць інш. грабневікоў, а самі з’яўляюцца кормам трасковых рыб, медуз. Многія грабневікі свецяцца ў цемнаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КАВЫЯ (Viperidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙМАРЫ́Т, верхнясківічны сінусіт,
запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.