МЯДЗВЕ́ДЗІ, мядзведзевыя (Ursidae),

сямейства млекакормячых атр. драпежных. Вядомы з сярэдняга міяцэну Еўразіі. 17 родаў (12 вымерлых), 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Трапляюцца пераважна ў лясных раўнінных і горных ландшафтах. Жывуць паасобна або сем’ямі (самка з маладымі, часам з самцом). Буры М., чорны М. (Ursus americanus) і белагруды М. (U. thibetanus) зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — буры мядзведзь. 5 відаў і 3 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 1 т. Склад цела масіўны. Галава вялікая, з падоўжанай мордай, лапы моцныя, пяціпальцыя, ступняходныя. Футра густое, з развітым падшэрсткам. Афарбоўка белая, чорная або бурая з рознымі адценнямі. Усёедныя. Манагамы. Нараджаюць 2—3 (зрэдку да 5) медзведзяняці 1 раз у 2 гады. Гл. таксама Белы мядзведзь, Грызлі.

Э.Р.Самусенка.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)