ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
В.В.Краснова.
т. 9, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦА, Лаўзіц (сербалужыцкае Łužica, ням. Lausitz),
гістарычная вобласць у паўд.-ўсх. ч. Германіі, на герм.-польск. памежжы паміж рэкамі Ныса-Лужыцка (Нейсе) і Шпрэе (вярхоўе). У 1-м тыс. н.э. заселена палабскімі славянамі — пераважна лужычанамі (на Пн) і мільчанамі (на Пд; гал. цэнтрам апошніх быў г. Будзішын, цяпер Баўцэн, Германія; адсюль паўд. частка Л. напачатку наз. Будзішынскай зямлёй). У 10 ст. заваявана, пазней каланізавана немцамі, паводле Будзішынскага міру 1018 адышла да Польшчы, з 1031 зноў у Германіі (у т. л. ў Брандэнбургу), з 14 ст. ў Чэхіі. З 15 ст. падзяляецца на Ніжнюю (на Пн) і Верхнюю (на Пд) Л., з 1526 у складзе манархіі Габсбургаў, з 1623—35 уладанне курфюрстаў Саксоніі, у 1815 падзелена паміж Прусіяй (б.ч. з г. Гёрліц) і Саксоніяй (ч. Верхняй Л. з Баўцэнам). Нягледзячы на працэс германізацыі (з 18 ст.), сярод слав. насельніцтва пачала фарміравацца нац. самасвядомасць; развівалася лужыцкая л-ра, былі створаны нац. культ.-асв. арг-цыі (Маці Сербская, Дамавіна). У 1935—38 усе лужыцкія арг-цыі і т-вы скасаваны, выкарыстанне лужыцкай мовы ў школах забаронена. У 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі. У 1950 атрымала культ. аўтаномію (мае ўласнае школьніцтва, друк, у 1945 адноўлена Дамавіна).
т. 9, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.
т. 11, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯЦЬ у вылічальнай тэхніцы,
функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн. параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.
П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.
М.П.Савік.
т. 12, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДУЭЙ (Midway),
уладанне ЗША на аднайменных каралавых астравах у Ціхім ак., у паўн.-зах. групе Гавайскіх а-воў. Пл. 5,2 км². Нас. каля 2,5 тыс. чал. (1999), пераважна амерыканцы. Астравы ўзніклі на базальтавай аснове разбуранага вулкана, уздымаюцца над узроўнем акіяна на некалькі метраў. Клімат субтрапічны пасатны. У раслінным покрыве пераважаюць какосавыя пальмы. Астравы абвешчаны запаведнікам, на іх гняздзяцца рэдкія віды альбатросаў, фрэгатаў і інш. птушак. М. — прамежкавая база на паветр. шляху паміж ЗША і краінамі Азіі.
Атол адкрыты ў 1859. З 1867 заняты войскамі ЗША (у 1903 падпарадкаваны ВМС). Да 2-й сусв. вайны пункт прамежкавай пасадкі для трансціхаакіянскага руху. У 2-ю сусв. вайну каля М. 4—6.6.1942 адбылася бітва паміж яп. ударным злучэннем (11 лінейных караблёў, 6 авіяносцаў з 293 самалётамі, 16 крэйсераў, 53 эскадраныя мінаносцы і інш.) і амер. флотам (3 авіяносцы з 243 самалётамі, 8 крэйсераў, 14 эсмінцаў), у выніку якой Японія страціла перавагу ў авіяносцах над ЗША У гэтых баях знішчаны 4 авіяносцы, 1 крэйсер і 253 яп. самалёты, 1 авіяносец, 1 эсмінец і 150 амер. самалётаў. Цяпер ваен. база ЗША.
Літ.:
Бакурский В. Мидуэй — забытый атолл // Крылъя Родины. 1994. № 3, 6.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
т. 10, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ЎЛАДКАВА́ННЕ,
нацыянальная і адм.-тэр. арганізацыя дзярж. улады, характар узаемаадносін паміж дзяржавай і яе састаўнымі часткамі, паміж асобнымі часткамі дзяржавы, а таксама цэнтр. і мясц. органамі ўлады. Цесна звязана з тэр. арганізацыяй насельніцтва. Паводле формы Н.-дз.ў. ўсе дзяржавы падзяляюцца на унітарныя і федэратыўныя. Існуюць таксама розныя формы міждзяржаўнага супрацоўніцтва: канфедэрацыі, асабістыя уніі, пратэктараты, садружнасці нацый і дзяржаў, розныя гасп. і ваенна-паліт. блокі. Гл. Саюзная дзяржава.
Унітарная дзяржава — адзінае цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца, як правіла, з адм.-тэр. адзінак. Федэрацыя — форма Н.-дз.ў., якое ўяўляе сабой добраахвотнае аб’яднанне самастойных дзярж. утварэнняў у адну новую саюзную дзяржаву. Беларусь на шляху развіцця сваёй дзяржаўнасці зазнала некалькі форм Н.-дз.ў.: уваходжанне Полацкага і інш. княстваў у склад Кіеўскай Русі, федэратыўны статус ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, унітарызм Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, абвешчанай 30.12.1918, і знаходжанне яе з 1922 да 1991 у складзе федэрацыі — СССР. Сучасны унітарызм Рэспублікі Беларусь грунтуецца на шэрагу прынцыпаў — раўнамернасці, збалансаванасці і комплекснасці развіцця адм.-тэр. адзінак, узаемасувязі Н.-дз.ў. і сацыяльна-эканам. раянавання і інш. Н.-дз.ў. Беларусі ўключае вобласці, раёны, гарады, пасёлкі гар. тыпу, сельсаветы.
В.А.Кадаўбовіч.
т. 11, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНГА́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў Індыйскага ак., паміж п-вам Індастан на З і п-вам Індакітай і а-вамі Андаманскімі і Нікабарскімі на У. Пл. 2191 тыс. км². Найб. глыб. 5258 м. Т-ра вады на паверхні ў лют. 25—27 °C, у жніўні 28 °C (у маі 29 °C). Салёнасць да 34‰. Прылівы паўсутачныя (да 10,7 м). Частыя трапічныя ўраганы. У Бенгальскі заліў упадаюць рэкі Ганг і Брахмапутра. Рыбалоўства. Асн. парты — Калькута, Мадрас (Індыя), Чытагонг (Бангладэш).
т. 3, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСАРА́БІЯ,
гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
фактары вонкавага асяроддзя, у аснове дзеяння якіх ляжаць уплывы жыццядзейнасці адных арганізмаў на другія і на нежывое асяроддзе. Разам з абіятычнымі фактарамі і антрапагенным уздзеяннем на прыроду фарміруюць умовы жыцця мікраарганізмаў, раслін, жывёл, уплываюць на колькасць жывых арганізмаў і іх дынаміку. Дзеянне біятычных фактараў выяўляецца ўзаемаўплывам жывых арганізмаў, напр. узаемадзеянне драпежніка і ахвяры, паразіта і гаспадара, унутры- і міжвідавая канкурэнцыя, насякомае-апыляльнік і кветкавая расліна і інш. Сувязі паміж біятычнымі фактарамі ляжаць у аснове фарміравання трафічных ланцугоў.
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)