вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка, на аўтадарозе Вільнюс — Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Ашмян, 198 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Ашмяны. 795 ж., 288 двароў (1997).
Вядомыя з пач. 15 ст. як цэнтр воласці, што належаў вял. князю ВКЛ. З 1407 да пач. 16 ст.ўласнасць Манівідавічаў, потым да пач. 19 ст. — Радзівілаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. З 1811 уладанне Чапскіх. У 1880-я г. — 284 ж., 57 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1971—423 ж., 121 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла Ф.Багушэвіча і помнік яму (у вёсцы). Помнік архітэктуры — Жупранскі касцёл (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРМУ́НЫ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ліда—Вільнюс (Літва). Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Кастрычнік». За 16 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 107 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Бастуны. 671 ж., 273 двары (1997).
Вядомы з пач. 15 ст. як родавы маёнтак Бутрымаў. У канцы 15 — пач. 20 ст.ўласнасць Мантоўтавічаў, Радзівілаў, Завішаў, Тышкевічаў, Шванебахаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У пач. 20 ст. — 323 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Радунскім р-не, з 1959 у Воранаўскім р-не. У 1971—587 ж., 198 двароў. Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (1789). Помнік сав. актывістам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст.ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІ́ЗМ,
рыса, форма і прынцып арганізацыі грамадскай дзейнасці і грамадскіх адносін; прынцып маралі, які раскрывае адносіны ўзаемадзеяння паміж людзьмі, асобай і калектывам, чалавекам і грамадствам. Мае шэраг гіст. форм. У стараж. грамадстве яго матэр. асновай была абшчынная ўласнасць, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў абшчыны. Ва ўсх.-еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, формай праяўлення К. была сельская абшчына (грамада), якая прадугледжвала роўнасць усіх яе членаў, самакіраванне, вырашэнне грамадскіх спраў на агульным сходзе і інш. Формамі К. былі таксама руская арцель, бел.талака, пазней — брыгадны падрад, калгас і інш. Для К. характэрны сумесная праца, супрацоўніцтва, узаемадапамога і ўзаемападтрымка, усведамленне і выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад інш. людзьмі, грамадствам, свядомае спалучэнне грамадскіх інтарэсаў з асабістымі і інш. Ён прадугледжвае такія адносіны паміж грамадствам і асобай, пры якіх развіццё грамадства стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы, яе свабоды выбару і свабоды дзеяння. Процілегласць К. — індывідуалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ШЫН,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Шчара, каля аўтадарогі Брэст—Мінск; чыг. станцыя (Перамога) на лініі Баранавічы—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 218 км ад Брэста. 687 ж., 282 двары (1998).
Да 1499 велікакняжацкая ўласнасць, потым — кн. Дз.Пуцяціча, Горскіх, Радзівілаў, Валовічаў і інш. У К. нарадзіўся і жыў бел. паэт П.Багрым; у касцёле, пабудаваным у 1920-я г., зберагаецца выкаваная ім жырандоль. З 2-й пал. 19 ст.чыг. станцыя на лініі Брэст—Масква. У 1886 мястэчка Навагрудскага пав., 636 ж., 77 двароў, касцёл (пабудаваны ў 1818), яўр. малітоўны дом. У 1921—39 у Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім, з 1962 у Баранавіцкім р-нах. У 1972—456 ж., 156 двароў.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла П.Багрыма. Помнік архітэктуры — касцёл Божага Цела (1920-я г.).
першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.Х.Жылуновічам і чл. ўрада А.Ф.Мясніковым, А.Р.Чарвяковым, С.В.Івановым, І.І.Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТАК,
перавышэнне даходаў ад продажу тавараў (паслуг) над затратамі на іх вытв-сць і продаж; адзін з найб. важных паказчыкаў фін. вынікаў гасп. дзейнасці прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Вылічаецца як розніца паміж выручкай ад рэалізацыі прадукту гасп. дзейнасці і сумай выдаткаў фактараў вытв-сці на гэту дзейнасць у грашовым выражэнні. Адрозніваюць П.: поўны, ці агульны, які называецца валавым (балансавым); чысты, што застаецца пасля выплаты падаткаў і адлічэнняў; бухгалтарскі, які разлічваецца па бухгалтарскіх дакументах без уліку дакументальна не зафіксаваных выдаткаў самога прадпрымальніка, у т. л. ўпушчанай выгады; эканамічны, які ўлічвае часовыя, альтэрнатыўныя выдаткі. Звычайна эканам. П. меншы за бухгалтарскі на велічыню некампенсаваных уласных выдаткаў прадпрымальніка, не ўлічаных у сабекошт, у якія часам уключаюць упушчаныя магчымасці. Апрача таго, магчымы выдаткі, якія не пазначаны ў балансе. Чысты П. паступае ў распараджэнне прадпрыемства і выкарыстоўваецца для фарміравання фін. рэзерву, фондаў накаплення і спажывання, дывідэнднага і інш., а таксама можа быць перададзены ва ўласнасць членаў прац. калектыву, калі гэта прадугледжана статутам прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНЯ,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж.ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р далучана в Пачаеўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Міхаіл Казіміравіч) (18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833),
бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-валіт. і рус. зямель, Польскае дэмакр.т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калект.ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў у Заліўскага экспедыцыі 1833. У сак. 1833 у якасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,
антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.