РЫ́ЛЬСКІ МАНАСТЫ́Р,

гісторыка-архітэктурны комплекс у Балгарыі, у гарах Рыла. Засн. ў 927—941 манахам-пустэльнікам Іванам Рыльскім. У 14 ст. ў перыяд росквіту манастыра ўзведзены арх. комплекс (пл. 8,8 тыс. м²), які стаў вял. дасягненнем манум. архітэктуры эпохі т.зв. балг. Адраджэння. У сярэднія вякі манастыр — цэнтр балг. адукацыі і культуры. У часы тур. нашэсця неаднаразова гарэў і рабаваўся. Моцна пацярпеў ад пажару 1833, адноўлены ў 1934—60. Звонку мае строгі крапасны характар. Жылыя карпусы ўтвараюць замкнёны 5-вугольны ў плане маляўнічы унутр. двор з ажурнымі аркадамі, каланадамі, адкрытымі галерэямі. Сярод арх. помнікаў: каменная вежа Хрэля (1335, рэшткі стараж. размалёвак), царква св. Лукі (1799), саборны 5-купальны храм Раства Маці Божай (1834—60, майстар Павел) з 2-колернай муроўкай, лёгкай адкрытай зах. галерэяй, хвалістымі абрысамі карнізаў (у інтэр’еры захаваліся размалёўкі, разны дэкор; іканастас, 1839—44). У музеі манастыра — багаты збор сярэдневяковага дэкар.-прыкладнога мастацтва. Р.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Рыльскі манастыр. Саборны храм Раства Маці Божай. 1834—60.
Рыльскі манастыр.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1880 у Оршы на месцы царквы 1460 на левым беразе Дняпра.

Храм крыжова-купальнай кампазіцыі з 5-граннай апсідай і шатровай званіцай. Фасады дэкарыраваны філёнгамі, раскрапоўкамі, карнізамі, какошнікамі. Цэнтр. частка асн. аб’ёму завершана купалам. Тэр. царквы абнесена каменнай агароджай з брамай, вуглавымі вежамі і контрфорсамі.

Аршанская Ільінская царква.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЯЧЭ́ННЕ,

рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.

Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРТНО́Ц,

помнік раннесярэдневяковай арм. архітэктуры. Храм пабудаваны ў 641—661 каля г. Эчміядзіна. Руіны З. выяўлены раскопкамі ў 1901—07. Захаваліся камяні падмурка, арх. абломы, калоны. Уяўляў сабой круглае 3-яруснае купальнае збудаванне, унутры — тэтраконх з абходнай галерэяй. Фасады былі аздоблены аркатурай, разьбой, рэльефамі, інтэр’ер — мазаікай і размалёўкай. Стаў прататыпам шэрагу наступных арх. пабудоў.

Рэшткі храма Звартноц.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІКРА́Т (Kallikratēs),

старажытнагрэчаскі архітэктар сярэдзіны 5 ст. да н.э.; прадстаўнік перыяду класікі. Пабудаваў на Афінскім акропалі невял. іанічны храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі; праект 449 да н.э., скончаны каля 420 да н.э.), Парфенон (447—438 да н.э., з Іктынам). Удзельнічаў у буд-ве так званых доўгіх сцен (каля 457—445 да н.э.) паміж Афінамі і Пірэем.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБІТЫ́НА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня пахавання. У яе храме, які знаходзіўся ў прысвечаным ёй гаі, захоўваліся пахавальныя прыналежнасці. За кожнае пахаванне ў храм Л. плацілі манету і такім чынам вёўся ўлік памерлых. Пазней Л. атаясамлівалі таксама з Венерай і багіняй падземнага царства Празерпінай. Л. былі прысвечаны сады і вінаграднікі. У стараж.-рым. паэтаў Л. — сінонім смерці.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКТЫ́Н (Iktinos),

старажытнагрэчаскі архітэктар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Буйнейшы архітэктар перыяду класікі. Яго работам уласцівы выкарыстанне сістэмы арх. ордэраў, пластычнасць, сінтэз форм дарычнага ордэра і іанічнага ордэра Пабудаваў Парфенон (447—438 да н.э., з Калікратам) і адэон Перыкла ў Афінах, храм Апалона ў Басах (каля 430 да н.э.), у якіх упершыню выкарыстаў карынфскую капітэль (гл. Карынфскі ордэр).

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НДЫ (сінгальскае Маха-Нувара, літаральна — вялікі горад),

горад у цэнтр. частцы Шры-Ланкі. 102 тыс. ж. (1988). Цэнтр гал. раёна плантацый чаю. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Саматужныя промыслы (вырабы з бронзы). Рэліг. будысцкі цэнтр: храм Зуба Буды (Далада Малігава), палацы, манастыры 13—18 ст. Арх. помнікі 12, 14, 18—19 ст. Нац. музей. К. ўключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТЫ́ДА (грэч. kaiyatides літар. жрыцы храма Артэміды ў Карыях Стараж. Грэцыі),

скульптурная выява жанчыны ў поўны рост, якая служыць апорай бэлькі ў арх. збудаванні ці вобразна выяўляе гэту функцыю. К. звычайна прылягаюць да сцяны ці выступаюць з яе. Пашырана ў ант. (храм Эрэхтэён у Афінах) і еўрап. архітэктуры 17—19 ст. На Беларусі трапляюцца з канца 19 ст.

Карыятыды ў Афінах.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)