род драпежных птушак сям. ястрабіных. 2 віды: К. чорны (M. korchun; пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Аўстраліі) і К. чырвоны (M. milvus; у Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Пярэдняй Азіі). Пералётныя птушкі. Жывуць у лясах, стэпах і паўпустынях, паблізу вадаёмаў. На Беларусі гняздуюць абодва віды. К. чырвоны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 70 см, маса да 1400 г. Крылы доўгія і шырокія, хвост доўгі, з выемкай. Апярэнне бурае ў К. чорнага або чырв.-бурае ў К. чырвонага. Гнёзды на дрэвах, скалах, абрывах. Нясуць 2—4 яйцы. Здабычу выглядаюць, лунаючы ў паветры. Кормяцца дробнымі грызунамі, паўзунамі, земнаводнымі, мярцвячынай, часам дробнымі птушкамі і рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧКАНО́С (Ornithorhynchus anatinus),
млекакормячае сям. качканосавых атр. аднапраходных. Пашыраны ва Усх. Аўстраліі і на в-ве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да выш. 2 тыс.м. Вядзе паўводны лад жыцця. Ахоўваецца.
Даўж. цела да 45 см, хваста да 15 см. Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Футра густое, мяккае. Галава з плоскай «дзюбай» даўж. каля 6,5 см, з адчувальнай скурай. Зубы ў маладых жывёл; у дарослых — рагавыя пласцінкі. Хвост шырокі, пляскаты. Канечнасці пяціпальцыя, з плавальнай перапонкай. На задніх нагах у самцоў ядавітыя шпоры. Вочы і вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Корміцца дробнымі воднымі жывёламі. Самка раз у год адкладвае ў нары 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДА (італьян. coda ад лац. cauda хвост),
1) у музыцы — дадатковы, заключны раздзел у муз. творы ці ў яго самаст. частцы, дзе канчаткова замацоўваецца гал. танальнасць і абагульняецца тэматычны матэрыял. Часам у К. далей распрацоўваюцца асн. тэмы твора і ўводзяцца новыя. Звычайна К. пачынаецца пасля заключнай кадэнцыі.
2) У паэтыцы — звышсхемныя дадатковыя словы ці радкі ў цвёрдых формах верша, напр. у санеце — больш за 14 радкоў, у трыялеце — за 8. У шырокім значэнні — заключная ч. складанай страфы, якая адрозніваецца ад асноўнай размяшчэннем рыфмаў, колькасцю стоп ці інш. прыкметамі. Звычайна К. — найб. важныя па думцы выказванні, што канцэнтруюць асн. сэнс папярэдніх радкоў, таму яны часта набываюць сцісласць і дакладнасць афарызма (у К. нярэдка знаходзіцца пуант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЙКІ,
група парод універсальных паляўнічых сабак. Пашыраны ў тундравай і лясной зонах Паўн. паўшар’я. Некат. пароды выкарыстоўваюцца як ездавыя (Л. эскімоская, паўн.-ўсходняя ездавая, аляскінскі маламут), пастухоўскія (Л. ненецкая). На Беларусі гадуюць Л.: руска-еўрап. (выш. ў карку да 58 см, масць чорная з белым), зах.-сібірскую (выш. да 60 см, масць белая, шэрая, рабая), усх.-сібірскую (выш. да 63 см, масць белая, шэрая, рабая, рыжая), карэла-фінскую (выш. да 48 см, масць рыжая).
Склад цела сухі, моцны. Галава клінападобная, вушы стаячыя, трохвугольныя. Поўсць прамая, з густым падшэрсткам. Хвост загнуты на спіну. Вынослівыя, рухавыя сабакі з развітым паляўнічым інстынктам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫМЕ́РЫЯ,
цэлакант (Latimeria chalumnae), рыба атр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л. вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн. гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн. гадоў назад. Пашырана ў Інд.ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.
Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.
Літ.:
Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСФЕ́РАЗямлі і планет,
зона каляпланетнай прасторы, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем планеты і яго ўзаемадзеяннем з патокамі зараджаных часціц касм. паходжання (сонечным ветрам). Асн. ўмова, якая вызначае месцазнаходжанне мяжы М., — роўнасць магн. ціску поля планеты і кінетычнага ціску сонечнага ветру. М. Зямлі з дзённага боку распасціраецца да 8—14 зямных радыусаў, з начнога — выцягнутая, утварае т.зв.магн.хвост Зямлі ў некалькі соцень зямных радыусаў. У М. знаходзяцца радыяцыйныя паясы. У Юпітэра і Сатурна М. працяглыя, у Меркурыя, Венеры і Марса М. невыразныя. М. адыгрывае важную ролю ў фарміраванні атмасферы Зямлі, яе клімату, развіцці жыцця, ахоўвае жывы свет Зямлі ад шкоднага ўздзеяння сонечнага ветру. Гл. таксама Зямля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛ (ад лац. mulus),
гібрыд каня (кабылы) і асла (самца); свойская жывёла. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. Гадуюць пераважна ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы і Паўд. Еўропе. Ад кабылы наследуе велічыню цела, шырокія і глыбокія грудзі, масць, хвост, здольнасць да хуткага руху; ад асла — вял. грубую галаву, доўгія вушы, кароткія шыю і грыву, звіслы крыж, трываласць і працаздольнасць. Больш здольныя да акліматызацыі, даўгавечныя (жывуць да 40—50 гадоў), менш успрымальныя да хвароб, непатрабавальныя да корму і догляду. Звычайна бясплодныя. Адрозніваюць тыпы М.: уючны (выш. ў карку 110—140 см, маса 300—400 кг) і запражны (140—170 см, 400—700 кг). Гл. таксама Лашак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПСА́Н, сокал-сапсан (Falco peregrinus),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі вельмі рэдкі гнездавальны і вандроўны від. Жыве ў разрэджаных барах паблізу рачных поймаў і вял. балот, на ўчастках старых хваёвых лясоў з адкрытымі прасторамі. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 49 см, маса да 1 кг. Крылы доўгія, вострыя, хвост клінападобны. Апярэнне цёмна-бурае, ніз цела светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (больш яркі ў самак). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Пад вачыма цёмныя плямы («вусы»). Гнёзды на дрэвах, селяцца ў гнёздах варон, крумкачоў, інш. буйных птушак. У кладцы 2—4 чырванавата-карычневыя яйцы. Асн. корм. — птушкі, якіх ловіць у палёце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́СУМЫ (Didelphidae),
сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс.м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.
Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ (Haliaeetus albicilla),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв. — пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.