ПУ́ДЗЕЛІ (ням. Pudel ад дыялект. pudeln плюхацца ў вадзе),
група пакаёва-службовых старажытных парод сабак. Каля 15 парод, пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваліся ў паляванні на вадаплаўных птушак (адсюль назва), зайцоў, для збору труфеляў.
Вылучаюць П. вялікага, або каралеўскага (выш. ў карку 45—58 см), сярэдняга, або малога (35—45 см), і карлікавага (28—35 см). Маса 6—50 кг. Поўсць доўгая, мяккая, хвалістая або «шнурам», чорная, белая, карычневая, серабрыстая ці абрыкосавая, якую стрыгуць на асобных участках цела. Канстытуцыя моцная, сухая. Галава выцягнутая, вушы звіслыя. Спіна кароткая, лапы сухія, прамыя. Хвост купіруюць. Тып паводзін рухомы, характэрны алюр — галоп.