атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).
Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ ШТУ́ЧНАЕ,
прыёмы штучнай вентыляцыі паветра ў лёгкіх. Неабходнасць Д.ш. ўзнікае пры адсутнасці дыхання або яго парушэннях, якія пагражаюць жыццю хворага. Д.ш. — неабходная мера першай дапамогі тапельцам, пры ўдушэнні, паражэнні эл. токам, цеплавым і сонечным ударах, некат. атручэннях. У выпадку клінічнай смерці або пры адсутнасці самаст. дыхання і сэрцабіцця Д.ш. праводзяць адначасова з масажам сэрца. Д.ш. робіцца спосабам з рота ў рот або з рота ў нос. Перад пачаткам Д.ш. рот і нос пацярпелага ачышчаюцца ад сліны, слізі, ірвотных мас, зямлі, цела вызваляюць ад усяго, што перашкаджае рухам. Аснова метаду Д.ш. — рытмічнае ўдзіманне паветра ў дыхальныя шляхі пацярпелага. Для Д.ш. выкарыстоўваюць таксама спец. апараты. Д.ш. робяць да аднаўлення самаст. дыхання; пры паяўленні прыкмет смерці (трупныя плямы, скарчанеласць) спыняюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАЛА ((Coppola) Фрэнсіс Форд) (н. 7.4.1939, г. Дэтройт, штат Мічыган, ЗША),
амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Паставіў фільмы «Хросны бацька I» (1972, прэмія «Оскар») пра гісторыю клана нью-йоркскай мафіі, які стаў сенсацыяй у сусв. кінамастацтве, і яго працяг «Хросны бацька II» (1974, прэмія «Оскар»), «Хросны бацька III» (1990). Адметнай антываен. стужкай у сусветным кінематографе стаў «Апакаліпсіс сёння» (1979), прысвечаны в’етнамскай вайне. Сярод інш. фільмаў «Вясёлка Файніяна» (1968), «Размова» (1972), «Аўтсайдэры» (1983), «Клуб «Катон» (1984), «Такер: чалавек і яго мара» (1988), «Дракула» (1992). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, у т. л. «Людзі дажджу» (1969), «Патон» (1970, з Э.Нортам; прэмія «Оскар»), «Вялікі Гэтсбі» (паводле Ф.С.Фіцджэральда, 1974), «Ад усяго сэрца (1982), «Сады з камянёў» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ФАРМІРАВА́ННІ,
назва арганізацыйных адзінак партыз.узбр. сіл. У Вял.Айч. вайну: партызанскае злучэнне, партызанская брыгада, партызанскі полк, партызанскі атрад, партызанская група, а таксама партыз. ўзвод, рота, батальён і інш. У склад рэгулярных войск не ўваходзілі. У канцы 1941 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр.СССР дзейнічала 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Усяго ў гады вайны ў тыле праціўніка знаходзілася больш за 6200 партыз. атрадаў і падп. груп, у якіх налічвалася больш за 1 млн.чал. На Беларусі ў 1941—44 дзейнічала 213 брыгад, якія аб’ядноўвалі 997 атрадаў, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну). П.ф. ўтрымлівалі і кантралявалі да 60% акупіраванай тэр. Беларусі (гл.Партызанская зона).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДАКЦЫ́ЙНЫЯ КАМІ́СІІў Расійскай імперыі,
часовая ўстанова, створаная рас. ўрадам пры Галоўным камітэце па сялянскай справе ў сак. 1859 для абагульнення матэрыялаў дваранскіх губ. к-таў і складання агульнага праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Складаліся (усяго 31 чал.) з чыноўнікаў розных ведамстваў і членаў-экспертаў — прадстаўнікоў памеснага дваранства. Р.к. фармальна вырашылі захаваць за сялянамі існуючы надзел, аднак пры пэўных абставінах планавалася адразаць частку сял. надзельнай зямлі на карысць памешчыка. Выкуп ставіўся ў залежнасць ад добраахвотнай згоды землеўласнікаў. Р.к. працавалі да 22.10.1860. На заключным этапе іх дзейнасці праект адмены прыгону істотна зменены на карысць памеснага дваранства (памеры сял. надзелаў паменшаны, а павіннасцей — павялічаны з пераацэнкай іх праз 20 гадоў). Р.к. адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы сялянскай рэформы 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,
барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш.ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ.ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усягоням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс.чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗІІ (ад лац. revisio перагляд),
перапісы насельніцтва, якое плаціла падаткі і адбывала рэкруцкую павіннасць у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Выкліканы заменай падворнага абкладання падушным падаткам. Р ўлічвалі падатныя саслоўі (да 95% насельніцтва імперыі, без Польшчы, Фінляндыі і Закаўказзя) і ч. непадатковых груп насельніцтва — духавенства, адстаўных салдат, ямшчыкоў і інш. Вынікі перапісу падлягалі шматгадовай праверцы — рэвізіі (адсюль і назва). Асобы, якія падлягалі перапісу, называліся рэвізскімі душамі і заносіліся ў т.зв. рэвізскія сказкі. Усяго праведзена 10 Р. (3—5-я, 7—10-я ахапілі і асоб жаночага полу). Колькасць насельніцтва Расіі паводле Р.: 1-й (1719) — 15,6 млн.чал.; 2-й (1744—45) — 18,1 млн.; 3-й (1763) — 23,2 млн.; 4-й (1782) — 28,4 млн.; 5-й (1795) — 37,4 млн.; 6-й (1811) — 42,7 млн.; 7-й (1815) — 43,9 млн.; 8-й (1833) — 52,9 млн.; 9-й (1850) — 56,9 млн.; 10-й (1857) — 59,3 млн.чал. На Беларусі Р. праводзіліся з 1772. Колькасць насельніцтва ў бел. губернях паводле 3-й Р. (дадатковы перапіс па далучаных бел. землях) — 1,2 млн.чал., 4-й — 1,3 млн. (Полацкая і Магілёўская губ.), 5-й — 4 млн., 6-й — 3,8 млн., 7-й — 3,8 млн., 8-й — 4,7 млн., 9-й —4,8 млн., 10-й —4,5 млн.чал. Матэрыялы Р. — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Рас. імперыі, даюць магчымасць высветліць колькасць і дынаміку руху насельніцтва, яго саслоўны і нац. склад, суадносіны сельскага і гар. насельніцтва і інш.Напр., удзельная вага прыгонных з 5-й да 10-й Р. па 5 бел. губернях знізілася з 75,7% да 55,7% усяго насельніцтва, а іх абсалютная колькасць з 1 527 699 да 1 264 400 чал. мужчынскага полу, што сведчыла пра крызіс прыгонніцтва.
Літ.:
Кабузан В.М. Изменения в размещении населения России в XVIII—первой половине XIX в.: (По материалам ревизий). М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс.га (у т. л. 15 тыс.га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).
Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́ (каля 945 — 949 — 7.10.1003),
армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.