страхаванне, аб’ектам якога з’яўляюцца матэрыяльныя каштоўнасці: будынкі, збудаванні, абсталяванне, жылыя памяшканні, хатняя маёмасць, ураджай с.-г. культур, жывёла і г.д. Адзін з відаў М.с. — трансп. страхаванне, аб’ектамі якога з’яўляюцца трансп. сродкі і грузы, што імі перавозяцца. Гэта можа быць маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці або ў валоданні ці распараджэнні страхавальніка. Таму страхавальнікамі могуць быць не толькі ўласнікі, але і інш.юрыд. або фіз. асобы. У выпадку ўзнікнення шкоды пры М.с. выплачваецца не страхавая сума (як пры асабістым страхаванні), а страхавое пакрыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНВЕНІ́СТ ((Benveniste) Эміль) (27.5.1902, г. Халеб, Сірыя — 3.10.1976),
французскі мовазнавец. Вучань А.Мее. З 1935 праф. Калеж дэ Франс, з 1945 сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва, з 1960 чл.Франц.АН. Працы ў галіне агульнага і індаеўрап. мовазнаўства, агульнай семіялогіі. Даследаваў праблемы структурнай лінгвістыкі. У адрозненне ад Ф. дэ Сасюра лічыў моўны знак міжвольным, таму што ён абумоўлены сістэмай мовы («Прырода лінгвістычнага знака», 1939). Аўтар тэорыі структуры індаеўрап. кораня, шматлікіх прац па іранскіх мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,
прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПА́СІЯ, Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?),
адна з выдатных жанчын Стараж. Грэцыі. Не мела афіц. грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.
Літ.:
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.
сукупнасць метадаў вымярэння натуральных ці штучных фіз. палёў Зямлі апаратурай, устаноўленай на лятальных апаратах. Уключае аэрагамаздымку, аэрамагнітную здымку, аэраэлектраразведку і інш. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, рудаў металаў, радыеактыўных рудаў), для тэктанічнага раянавання і геал. картаграфавання. Інтэнсіўнасць фіз. палёў, асабліва рудных целаў, затухае пры аддаленні ад зямной паверхні, таму аэрагеафізічная разведка найчасцей выконваецца з невял. вышыні (да 300 м) у маштабе 1:10 000 — 1:200 000. Ад наземных метадаў разведкі адрозніваецца аператыўнасцю і магчымасцю праводзіць яе ў цяжкадаступных раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭВІ́ЛЬ (франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г.таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ІЗАЛЯ́Т,
асобіна або папуляцыя аднаго біял. віду, аддзеленая, адасобленая геагр. перашкодамі ад асн. арэала. Садзейнічае відаўтварэнню, таму што не адбываецца спароўвання паміж адасобленымі папуляцыямі і абмену спадчыннай інфармацыяй. Геаграфічны ізалят можа ўзнікнуць ад змены фіз.-геагр. умоў у межах арэала, калі «папуляцыі заснавальнікаў» здолеюць замацавацца ў адасобленых раёнах са спрыяльнымі для іх умовамі навакольнага асяроддзя. Адбываецца дыферэнцыроўка віду на расы, разнавіднасці, падвіды, з наступным утварэннем новага віду (напр., у гарах зах.ч. ЗША — 23 віды і падвіды трусоў; шмат падвідаў галапагоскіх уюркоў, звычайнай вавёркі, сігаў у Еўразіі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПА́РВАННЕ,
тэхналагічны працэс канцэнтравання раствораў частковым выпарэннем растваральніку пры кіпенні. Робяць для вылучэння растворанага рэчыва (найчасцей цвёрдага з вады) ці атрымання чыстага растваральніку.
Праводзіцца ў выпарных апаратах пры атм., паніжаным (да 0,008 МПа) ці залішнім (да 0,6 МПа) ціску. Канструкцыя апаратаў для выпарвання залежыць ад саставу, фізіка-хім. уласцівасцей, неабходнай ступені канцэнтравання раствораў, іх схільнасці да ўтварэння накіпу і пены. Выпарванне тэрмаадчувальных (напр., лізін) і высокакіпячых (напр., серная к-та) раствораў робяць ва ўмовах разрэджвання, таму што зніжаецца т-ра іх кіпення. Выкарыстоўваюць у хім., харч. і інш. галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДМЕЛЬ,
1) мелкае месца ў вадаёме ці вадацёку, якое пачынаецца ад берагавой лініі. Мае шырокі падводны схіл з нязначнымі нахіламі.
2) Участак дна з меншымі глыбінямі, чым навакольныя. Да гэтага тыпу водмелі адносяцца марскія банкі. На водмелях пераважаюць працэсы перамяшчэння і намнажэння асадкаў, могуць утварацца намыўныя астравы і косы; небяспечныя для суднаходства. Характарызуюцца багаццем планктону, на іх заўсёды багацейшая фауна рыб і малюскаў. Пашыраны на рэках, азёрах і вадасховішчах Беларусі. На рэках утвараюцца каля берага, процілеглага таму, які падмываецца, і паступова ператвараюцца ў поймавую тэрасу.