АЛЬМАДЭ́Н (Almaden),

ртутнае радовішча ў Іспаніі, самае вял. ў свеце і унікальнае па якасці руды. Распрацоўваецца з 1-га тыс. да н.э. Руды — кварцыты ў ніжнепалеазойскіх сланцах, маюць у сабе кінавар і самародную ртуць (да ​1/20). У 1980-я г. здабыча ў межах 1,2—2 тыс. т металу. Запасы ацэньваюцца ў 250 тыс. т. Здабыча вядзецца ў глыбокіх шахтах. Самародная ртуць, якая сцякае ў ачышчальныя вырабаткі, збіраецца асобна.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛІВАН (Sullivan),

адно з буйнейшых калчадана-поліметалічных радовішчаў свету ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, каля г. Кімберлі). Адкрыта ў 1892, распрацоўваецца з 1900. Агульныя запасы 44 млн. т руды, з сярэднім утрыманнем волава 4,4%, цынку 6,1%, серабра 35 г/т. Руды пірацінавыя масіўныя і пірацін-сфалерыт-галеніт-пірытавыя палосчатыя. Паклады пластавыя ў верхнепратэразойскай дыслацыраванай тоўшчы метамарфізаваных парод. Здабыча падземным спосабам, спадарожна здабываюцца медзь, золата, свінец, кадмій, стыбій і сера.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́Т (ад лац. Mars бог вайны ў рымскай міфалогіі, чыё імя ў алхімікаў служыла сімвалам жалеза),

мінерал, прадукт ператварэння магнетыту Fe3O4 у гематыт Fe2O3. Крышталі і крышт. зерні магнетыту ператвораныя ў М., звычайна пры захаванні іх формы, замешчаны тонкаагрэгатным гематытам і набываюць яго фіз. ўласцівасці. Утвараецца М. у зоне кары выветрывання і на глыбіні, ва ўмовах павышанага патэнцыялу акіслення гідратэрмальных раствораў, вакол раней вылучанага магнетыту. Мартытавыя руды — высокагатунковыя жалезныя руды. Гл. таксама Псеўдамарфозы.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯНЧУ́ГСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ,

на Украіне, у Палтаўскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Пл. 100 км². Выяўлена ў 1928. Уяўляе сабой паласу дакембрыйскіх метамарфічных парод крыварожскай серыі (шыр. 0,2—3,5 км, даўж. 45 км), найб. багатыя руды прымеркаваны да саксаганскай світы (магутнасць 1200—1300 м). У паўд. частцы К.м.а. разведаныя запасы жалезістых кварцытаў з колькасцю жалеза 32% — 4,5 млрд. т і багатых жал. руд з колькасцю жалеза 58,2% — 220 млн. т. Жал. руды магнетытавыя і кумінгтанітамагнетытавыя. Прамысл. эксплуатацыя з 1970. Здабыча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — г. Камсамольск.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~10​4К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.

Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СТМАСБУРГ (Postmasburg),

раён жалеза-марганцавых радовішчаў у Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы (Капская прав.). Агульныя запасы каля 1 млрд. т руды, якая мае марганцу 45%, жалеза да 32%. Гал. цэнтр — Постмасбург.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),

агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВІК (Narvik),

горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс. ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн. т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.

Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНШЛІ́Ф (ням. Anschliff),

непразрысты кавалак мінералу, горнай пароды, руды, акамянеласці, вугалю або металу з адшліфаванай і адпаліраванай адной або некалькімі паверхнямі. Выкарыстоўваецца для вызначэння мінералаў, вывучэння структуры рудаў і інш. у адлюстраваным святле палярызацыйнага мікраскопа.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬША́НЬ,

горад на ПнУ Кітая, у даліне р.Ляахэ, у правінцыі Ляанін. Каля 1,4 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр здабычы жал. руды і чорнай металургіі (найбольшы ў краіне металургічны камбінат). Цяжкае машынабудаванне, нафтаперапр., хім., цэментны з-ды.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)