віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
масавыя каланіяльныя гняздоўі марскіх птушак, пашыраныя на ўзбярэжжах Еўразіі, Амерыкі, Паўд. Афрыкі, Новай Зеландыі, на акіянічных астравах Паўд. паўшар’я. Звычайна размяшчаюцца на стромкіх скалах, што прылягаюць да раёнаў мораў з высокай біял. прадукцыйнасцю, з берагамі, прыдатнымі для гнездавання. На П.б. суіснуюць віды, якія адрозніваюцца выбарам гнездавога ўчастка, кармамі і спосабамі іх здабычы. Найб. характэрныя прадстаўнікі П.б.: кайры, чысцікі, глупышы, чайкі-мыеўкі, бургамістры, белабрушкі, берынгавыя бакланы і інш. Гнездаванне на П.б. памяншае гібель яец птушанят ад драпежнікаў (напр., чайкі і крачкі сумесна адганяюць пясцоў і лісоў). Найб. буйныя П.б. налічваюць дзесяткі, а то і сотні тысяч пар гняздуючых птушак, распасціраюцца на дзесяткі кіламетраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СТРАБЫ (Accipiter),
род драпежных птушаксям. ястрабіных. 47 відаў. Пашыраны паўсюдна акрамя Арктыкі, Антарктыкі і пустынных бязлесных абласцей. Жывуць у лясах. На Беларусі 2 віды: перапёлачнік, ці Я.-перапёлачнік, або Я. малы, і цецяроўнік, ці Я.-цецяроўнік, або Я. вялікі. 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 25—68 см, маса 80—2000 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Афарбоўка большасці відаў шэрая, радзей рыжая. Характэрны папярочна-паласаты (у дарослых) або плямісты (у маладых) ніз цела, жоўтыя лапы (выключэнне чырвананогі Я.). Бывае і яркая афарбоўка. Нясуць 2—5 яец. Асн. корм — дробныя млекакормячыя і птушкі, радзей земнаводныя, паўзуны і насякомыя. Некат. віды Я. выкарыстоўваюць для палявання як лоўчых птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУАРЫІДО́ЗЫ,
інвазійныя хваробы (гельмінтозы) свойскіх і дзікіх птушак, якія выклікаюцца нематодамі сям. Acuariidae, што паразітуюць у страваводзе і страўніку курэй, індыкоў, цацарак, фазанаў. Прамежкавыя гаспадары нематод — членістаногія. Пашыраны эхінурыёз, дыскарынксоз, стрэптакароз, хейласпіруроз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОК, такавішча,
месца такавання палігамных відаў птушак (цецерукоў, глушцоў, рабчыкаў, турухтанаў і інш.). У шэрагу відаў Т. многія гады знаходзіцца на пэўным месцы. Памеры — ад невял. пляцовак да 100 га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСАКЕЛЬМЕ́С,
запаведнік у Казахстане, у Кзыл-Ардзінскай вобл., на в-ве Барсакельмес у Аральскім м.Засн. ў 1939 з мэтай аховы і вывучэння асаблівасцяў прыроднага комплексу глініста-саланчаковых пустыняў, даследавання развіцця працэсаў у ізаляваных, астраўных біягеацэнозах. Пл. больш за 18 тыс.га.
Усяго зарэгістравана 257 відаў кветкавых раслін. Каля палавіны прыпадае на эфемеры і эфемероіды. Сярод прадстаўнікоў палын шэразёмны, пырнік пустынны, 6 відаў кавылёў, чорны і белы саксаулы, тамарыск, карагана, рэвень татарскі, герань, адоніс і інш. Ізаляваная фауна прадстаўлена 13 відамі млекакормячых, 202 — птушак, 8 — паўзуноў, 1 від земнаводных (зялёная рапуха). Сярод звяроў рэдкія віды — кулан і джэйран, сайгак; сярод птушак — драфа-красуня; шмат малых і шэрых жаваранкаў, каменак, аўсянак; з драпежных гняздуецца звычайная пустальга; сярод рэптылій пануе такырная круглагалоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СПАў жывёл,
кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.
У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ХЕМАА (Lahemaa),
нацыянальны парк на ўзбярэжжы Фінскага заліва, у Эстоніі. Засн. ў 1971. Пл. каля 65 тыс.га, у т. л. лясная — 45 тыс.га. Падзелены на функцыян. зоны: рэзерватаў, прыродных ландшафтаў, адпачынку і інш. Размешчаны на 4 паўастравах; па берагах абломкі скал, валуны. На рэчках і ручаях невял. вадаспады і парогі. Лясная расліннасць — зеленамошныя хвойнікі і ельнікі, у поймах рэк — забалочаныя ўчасткі лесу з бярозы і вольхі. Вярховыя балоты. У флоры 838 відаў, у т. л. 26 рэдкіх: чаравічак сапраўдны, луннік ажываючы, лабелія Дортмана і інш. У фауне 37 відаў звяроў, у т. л. казуля, дзік, лось, мядзведзь, норка і інш.; 213 — птушак, у т. л. чорны бусел, глушэц, цецярук і інш.; шмат пералётных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],
хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.
У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЫЁН (ад грэч. chorion скурка, абалонка, паслед), варсінчатая абалонка,
1) вонкавая зародкавая абалонка, якая ўтвараецца на ранніх стадыях індывід. развіцця (з гаструляцыі) у птушак, паўзуноў, млекакормячых жывёл і чалавека. Служыць для атрымання кіслароду, у млекакормячых для выдалення прадуктаў метабалізму і вуглякіслага газу. У зародкаў млекакормячых жывёл і чалавека адрозніваюць варсінчаты і гладкі Х., што ўзаемадзейнічаюць з асн. капсулярнай абалонкай слізістай маткі; звонку Х. укрыты варсінкамі, якія ўрастаюць у слізістую абалонку маткі і ўтвараюць плодную ч.плацэнты. З надыходам плацэнтацыі Х. набывае рысы структурна-функцыян. арг-цыі, уласцівай пэўнай форме плацэнты. У птушак і рэптылій шчыльна прылягае да шкарлупіны (дае магчымасць абмену паміж яйцом і вонкавым асяроддзем).
2) Другасная яйцавая абалонка зародкаў у беспазваночных і некат. ніжэйшых пазваночных жывёл.