Я́СТРАБЫ (Accipiter),

род драпежных птушак сям. ястрабіных. 47 відаў. Пашыраны паўсюдна акрамя Арктыкі, Антарктыкі і пустынных бязлесных абласцей. Жывуць у лясах. На Беларусі 2 віды: перапёлачнік, ці Я.-перапёлачнік, або Я. малы, і цецяроўнік, ці Я.-цецяроўнік, або Я. вялікі. 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела 25—68 см, маса 80—2000 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Афарбоўка большасці відаў шэрая, радзей рыжая. Характэрны папярочна-паласаты (у дарослых) або плямісты (у маладых) ніз цела, жоўтыя лапы (выключэнне чырвананогі Я.). Бывае і яркая афарбоўка. Нясуць 2—5 яец. Асн. корм — дробныя млекакормячыя і птушкі, радзей земнаводныя, паўзуны і насякомыя. Некат. віды Я. выкарыстоўваюць для палявання як лоўчых птушак.

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)