заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ПАГАС (Galápagos),
нацыянальны парк Эквадора, на а-вах Галапагас (архіпелаг Калон) у Ціхім ак., каля 1000 км на З ад Паўд. Амерыкі. Размешчаны на вял. а-вах Ісабела, Санта-Крус, Сан-Крыстобаль і інш.Засн. ў 1936. Пл. 691,2 тыс.га. У флоры каля 700 відаў раслін, з якіх больш за 40% эндэмічныя віды. У прыбярэжных раёнах звычайныя вялізныя кактусы (часцей трапляецца апунцыя, выш. да 10 м), вышэй — калючыя хмызнякі, у верхняй зоне — паласа сырых эндэмічных вечназялёных лясоў з папарацямі і імхамі. Унікальная фауна небагатая — каля 90 відаў птушак і з дзесятак рэптылій: уюркі (13 відаў, у т. л. дарвінавы, вялікі кактусавы і інш.), пінгвіны (каля 1,5 тыс. асобін), нелятаючыя бакланы (каля 1 тыс.), фрэгаты і інш.; гіганцкія слановыя чарапахі (масай да 250 кг), яшчаркі ігуаны (у т. л. марская, насякомаедная і інш.); наземныя млекакормячыя прадстаўлены хамякамі і кажаном; эндэмічныя галапагоскія марскі леў і коцік. На в-ве Санта-Крус з 1964 існуе Міжнар.н.-д. станцыя імя Ч.Дарвіна. Галапагас уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,
гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;
Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;
Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ВАЕ́ННАЙ ГІСТО́РЫІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Засн ў 1993 у Мінску на базе б. музея гісторыі войск Бел.ваен. акругі
(засн. ў студз. 1974). Пл. экспазіцыі каля 486,3 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (1999),
згрупаваных па 8 аддзелах: ваен. гісторыя 6—9, 10—13, 14—16, 17—18 ст., перыяды з 19 да пач. 20 ст., 1917—41, Вял.Айч. вайны, пасляваенны. Экспануюцца муляжы зброі і ўзбраення (кальчугі, шлемы, засцерагальныя шчыты) 12—16 ст., зброя і рыштунак 18—20 ст.Прадстаўлены экспанаты часоў грамадз. вайны, стварэння Чырв. Арміі і БВА: рэчы, зброя, карты, кнігі военачальнікаў С.М.Будзённага, І.Х.Баграмяна, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага, І.Д.Чарняхоўскага, І.І.Якубоўскага, фотаздымкі, баявыя ўзнагароды воінаў-вызваліцеляў. У экспазіцыі пасляваен. часу матэрыялы і асабістыя рэчы каманд.БВА С.К.Цімашэнкі, С.С.Марахіна, В.А.Пянькоўскага і інш. Экспанаты расказваюць аб Узбр. Сілах Беларусі, пра першага Героя Беларусі У.М.Карвата, удзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (В.А.Вадалажскага і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННЕ,
жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял.Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
рас. дырыжор. Нар.арт. Расіі (1966). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1990). Ганаровы чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954, кл. дырыжыравання М.Аносава, кл.фп. Л.Аборына). У 1951—60 і 1978—83 дырыжор, у 1965—70 і ў 2000—01 гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве. У 1961—91 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял.сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыё. У 1974—85 гал. дырыжор Маскоўскага муз.т-ра, з 1982 — сімф. аркестра Мін-ва культуры СССР. З 1974 гал. дырыжор шэрагу замежных арк. Выкананне вылучаецца бездакорнай стылістычнай дакладнасцю, яркай артыстычнасцю. У рэпертуары побач з класічнымі шырока прадстаўлены творы рас. і сучасных зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, П.Хіндэміта, Ф.Пуленка і інш. Пад яго муз. кіраўніцтвам адбыліся прэм’еры твораў Р.Шчадрына, К.Хачатурана і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр.дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРЭАЛІ́ЗМу філасофіі,
кірунак у англа-амерыканскай філасофіі пач. 20 ст. Сфарміраваўся пад уплывам шатландскай школы, філасофіі Ф.Брэнтана, А.Мейнанга (Аўстрыя), ранняга Б.Расела як рэакцыя на суб’ектыўны ідэалізм прагматызму і аб’ектыўны ідэалізм англ.неагегельянства. Тэарэтыка-пазнавальныя прынцыпы сфармуляваны англ. філосафам Дж.Мурам у арт. «Абвяржэнне ідэалізму» (1903) і развіты ў ЗША Р.Перы, У.Монтэгю, У.Марвінам, Э.Сполдынгам, У.Піткінам, Э.Холтам («Праграма і першая платформа шасці рэалістаў», 1910). У тэорыі пазнання Н. сцвярджае, што пазнавальны аб’ект можа непасрэдна «ўваходзіць» у свядомасць суб’екта, але пры гэтым не залежыць ад пазнання ў адносінах свайго існавання і прыроды («тэорыя іманентнасці незалежнага»). У анталогіі прызнае 2 формы аб’ектыўнага існавання: прасторава-часавую або толькі часавую (уласціва адпаведна фіз. і псіхічным з’явам і аб’ектам) і ідэальнае існаванне па-за прасторай і часам (агульныя паняцці і матэм. аб’екты), а таксама незалежнасць рэчаў ад тых адносін, у якія яны ўступаюць («тэорыя знешніх адносін»), «Касмалагічны» кірунак Н. прадстаўлены тэорыяй «эмерджментнай эвалюцыі» С.Александэра (Вялікабрытанія), «філасофіяй працэсу» А.Уайтхеда, халізмам Я.Смэтса. У 1930-х г. Н. страціў уплыў; на змену яму прыйшоў крытычны рэалізм.