ГАЛА́ПАГАС

(Galápagos),

нацыянальны парк Эквадора, на а-вах Галапагас (архіпелаг Калон) у Ціхім ак., каля 1000 км на З ад Паўд. Амерыкі. Размешчаны на вял. а-вах Ісабела, Санта-Крус, Сан-Крыстобаль і інш. Засн. ў 1936. Пл. 691,2 тыс. га. У флоры каля 700 відаў раслін, з якіх больш за 40% эндэмічныя віды. У прыбярэжных раёнах звычайныя вялізныя кактусы (часцей трапляецца апунцыя, выш. да 10 м), вышэй — калючыя хмызнякі, у верхняй зоне — паласа сырых эндэмічных вечназялёных лясоў з папарацямі і імхамі. Унікальная фауна небагатая — каля 90 відаў птушак і з дзесятак рэптылій: уюркі (13 відаў, у т. л. дарвінавы, вялікі кактусавы і інш.), пінгвіны (каля 1,5 тыс. асобін), нелятаючыя бакланы (каля 1 тыс.), фрэгаты і інш.; гіганцкія слановыя чарапахі (масай да 250 кг), яшчаркі ігуаны (у т. л. марская, насякомаедная і інш.); наземныя млекакормячыя прадстаўлены хамякамі і кажаном; эндэмічныя галапагоскія марскі леў і коцік. На в-ве Санта-Крус з 1964 існуе Міжнар. н.-д. станцыя імя Ч.Дарвіна. Галапагас уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)