ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),

парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).

Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.

В.​С.​Гапіенка.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,

сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.

Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),

суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́ЎСКІ (Георгій Рафаілавіч) (н. 16.10.1946, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Характарны акцёр. Карыстаючыся вострым сцэнічным малюнкам, захоўвае рысы рэальнага праўдападабенства вобразаў, нават створаных у гратэскава-камед. плане. Найб. значныя ролі: Ян Дабровіч («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), А.А. («Эмігранты» С.​Мрожака). З інш. роляў: Ксяндзоў («Апошні шанц» паводле В.​Быкава), Малюцін («Апошні журавель» А.​Дударава, А.​Жука), Міхалка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.​Чарота), Папскі нунцый («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Антоніо («Бура» У.​Шэкспіра), Клеант («Тарцюф» Мальера), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта), доктар Магнуш («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера), паштмайстар Шпекін («Рэвізор» М.​Гогаля), Бургамістр («Дракон» Я.​Шварца), цесць Худзякова («Характары» паводле В.​Шукшына).

В.​С.​Грыбайла.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАНА́ТЫ,

солі невылучаных у свабодным стане кіслародзмяшчальных кіслот марганцу.

Вядомыя М., пераважна шчолачных і шчолачназямельных металаў, адрозніваюць паводле валентнасці марганцу ў іх. М. сямівалентнага марганцу (перманганаты) — солі марганцовай к-ты HMnO4. Фіялетава-чорныя крышталі, тэрмічна няўстойлівыя, павольна раскладаюцца з вылучэннем кіслароду нават пры пакаёвай т-ры. Моцныя акісляльнікі. Практычнае значэнне мае пераважна перманганат калію KMnO4 (гл. Калію злучэнні). М. шасцівалентнага марганцу, ці проста М. — солі марганцаватай ці марганцовай (VI) к-ты H2MnO4. Крышталі зялёнага колеру. Моцнымі акісляльнікамі акісляюцца да перманганатаў. М. пяцівалентнага марганцу (гіпаманганаты) — солі марганцавацістай ці марганцовай(V) к-ты H3MnO4. Сінія ці зялёныя крышталі. М. пяці- і шасцівалентнага марганцу ўстойлівыя толькі ў сухім паветры ці моцнашчолачных растворах. Выкарыстоўваюць М. барыю BaMnO4 (марганцовая зелень) як зялёны пігмент для алейных фарбаў, гіпаманганаты Ba3(MnO4)2 як блакітны пігмент для пластмас, маст. фарбаў і эмалей, Ca3(MnO4)2 5H2O для стэрылізацыі пітной вады.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА РЭА́КЦЫІ,

здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сістэмы ўмоўнарэфлекторных сувязей, якія фарміруюцца ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга пры паступленні ў яе імпульсаў ад вонкавых і ўнутр. раздражняльнікаў. Забяспечваюць дакладнае ўзаемадзеянне ч. арганізма і тонкае прыстасаванне арганізма да навакольнага асяроддзя. Тэрмін «С.с.» ўведзены І.​П.​Паўлавым (1932), які вылучыў агульную для жывёл і чалавека першую сігнальную сістэму і спецыфічную толькі для чалавека другую сігнальную сістэму. Першая сігнальная сістэма — сістэма канкрэтных, адчувальна непасрэдных вобразаў рэчаіснасці, якія фіксуюцца мозгам чалавека і жывёл у форме адчуванняў і ўспрыманняў. З’яўляецца сукупнасцю шматлікіх (нават вельмі складаных) умоўных і безумоўных рэфлексаў на непасрэдныя раздражняльнікі або іх сляды, на яе аснове функцыянуе вышэйшая нервовая дзейнасць. У чалавека характарызуецца большай, чым у жывёл, скорасцю нерв. працэсаў, рухомасцю, утварэннем умоўных рэфлексаў вышэйшых парадкаў. Першая і другая С.с. функцыянуюць у цесным узаемадзеянні і адзінстве, пры гэтым у чалавека другая С.с. адыгрывае вядучую ролю.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.​А.​Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,

вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.​С.​Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).

Ф.​М.​Гайдук.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед. ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).

Тв.:

История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)