ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
т. 4, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),
зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 7, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш. правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл. Мангольскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.
т. 10, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,
група моў мангольскіх народаў (гл. Манголы). М.м. — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) манг. мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — мангольская (у Афганістане), дагурская (у паўн.-ўсх. Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кіт. правінцыях Ганьсу і Цынхай). Для асн. М.м. ў 13 — пач. 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая манг. мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутр. Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кіт. моў. У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных М.м. непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць грамат. катэгорыі роду, шырокае ўжыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў. З пач. 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х г. асн. М.м. перайшлі на новыя алфавіты на аснове рус. графікі.
Літ.:
Тодаева Б.Х. Монгольские языки и диалекты Китая. М., 1960;
Бертагаев Т.А. Лексика современных монгольских литературных языков. М., 1974.
т. 10, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РБУРГСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у неакантыянстве. Заснавальнік М.ш. Г.Коген і яго паслядоўнікі П.Натарп, Э.Касірэр ставілі сваёй мэтай «трансцэндэнтальна-лагічную» інтэрпрэтацыю філасофіі І.Канта, «ачышчэнне» яе ад катэгорыі «чыстаты розуму», «рэчы ў сабе», «вопыту» і інш., ад прымесей «метафізікі» і псіхалагізму. Паводле ўстаноўкі М.ш., навук. статус прызнаецца выключна за тымі філас. паняццямі, якія зводзяцца да гістарычна даказаных фактаў навукі, этыкі, мастацтва, рэлігіі і звязваюцца з «усёй творчай работай культуры», дзе цэнтр. месца займаюць не развіццё з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, а іх навук. тлумачэнне і выкладанне; законам руху культуры абвяшчаецца менавіта творчая дзейнасць у галіне навукі. «Сузіранне» Канта ў трактоўцы М.ш. адрываецца ад псіхалагічнай антрапалагічнай асновы, у выніку чаго працэс пазнання зводзіцца да Мысліцельнай дзейнасці чалавечага мозга. Адмаўленне прынцыпу адзінства пачуццёвай і абстрактна-мысліцельнай ступеней азначае абсалютызацыю лагічных структур навукі і іх атаясамліванне з адзінай крыніцай навук. ведаў. Свой «трансцэндэнтальна-лагічны» метад М.ш. імкнулася пашырыць пераважна на прыродазнаўства; у грамадскіх навуках М.ш. мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі этычнага сацыялізму.
В.І.Боўш.
т. 10, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎСКІЯ МО́ВЫ,
падгрупа фіна-угорскіх моў. Мовы мардвы. Распаўсюджана ў Мардовіі, Башкортастане, Татарстане, Чувашыі, Ніжагародскай, Арэнбургскай, Пензенскай, Саратаўскай і інш. абласцях Расіі. Да М.м. належаць макшанская (мокша-мардоўская) і эрзянская (эрзя-мардоўская) мовы. Шматдыялектныя. У макшанскай мове 7 галосных і 33 зычныя; націск пераважна на 1-м складзе (абумоўлены якасцю галосных словаформы). У эрзянскай мове 5 галосных і 28 зычных; націск фразавы і рытмічны. М.м. аглюцінатыўныя мовы. У значэнні прыназоўнікаў ужываюцца паслялогі. Больш за 10 склонаў, 3 тыпы скланення, адсутнасць катэгорыі роду, 7 ладоў дзеяслова, 2 спражэнні. У лексіцы шмат русізмаў, ёсць цюркізмы, балт. і іранскія запазычанні. 2 літ. мовы, якія сфарміраваліся на аснове макшанскіх і эрзянскіх дыялектаў б. адзінай агульнамардоўскай мовы: макшанская (сфарміравалася да сярэдзіны 1930-х г.) і эрзянская (у канцы 1920-х г.). Пісьменства на розных мардоўскіх дыялектах (лац. і рус. графіка) з канца 17 ст. У аснове мардоўскага пісьма рус. графіка і арфаграфія (з сярэдзіны 18 ст.).
Літ.:
Грамматика мордовских языков: Фонетика, графика, орфография, морфология. Саранск, 1980.
т. 10, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,
калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.
А.У.Марыскін.
т. 11, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,
прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал. змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях і індывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне і інш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраванне і інш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным і сац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.
В.І.Боўш.
т. 12, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Гомельскай, часткова Магілёўскай і Мінскай абл., уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс. км², даўж. 260 км, шыр. да 130 км. Першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964, усяго выяўлена 62 нафтавыя і 1 нафтагазакандэнсатнае радовішча (2000). Агульныя геал. запасы нафты складаюць (2000): 341,7 млн. т, у т. л. здабываемыя 72 млн. т; здабываемыя запасы кандэнсату 443 тыс. т, растворанага газу 8 млрд. м³, свабоднага газу — 1 млрд. м³. За час эксплуатацыі здабыта нафты 102,43 млн.т. Больш як палавіна астатніх запасаў адносіцца да катэгорыі цяжказдабываемых. Дадаткова прагнозныя рэсурсы нафты складаюць 191,9 млн. т, але мяркуецца, што значная частка іх нізкарэнтабельная (цяжказдабываемая, ці з запасамі меней за 0,05 млн. т, з глыб. залягання больш за 3500 м, ці на тэрыторыі з высокім радыяцыйным забруджваннем і інш.). Найбуйнейшыя па запасах (пачатковых) нафты Асташкавіцкае радовішча нафты (34,7 млн. т), Рэчыцкае (34,2 млн. т.) і Вішанскае радовішча нафты (14,2 млн. т).
І.Р.Захарыя.
т. 13, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),
гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс. чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.
Літ.:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.
т. 11, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)