МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),

выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.​Курно (Францыя), І.​Цюнен, Г.​Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.​Джэванс, Л.​Вальрас, В.​Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)