БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Існавала з кастр. 1930 да мая 1933 у Мінску. Створана на базе вышэйшага опернага класа Бел. муз. тэхнікума з мэтай падрыхтаваць адкрыццё на Беларусі т-ра оперы і балета. Кіраўнікі: дырыжор І.Гітгарц, балетмайстар Л.Крамарэўскі, хормайстар і гал. канцэртмайстар Г.Пятроў, рэжысёр-асістэнт В.Барысевіч, вакальны кансультант і педагог А.Баначыч. Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (рэж. У.​Тазаўроўскі), «Кармэн» Ж.​Бізэ (рэж. Б.​Норд), балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (усе на сцэне БДТ-1). Рэарганізавана ў сталы тэатр (гл. Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).

Сярод студыйцаў: спевакі Л.​Александроўская, І.​Балоцін, Т.​Каліноўская (Баначыч), М.​Гульман, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, А.​Зайцава, В.​Каліноўскі, Д.​Кроз, М.​Пігулеўскі, К.​Пуроўскі, М.​Русін, К.​Саліна, Дз.​Салохін; танцоры Я.​Вяпрынскі, С.​Дрэчын, К.​Калітоўская, Л.​Крамарэўская, Н.​Фінская, Г.​Шчолкіна.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963.

Б.​С.​Смольскі.

Група кіраўнікоў і салістаў Беларускай студыі оперы і балета: у першым радзе справа налева — 1-ы А.​Баначыч, 2-і Г.​Пятроў, 3-я А.​Зайцава, 4-ы І.​Гітгарц; у другім радзе — 2-і М.​Дзянісаў, 3-і М.​Пігулеўскі, 5-я Т.​Баначыч, 6-ы У.​Тазаўроўскі. 1931.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Валянцін Віктаравіч) (19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),

бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.​А.​Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.​Я.​Савінскага і П.​П.​Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял. Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыі псіхал. партрэта рус. рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).

Літ.:

Элентух И.Б. В.​В.​Волков. М., 1956.

В.​С.​Каваленка.

В.Волкаў. Студэнты. 1947.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),

нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел. с.-д. партыю (А.​Аўсянік, П.​В.​Мятла, Б.​А.​Тарашкевіч, Ф.​Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.​В.​Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.​Баран, У.​Каліноўскі, С.​Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.​С.​Кахановіч, В.​Ц.​Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.​І.​Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш. нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел. сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».

А.​М.​Сідарэвіч.

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.​Аўсянік, Ф.​Ярэміч, П.​Валошын; у 2-м радзе — В.​Багдановіч, М.​Кахановіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Назарэўскі, А.​Уласаў; стаяць: В.​Рагуля, С.​Якавюк, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мятла. Варшава. 1923.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ (Міхаіл Іванавіч) (21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.​Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.​Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р. Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАС (Дзмітрый Аляксандравіч) (16.6. 1911, г. Швенчоніс, Літва — 13.10. 1979),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, клас В.Залатарова). З 1943 узначальваў рэпертуарную камісію, у 1944—46 — муз. аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. З 1948 гал. рэдактар, у 1955—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё. У 1965—72 выкладаў у Мінскім пед. ін-це. Найб. значныя дасягненні ў жанрах вак. музыкі, дзе выявіліся ўласцівыя яму меладычнасць, лірызм, веданне прыроды пеўчага голасу, здольнасць да глыбокай муз. інтэрпрэтацыі паэт. тэксту. Сярод твораў: оперы «Кастусь Каліноўскі» (лібрэта М.​Клімковіча, паст. 1947), «Песня пра шчасце» (1951), «Дачка партызана» (1969), радыёопера «Рак-вусач» паводле Я.​Коласа (1960); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» паводле А.​Пушкіна (1975), «Добрай раніцы, свет» (1978); сімфонія (1959); 4 смыковыя квартэты (1939, 1945, 1966, 1974); хары; камерна-вак. творы, у т. л. вак. цыклы «Поры года» на вершы Э.​Агняцвет, «Мелодыі» на вершы Лесі Украінкі; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона і «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бел. т-ры імя Я.​Купалы, і кінафільмаў «Дзеці партызана» (з Г.​Паповым), «Несцерка», «Шчасце трэба берагчы» і інш.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Дзмітрый Лукас. Мн., 1973.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Дз.А.Лукас.

т. 9, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЭКАЛО́ГІЯ (ад палеа... + экалогія),

раздзел палеанталогіі і экалогіі, што вывучае ўмовы пражывання, спосабы жыцця, узаемаадносіны арганізмаў геал. мінулага паміж сабою і з навакольным асяроддзем, іх гіст. змены. Даследуе выкапнёвыя флоры, фауністычныя комплексы, рэшткі, адбіткі і біягліфы арганізмаў асобных відаў, папуляцый і згуртаванняў (арыктацэнозы), арганагенныя горныя пароды і пабудовы і інш. Звязана з палеаіхналогіяй, тафаноміяй, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, літалогіяй, палеакліматалогіяй і інш. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, рэканструяванні палеагеагр. абставін (напр., палеаклімату), умоў асадканамнажэння і ўтварэння некат. карысных выкапняў і інш.

Як навука П. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (заснавальнік — У.А.Кавалеўскі). Уклад у яе развіццё зрабілі Л.Дало, аўстр. вучоны А.​Абель, ням. І.​Вальтэр, рус. — М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, М.​М.​Якаўлеў і інш.

На Беларусі палеаэкалагічныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.В.Фурсенка, вывучэнне дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну). Праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.С.Махнач, С.​А.​Кручак, Л.​І.​Мурашка, Я.​К.​Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кеда, В.​І.​Пушкін і інш.). Даследаваны палеаэкалагічны стан у перыяды кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры, мелу, неагену, антрапагену.

Літ.:

Геккер Р.Ф. Введение в палеоэкологию. М., 1957;

Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (Барыс Віктаравіч) (6.8.1903, Мінск — 15.2.1967),

бел. акцёр, педагог. Нар. арг. Беларусі (1946). Нар. арт. СССР (1948). З 1920 працаваў у тэатр. калектыве пры «Беларускай хатцы», у Т-ры рэв. сатыры ў Мінску. З 1922 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1961—63 яго маст. кіраўнік). З 1965 заг. кафедры ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял. сцэнічнага абаяння, выдатны майстар пераўвасаблення. Спалучаў тонкі псіхал. малюнак ролі з вонкавай тэатр. яркасцю. Сярод лепшых драм. роляў: Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948), Туміловіч («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава). Стварыў гранічна завостраныя камед. вобразы ў нац. рэпертуары: Быкоўскі («Паўлінка» Я.​Купалы), Зёлкін, Жлукта («Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Лявон («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка). Высокім трагедыйным гучаннем вызначаліся ролі: Рамэо («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Эзоп («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Жадаў («Даходнае месца» Астроўскага), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Пётр («Апошнія» М.​Горкага). Выступаў на Бел. радыё з чытаннем твораў прозы і паэзіі («Курган» Я.​Купалы і інш.). Зняўся ў фільмах «Кастусь Каліноўскі», «Песня вясны», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Хто смяецца апошнім» і інш. Пра П. зняты дакумент. фільм «Думкі і вобразы» (1965).

Літ.:

Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. артыста. 2 выд. Мн., 1989.

А.​В.​Сабалеўскі.

Б.В.Платонаў.
Б.Платонаў у ролі Лявона.
Б.Платонаў у ролі Эзопа.

т. 12, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;

Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ [ад палеа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

навука аб арганізмах і ўсіх даступных вывучэнню праявах жыцця геал. мінулага на розных узроўнях арганізацыі, іх пашырэнні і гіст. развіцці. Даследуе акамянеласці і інш. выкапнёвыя рэшткі арганізмаў (марфал., фізіял., біяхім., малекулярна-біял., паталаг. і інш. кірункі), арыктацэнозы, арганагенныя горныя пароды і інш. Уключае палеабатаніку, палеабіягеаграфію, палеазаалогію, палеаіхналогію, палеаэкалогію, тафаномію, мікрапалеанталогію (вывучае стараж. мікраарганізмы і мікрарэшткі жывёл і раслін: канадонты, скалекадонты, акрытархі, аталіты). Звязана з археалогіяй, неанталогіяй, паліналогіяй, філагенетыкай, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў геалогіі карысных выкапняў, літалогіі, стратыграфіі і інш.

Упамінанні пра акамянеласці вядомы з ант. часоў. Разуменне іх сапр. прыроды пачалося ў эпоху Адраджэння (Г.Агрыкала, Леанарда да Вінчы і інш.) і развівалася з поглядамі аб пастаянных зменах у жывой прыродзе мінулага (М.Адансон, Ж.Л.Л.Бюфон, Дж.Гетан, М.В.Ламаносаў, дацкі вучоны Н.​Стэна і інш.). Як навука П. ўзнікла разам з гіст. геалогіяй у канцы 18 — пач. 19 ст. (А.Т.Браньяр, Ж.Кюўе, Ж.Б.Ламарк). Тэрмін «П.» (прапанаваў франц. заолаг А.Д. дэ Бленвіль у 1822) пашыраны з 1830-х г. У дадарвінаўскі перыяд (да сярэдзіны 19 ст.) фарміравалася стратыграфічная П. (А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучоны Ж.Л.​Р.​Агасіс, англ. — А.​Седжвік, рас. — С.​С.​Кутарга, Х.І.Пандэр, К.​Ф.​Рулье, Э.​І.​Эйхвальд і інш.). З 1860-х г. развіваецца эвалюц. П. (М.І.Андрусаў, Ю.​А.​Арлоў, Т.Г.Гекслі, Л.Дало, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, М.Ноймайр, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, І.Ф.Шмальгаўзен, І.А.Яфрэмаў, амер. вучоны Э.​Коп, рас. — А.​А.​Барысяк і інш.).

На Беларусі асобныя палеанталагічныя доследы праводзіліся ў 19—1-й пал. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.І.Дыбоўскі, У.М.Сукачоў, П.А.Туткоўскі, Л.​А.​Бяляева, Э.​Вернейль, В.​І.​Громаў, А.​Кайзерлінг, Р.​І.​Мурчысан, Г.​Швэдар і інш.). Пытанні П. сістэматычна даследуюцца з 1951 (А.В.Фурсенка) у Бел. геолагаразведачным НДІ і з 1968 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, вывучаюцца таксама ў Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед., Брэсцкім і Віцебскім ун-тах. Атрыманы шматлікія палеанталагічныя матэрыялы і звесткі палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, скарыстаныя ў распрацоўцы і абгрунтаванні схем іх стратыграфічнага расчлянення. Уклад у развіццё П. зрабілі Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, В.​С.​Акімец, С.​В.​Анціпенка, Г.​А.​Белавусава, А.​Ф.​Бурлак, В.​К.​Галубцоў, Э.​К.​Дземідзенка, С.​Ф.​Зубовіч, В.​П.​Зярніцкая, П.​Ф.​Каліноўскі, М.​Р.​Каўхута, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​А.​Кручак, Л.​С.​Ліннік, Г.​І.​Літвінюк, Т.​І.​Майсеева, С.​С.​Маныкін, А.​У.​Мацкевіч, І.​В.​Міцяніна, У.​І.​Назараў, В.​М.​Несцяровіч, В.​І.​Пушкін, Т.​Б.​Рылова, С.​А.​Фядзеня, Г.​К.​Хурсевіч, В.​Л.​Шалабода, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.

Літ.:

Основы палеонтологии: Справ. для палеонтологов и геологов СССР. Т. 1—15. М., 1958—64;

Палеонтология и стратиграфия БССР. Сб. 1—6. Мн., 1955—66;

Палеонтология и ее роль в познании геологического строения территории Белоруссии. Мн., 1986;

Новые представители ископаемой фауны и флоры Белоруссии и других районов СССР. Мн., 1990.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.​Г.​Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.​К.​Сарбеўскі), развівалася Ф.​Скарынам, М.​Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.​Доўгірд, Л.​Бароўскі). К.​Каліноўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, А. і І.​Луцкевічы, А.​Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)