ЯНУШКЕ́ВІЧ Фелікс Язэпавіч (н. 30.5.1954, в Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Брат В.Я.Янушкевіча і Я.Я.Янушкевіча. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978), творчыя майстэрні АМ СССР у Мінску (1984). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод твораў: «Роздум. А.​Пашкевіч (Цётка)», «У вырай» (абодва 1976), «Натхненне. Максім Багдановіч» (1981), «Я.​Купала і Б.​Тарашкевіч. Лазенкі. Варшава, 1927 год» (1982), «А.​Свентарэцкі, В.​Дунін-Марцінкевіч і М.​Грушвіцкі на месцы збору інсургентаў Мінскага павета» (1983), «Сталь» (1984), «Паўстанне» (1992), «Тата, я запаліў святло», «Гэй славяне, гэй Улане (Партрэт бацькі)» (абодва 1993). Аўтар трыпціхаў «Кастусь Каліноўскі» (1978), «Лёс Рагнеды, або Сцяна Памяці» (1986); паліпціха «Слава Мікалаю Гусоўскаму» (1980); серый «Гульні дзяцей Беларусі» (1980), «Камунары Беларусі» (1983), «У партызанскім краі» (1984), «Дзе мой край?» (1985—86). Творы вызначаюцца глыбокім пранікненнем у сутнасць гіст. падзей, метафарычнасцю вобразнага ладу, эмацыянальнасцю колеравага вырашэння, кампазіцыйнай ураўнаважанасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

Ф.Янушкевіч. Лёс Рагнеды, або Сцяна Памяці. Трыпціх. 1986.

т. 18, кн. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)