РАМСЕ́С II (троннае імя Усер-маат-Расатэп-ен-Ра),

старажытнаегіпецкі фараон [1290—1224 да н.э.] XIX дынастыі. Пры ім Егіпет дасягнуў значнай магутнасці. Працягваў палітыку свайго бацькі Сеці I, аднавіў уладу Егіпта ў Палесціне. Ваяваў з хетамі (у выніку бітвы каля Кадэша спыніў далейшае прасоўванне хецкага войска), у 1278 да н.э. падпісаў з імі мірны дагавор, чым забяспечыў Егіпту на доўгі час стабільнасць. Перанёс сваю рэзідэнцыю з Фіваў у паўн.-ўсх. Дэльту, пабудаваў «Пер-Рамсес» («Дом Рамсеса», цяпер рыбацкае паселішча Сан-эль-Хагор у Егіпце). Вёў вял. буд-ва: храмы ў Абідасе, Фівах, пячорныя храмы Абу-Сімбел, прыбудовы да храмаў у Карнаку, Луксоры і інш.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 226—249.

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,

ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).

У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАДЗІ́ЛЫ (Crocodylia),

атрад паўзуноў падкл. архазаўраў. З сям. (алігатары: 4 роды, 8 відаў; гавіялы: 1 род, 1 від; сапраўдныя К.: 3 роды, 14 відаў). Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. У некат. краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. У Чырв. кнізе МСАП 19 відаў.

Даўж. 1,2—7 м. Галава прадаўгаватая, хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Найб. высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, зубы ў асобных ячэйках, мазжачок добра развіты. Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іншы раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы. Размнажаюцца яйцамі (20—100 шт.). Жывуць да 100 гадоў. Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін. Гл. таксама Кайманы.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІРАЛО́ГІЯ,

дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл. Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш. папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш. ант. аўтараў.

Літ.:

Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;

Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́НГЕ (Runge) Філіп Ота (23.7.1777, г. Вольгаст, Германія —2.12.1810),

нямецкі жывапісец, графік, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў рамантызму ў ням. жывапісе. Вучыўся ў Капенгагенскай (1799—1801) і Дрэздэнскай (1801—03) АМ. Ствараў алегарычна-сімвалічныя кампазіцыі («Поры дня», 1802—09), у якіх імкнуўся увасобіць думку пра містычную адухоўленасць прыроды, пра з’яднанне мастака-творцы са светам. У партрэтах спалучаў дакладнасць выяўлення натуры з глыбокай эмацыянальнасцю, схаванай пад знешняй сузіральнай адлучанасцю вобразаў: «Мы ўтраіх» (1805), «Партрэт дзяцей Хюльзенбек», «Мае бацькі», «Аўтапартрэт» (усе 1806). Аўтар кампазіцый на рэліг. тэму «Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Хрыстос на возеры» (абедзве 1806—07). Аўтар трактата «Кола колераў, або Канструкцыя адносін усіх фарбаў паміж сабой» (1810).

Тв.:

Рус. пер. — Из писем // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.

Літ.:

Betthausen P. Ph.O.Runge. Leipzig, 1980.

Ф.Рунге. Партрэт дзяцей Хюльзенбек. 1806.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ Галіна Валянцінаўна (н. 19.10.1969, Мінск),

бел. рэжысёр дакумент. кіно. Скончыла Бел. АМ (1994). З 1995 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Яе творчасці ўласцівы цікавасць да сац. праблематыкі, аналітычнасць у спалучэнні з вобразнымі маст. пошукамі. Зняла фільмы: «Палюбі мяне чорненькім» (1994, прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску), «Жаночае пытанне» (1995, дыплом Міжнар. кінафестывалю «Залаты Віцязь» у Мінску), «Канікулы для сіраты» (1998, дыплом Міжнар. кінафестывалю ў г. Піргас, Грэцыя), «Жылі-былі» (відэафільм, 2001; прызы міжнар. кінафестываляў у Слэцьёары, Румынія; кароткаметражных фільмаў у г. Ісмаілія, Егіпет; у г. Банска-Бістрыца, Славакія), «Геній месца» (2002). Фільмы «Музыка, дапамажы...» (відэафільм), «Фауст Арлена» (абодва 1996), «Гораду і свету» (1997), «На Беларусі Бог жыве...» (1999), «Кінарэжысёр Барыс Сцяпанаў» (абодва відэафільмы; 2002) прысвечаны дзеячам бел. культуры.

Г.​У.​Шур.

т. 18, кн. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ЧКІН Аляксандр Аркадзевіч (н. 15.7.1964, г. Львоў, Украіна),

бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту СССР (1989). Гуляў у клубах: СКА, Мінск (1984—90); ТУСЕМ, г. Эсен, Германія (1994—95); «Міндэн», г. Міндэн, Германія (1998—2001); «Кантабрыя», г. Сантандэр, Іспанія (2001—2002); з 2002 — «Філіпос», г. Верыя, Грэцыя. Чэмпіён свету сярод юніёраў (1985, Італія). Чэмпіён XXIV і XXVII Алімп. гульняў (1988, Сеул; 2000, г. Сідней, Аўстралія). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990, Чэхаславакія; 1999; Егіпет), чэмпіянату Еўропы (2000, Харватыя). Пераможца Гульняў добрай волі (1986, Масква; 1990, г. Сіэтл, ЗША). Чэмпіён СССР (1985, 1986, 1988, 1989). Уладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубка кубкаў (1988), Суперкубка (1989). Лепшы гулец чэмпіянату свету (1990). За нац. зборную каманду Беларусі правёў 10 гульняў, закінуў 48 мячоў.

А.​М.​Петрыкаў.

А.А.Тучкін.

т. 18, кн. 1, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́ГА,

1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.​Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.​Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля I-й сусв. вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.

2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).

Да арт. Аблога. «Аблога Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579». З гравюры С.​Пахалавіцкага.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВА Зінаіда Анатолеўна (н. 29.12.1913, С.-Пецярбург),

бел. і рус. балерына, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1933). У 1937—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова педагог арганізаванага ёю харэаграфічнага аддзялення Бел. тэатр. вучылішча (1939—41), педагог і маст. кіраўнік Бел. харэаграфічнага вучылішча (1945—49). З 1950 у т-рах оперы і балета Новасібірска і Адэсы, у 1962—65 педагог Каірскай балетнай школы (Егіпет). Першая выканала на бел. сцэне партыі Ванды («Салавей» М.​Крошнера), Адэты—Адыліі («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Каламбіны («Арлекінада» Р.​Дрыга), Лізы («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля). Творчая і пед. дзейнасць Васільевай зрабіла вял. ўплыў на развіццё бел. балета.

Літ.:

Модэль М. Зінаіда Васільева // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

А.​І.​Калядэнка.

Партрэт З.А.Васільевай. Мастак І.​В.​Ахрэмчык.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНО́БІЯ Септымія (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),

правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)