КЕФА́ЛЕВЫЯ (Mugilidae),

сямейства рыб атр. кефалепадобных. 15 родаў, больш за 100 відаў. Пашыраны ў марскіх, саланаватых і прэсных вадаёмах трапічных і ўмераных шырот, у т. л. ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным і Японскім морах. Трымаюцца каля берагоў невял. касякамі, спалоханыя часта выскакваюць з вады. Асн. прамысл. віды з роду Mugil: лабан (M. cephalus), сінгіль (M. auratus), вастранос (M. saliens).

Даўж. да 90 (звычайна 35—50) см, маса да 7 кг. Цела валькаватае, тулава і галава ўкрыты буйной луской. На спіне 2 плаўнікі. Рот маленькі, зубы дробныя або адсутнічаюць. Нерастуюць паблізу берагоў у вер.—кастрычніку. Ікра пелагічная. Для нагулу заходзяць у залівы, ліманы. Кормяцца дэтрытам, абрастаннямі, дробнымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу, спарт. лоўлі і развядзення.

Да арт. Кефалевыя. Кефалі: 1 — сінгіль; 2 — лабан; 3 — вастранос.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́РМА (ад італьян. firma подпіс),

агульная назва прадпрыемства, кампаніі, гасп. т-ва, камерцыйнай арг-цыі, якія карыстаюцца правам юрыд. асобы. Можа быць аб’яднаннем аднародных ці змешаных прадпрыемстваў. Адрозніваюць Ф.: афіліраваную — роднасную Ф., якая далучана да буйной кампаніі ў выглядзе філіяла (даччыная Ф.); брокерскую — пасрэдніцкую Ф., якая з камерцыйнымі мэтамі дзейнічае па даручэнні і за кошт кліентаў; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную Ф., якая фінансуе навук. даследаванні, інж. распрацоўкі; інвестыцыйную — займаецца інвесціраваннем і аперацыямі з каштоўнымі паперамі; інжынірынгавую — спецыялізуецца на інж.-кансультацыйных паслугах; інавацыйную — ствараецца для выпрацоўкі новых тэхналогій на базе вынікаў н.-д. работ Ф. і становіцца яе саўладальнікам; кансалцінгавую — кансультацыі ў розных сферах; вытворчую — займаецца вырабам канкрэтнай прадукцыі; гандлёвую — займаецца гандл.-пасрэдніцкай дзейнасцю; рыэлтарскую — займаецца аперацыямі ў сферы нерухомасці.

т. 16, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛЕ́РСКАЯ ПАРО́ДА, ангельнская парода буйной рагатай жывёлы,

парода малочнага кірунку. Выведзена ў 16 ст. ў Германіі на п-ве Ангельн на аснове мясцовай бура-чырвонай жывёлы. Гадуюць у многіх краінах Еўропы. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях пры вывядзенні і ўдасканаленні чырвоных парод жывёлы. За апошнія 10—15 гадоў дзякуючы селекцыі англерская парода набыла і добрыя мясныя якасці.

Жывёла з моцнай канстытуцыяй, лёгкім касцяком, добра развітым вымем. Масць чырвоная рознага адцення (ад светлага да цёмнага). Жывая маса дарослых кароў 500—580, быкоў 850—1000 кг. Парода познаспелая, інтэнсіўнасць росту невысокая. Надой кароў за лактацыю 4460—4900 кг пры сярэдняй тлустасці малака 4,6—5%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Забойны выхад у кароў 49% і больш, у быкоў на адкорме — 58%.

М.​Ц.​Міхедаў.

Карова англерскай пароды.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.

Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).

Карова галандскай пароды.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,

феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.

Літ.:

Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ РУХО́МАЙ ПРЫ́НЦЫП у біялогіі,

вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.​Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАБАТАРО́Ў Раман Сямёнавіч (15.10.1905, в. Старынка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 20.5.1981),

бел. вучоны ў галіне паразіталогіі. Акад. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959), д-р вет. н., праф. (1944). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1929). З 1935 у ВНУ Кіева, Свярдлоўска, Львова. У 1959—68 дырэктар Бел. н.-д. вет. ін-та. Навук. працы па біялогіі ўзбуджальнікаў і пераносчыкаў паразітозаў, гісторыі мед. і вет. паразіталогіі. Распрацаваў методыку вывучэння паразіталагічнай сітуацыі, прапанаваў сістэму мерапрыемстваў па барацьбе з паразітамі с.-г. жывёл і чалавека.

Тв.:

Паразітарныя захворванні буйной і дробнай рагатай жывёлы. Мн., 1932;

Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии (с древнейших времен до конца XIX в.). Мн., 1965;

Справочник по ветеринарной и медицинской паразитологии. Мн., 1971;

Борьба с паразитозами сельскохозяйственных животных. Мн., 1972.

Р.С.Чабатароў.

т. 17, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ КАМІТЭ́Т НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (ПКНВ),

часовы орган улады на тэр. Польшчы, якая была занята сав. войскамі ў 1944. Створаны 21.7.1944 пасля перагавораў у Маскве прадстаўнікоў Краёвай Рады Нарадовай (КРН) з сав. урадам. Старшыня ПКНВ — Э.​Асубка-Мараўскі, намеснікі — В.Л.Васілеўская і А.​Вітас. Уключаў членаў Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі і інш. левых партый. 22.7.1944 у г. Хэлм быў выдадзены маніфест ПКНВ, які абвясціў Польскі ўрад у эміграцыі самачынным, а адзінай легальнай крыніцай улады ў Польшчы — КРН, якая дзейнічала на аснове канстытуцыі 1921. У далейшым знаходзіўся ў г. Люблін. 26.7.1944 падпісаў з сав. урадам пагадненне аб прызнанні сав.-польскай мяжы паводле «Керзана лініі». 1.8.1944 сав. ўрад прызнаў ПКНВ як адзіны афіц. ўрад Польшчы. У вер. 1944 ПКНВ абвясціў аб правядзенні аграрнай рэформы і нацыяналізацыю буйной прам-сці. 31.12.1944 ператвораны ў часовы ўрад Польскай Рэспублікі.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ШЭР (Vischer),

сям’я нямецкіх майстроў бронз. і латуннага ліцця. Працавалі ў 15—16 ст. у г. Нюрнберг. Майстэрня Ф. засн. ў 1453 Германам Ф. Старэйшым (?—1488); вырабляла пераважна надмагільныя дошкі, саркафагі, панікадзілы, купелі і інш. Петэр Ф. Старэйшы (каля 1460—7.1.1529), сын Германа. Пашырыў майстэрню, зрабіў яе самай буйной у Германіі. Выканаў статуі каралёў Артура і Тэадорыха для кенатафа імператара Максіміляна I (1513, Хофкірхе, г. Інсбрук, Аўстрыя); мадэлі выраблялі з дрэва спец. скульптары-разьбяры. Пашырэнню ў ням. пластыцы рэнесансавых маст. прынцыпаў спрыялі сыны Петэра: Герман Ф. Малодшы (каля 1486—1516), Петэр Ф. Малодшы (1487—1528), Ганс Ф. (каля 1489—1550); таксама скульптары і ліцейшчыкі. Петэр Ф. Малодшы ўпершыню ў Германіі ўвёў італьян. тэхніку ліцця па васковых мадэлях, выканаў фігурныя ўпрыгожанні ракі св. Зебальда (1508—19, Зебальдускірхе).

Літ.:

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУГА́ТА (італьян. fugato літар. — накшталт фугі),

форма поліфанічнай музыкі, блізкая да фугі, але без устойлівай рэпрызы. Звычайна раздзел буйной муз. формы. Для Ф. характэрна выкладанне тэмы па тыпу экспазіцыі фугі або на аснове імітацыйнага ўступлення галасоў, дынамічнае развіццё, паступовае ўшчыльненне поліфанічнай фактуры.

У 18—19 ст. Ф. выкарыстоўвалі як сродак выкладання муз. тэмы і яе развіцця, ва ўступах і заключных частках. У 19 ст. развівалася на аснове класічных традыцый, аднак набыла новую трактоўку і вобразны сэнс (І.​Брамс, М.​Глінка, Ф.​Ліст, С.​Танееў, Ф.​Шуберт і ІНШ.). У 20 ст. пашырана ў творах М.​Мяскоўскага, С.​Рахманінава, П.​Хіндэміта, Дз.​Шастаковіча, Р.​Штрауса і інш.

У бел. музыцы выкарыстана ў творах М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, Я.​Глебава і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Фуга.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)