КЕФА́ЛЕВЫЯ (Mugilidae),

сямейства рыб атр. кефалепадобных. 15 родаў, больш за 100 відаў. Пашыраны ў марскіх, саланаватых і прэсных вадаёмах трапічных і ўмераных шырот, у т. л. ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным і Японскім морах. Трымаюцца каля берагоў невял. касякамі, спалоханыя часта выскакваюць з вады. Асн. прамысл. віды з роду Mugil: лабан (M. cephalus), сінгіль (M. auratus), вастранос (M. saliens).

Даўж. да 90 (звычайна 35—50) см, маса да 7 кг. Цела валькаватае, тулава і галава ўкрыты буйной луской. На спіне 2 плаўнікі. Рот маленькі, зубы дробныя або адсутнічаюць. Нерастуюць паблізу берагоў у вер.—кастрычніку. Ікра пелагічная. Для нагулу заходзяць у залівы, ліманы. Кормяцца дэтрытам, абрастаннямі, дробнымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу, спарт. лоўлі і развядзення.

Да арт Кефалевыя. Кефалі: 1 — сінгіль; 2 — лабан; 3 — вастранос.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)