ФІ́РМА (ад італьян. firma подпіс),
агульная назва прадпрыемства, кампаніі, гасп. т-ва, камерцыйнай арг-цыі, якія карыстаюцца правам юрыд. асобы. Можа быць аб’яднаннем аднародных ці змешаных прадпрыемстваў. Адрозніваюць Ф.: афіліраваную — роднасную Ф., якая далучана да буйной кампаніі ў выглядзе філіяла (даччыная Ф.); брокерскую — пасрэдніцкую Ф., якая з камерцыйнымі мэтамі дзейнічае па даручэнні і за кошт кліентаў; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную Ф., якая фінансуе навук. даследаванні, інж. распрацоўкі; інвестыцыйную — займаецца інвесціраваннем і аперацыямі з каштоўнымі паперамі; інжынірынгавую — спецыялізуецца на інж.-кансультацыйных паслугах; інавацыйную — ствараецца для выпрацоўкі новых тэхналогій на базе вынікаў н.-д. работ Ф. і становіцца яе саўладальнікам; кансалцінгавую — кансультацыі ў розных сферах; вытворчую — займаецца вырабам канкрэтнай прадукцыі; гандлёвую — займаецца гандл.-пасрэдніцкай дзейнасцю; рыэлтарскую — займаецца аперацыямі ў сферы нерухомасці.
т. 16, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)